№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу "Экслібрыс"

15 чэрвеня 2012

Адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу
Урачыстасць прайшла ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, вядоўцамі вечарыны былі кіраўнікі двух літаратурных аб’яднанняў Беларусі: старшыня Рады СБП Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч, які ўзначальвае беларускі ПЭН-цэнтр. Калі для ПЭНа правядзенне конкурсаў маладых літаратараў — ужо традыцыя, то для СБП гэты быў першы досвед. Удзел у імпрэзе таксама ўзялі сябры журы Віктар Жыбуль, Людміла Рублеўская і, натуральна, дыпламанты “Экслібрыса”.



Адкрываючы вечарыну, Барыс Пятровіч расказаў, што конкурс быў задуманы як стартавая пляцоўка для Школы маладых літаратараў, якую плануе адкрыць СБП неўзабаве. Лекцыі ў школе будуць чытаць адмыслоўцы ў літаратуразнаўстве, філалогіі, журналістыцы, майстар-класы для навучэнцаў правядуць літаратары старэйшага пакалення. Барыс Пятровіч выказаў спадзеў, што конкурс “Экслібрыс” зробіцца традыцыйным, і крыху расказаў пра тое, як вялася праца журы. На падрыхтоўчым этапе кожны твор, які ўдзельнічаў у конкурсе, атрымаў свой шыфр, і сябры журы Эдуард Акулін, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч ацэньвалі тэксты, не ведаючы, хто стаіць за імі. Імёны былі названыя аргкамітэтам конкурсу толькі пасля таго, як суддзі аддалі свае галасы за тыя ці іншыя працы.



Не абышлося і без містыфікацый, пра што расказаў Андрэй Хадановіч. Некаторыя ўзялі ўдзел у конкурсе пад псеўданімамі, знайшліся і такія, што не пажадалі іх раскрыць.

Былі для сябраў журы і неспадзяванкі. Так, пад псеўданімам Вера Стромава ў пераможцы конкурсу выйшла Юлія Цімафеева, больш вядомая як перакладчык. Перамогу ёй прынесла апавяданне, якое, паводле яе прызнання, было яе першым досведам у прозе. Абсалютным пераможцам конкурсу стала перакладчыца і паэтка Алеся Башарымава, якая набрала максімальную колькасць галасоў пераклад са шведскай мовы першых раздзелаў кнігі “Белы каменьчык” Гунэль Ліндэ. За пераклад Алесі свае галасы аддалі ўсе сябры журы.



Сярод пераможцаў і фіналістаў конкурсу — як ужо вядомыя ў літаратурных колах імёны, напрыклад, Антон Рудак, Ганна Янкута, Алена Беланожка, Павел Капанскі ды інш., так і новыя для сяброў журы імёны (Антось Уласенка, Алесь Яшчанка).

Пры канцы вечарыны адбыўся канцэрт спявачкі Паліны Рэспублікі.

Яшчэ раз нагадаем імёны канкурсантаў, адзначаных журы:

Пераможцы:

Алеся Башарымава (пераклад)
Алесь Замкоўскі (вершы)
Антон Рудак (вершы)
Вера Стромава (проза)
Ганна Янкута (пераклад)


Фіналісты:

Алена Беланожка (проза, вершы)
Андрэй Вылінскі (пераклад)
Наста Грышчук (вершы)
Аляксандра Дварэцкая (проза)
Алесь Емяльянаў (вершы)
Сяргей Календа (проза)
Сяржук Камель (вершы)
Павел Капанскі (проза)
Андрэй Касцюкевіч (пераклад)
Віктар Мельнікаў (вершы)
Павел Надольскі (вершы)
Аня Рудак (вершы)
Антось Уласенка (проза)
Алена Хрышчановіч (вершы)
Алесь Яшчанка (проза, вершы, пераклад)

Заахвочвальны дыплом:
Раман Абрамчук (вершы)
Аляксандр Апон (проза)
Зміцер Баяровіч (проза, вершы)
Сяргей Белаяр (проза)
Наталля Бойка (пераклад)
Валярына (вершы)
Марына Варабей (вершы)
Дар’я Вашкевіч (проза, пераклад)
Сандра Вецер (вершы)
Ганна Воранава (вершы)
Ганна Гараніна (вершы, пераклад)
Марыя Лапо (проза)
Дар’я Латышава (вершы)
Воля Чайкоўская (вершы)
Наталля Ярмольчык (проза)

Конкурс “Экслібрыс” арганізатары прысвяцілі класікам беларускай літаратуры, юбілеі якіх адзначаюць сёлета: Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову.

Чытайце таксама

656