Пчолцы Маі споўнілася 100 гадоў
16 траўня 2012
У тыя часы дзіцячымі праграмамі на ZDF кіраваў Ёзэф Гёлен. Але ён і не думаў прыдумляць новага моднага персанажа, а проста “ажывіў” гераіню сваёй улюбёнай дзіцячай кніжкі “Прыгоды пчолкі Маі” Вальдэмара Бонзэльса, упершыню апублікаванай у 1912 годзе. Тады, у пачатку XX стагоддзя, казачная пчала ператварыла Бонзэльса з багемнага няўдачніка ў паспяховага пісьменніка.
Вальдэмар Бонзэльс нарадзіўся ў сям'і буржуа “вільгельмаўскай эпохі”. Яго бацька быў аптэкарам і дантыстам, а вось з юнага Вальдэмара перспектыўнага вучня не атрымалася. Ён кінуў школу і вывучыўся на гандляра, але свая справа ў яго не пайшла. Тады малады чалавек кінуў усё і выправіўся з базельскім місіянерамі ва Усходнюю Індыю, але і тут здолеў пасварыцца з усімі. Кніжку пра пчалу Маю ён пісаў у цяжкім эмацыйным стане: свет вакол і ўнутры яго быў разбураны.
“Прыгоды пчолкі Маі” выйшлі з падзагалоўкам “Раман для дзяцей”. Але ў прадмове Бонзэльс казаў зусім не пра нястомную працавітасць, так уласцівую пчолам, а пра ўласны крызіс. Яго пчала нарадзілася ў часы ўнутраных хваляванняў: вулей падзяляецца на дзве калоніі, і пчала спрабуе пабудаваць адносіны з новай супольнасцю. У адрозненне ад супляменніц, Мая не хоча працаваць у сотах, не жадае прысвячаць жыццё агульнай справе і ляціць, каб паглядзець свет.
Дзіцячы раман стаў бэстсэлерам сярод салдат падчас Першай сусветнай вайны. Але не таму, што франтавікі марылі збегчы з поля бою на ідылічную кветкавую паляну — наадварот, раман Бонзэльса цалкам баявы. Пчала Мая выкрывае план нападу шэршняў на родны вулей і папярэджвае іншых пчол. “Я хачу памерці за цябе!” — мармыча Мая сваёй царыцы, дрыжучы ад страху перад Яе Вялікасцю. Вось так дзіцячая кніжка ператварылася з аповеду для дзяцей у оду нямецкаму нацыяналізму.
Не дзіва, што Мая, гатовая скласці галаву за бацькаўшчыну, адрозніваецца ад сваёй мультыплікацыйнай інтэрпрэтацыі. Хоць і экранная пчолка — персанаж неадназначны. Бо пад маскай лагоднага жоўта-чорнай кузуркі адгадваецца сатыра на чалавека і яго сацыяльныя праблемы.