№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Андрэй Хадановіч: Мы дагэтуль маем эйфарычны час для паэзіі

22 чэрвеня 2012

Андрэй Хадановіч: Мы дагэтуль маем эйфарычны час для паэзіі
Еўрарадыё: Прэмія Збігнева Даміняка даецца перакладчыкам польскай літаратуры на розныя славянскія мовы. За што Вы атрымалі гэтую прэмію?

— Цяжка сказаць. Лепей спытаць пра гэта ў арганізатараў і журы прэміі. Але ў мяне ёсць канспіралагічная версія, што прэмію я атрымаў як бы наўздагон году Чэслава Мілаша. Гэта была адметная падзея не толькі ў Польшчы, але і ва ўсіх краінах: цэлая жменя выбітных фестываляў, выданне кніг у дзясятках краін, новыя пераклады… Ну і чаго хаваць, ваш пакорны слуга таксама ў Беларусі спрычыніўся да святкавання штогадовага юбілею Мілаша. Так ці інакш штосьці сам перакладаў, штосьці рэдагаваў, штосьці арганізоўваў: прысвечаны Мілашу фестываль, чатырохтомнік, аўдыёкніга, дзе я свае пераклады дэкламую разам з цудоўнымі музыкамі з “Рацыянальнай дыеты”. Не ведаю, ці сур’ёзныя гэта заслугі, бо для мяне гэта было радасцю і ў чымсьці абсалютна бескарысным навучаннем. Мілаш — аўтар, якога з зялёнага юнацтва я вельмі моцна і шчыра люблю, гэта першы аўтар, якога я спрабаваў перакладаць на беларускую. Так што, думаю, што гэта прывітанне ад Чэслава Мілаша.

— А цяжка перакладаць Мілаша?

— Мілаш — аўтар складаны для беларусаў праз тое, што, перакладаючы яго, шмат хто выкарыстоўвае фальшывыя стратэгіі перакладу, як на мяне. Гэта аўтар, які вельмі тонка, эквілібрыстычна балансуе паміж супрацьлегласцямі — паэзіяй і прозай. Перакладаючы Мілаша, ты не можаш ператварыць яго ў зусім паэзію, бо ён сам бы паморшчыўся (ён любіў такі празаізаваны, шурпаты верш, на якім спатыкаешся), але гэты верш яшчэ не робіцца верлібрам. Ён вельмі рытмічны, толькі рытм гэты схаваны. Яго часам называюць польскім гекзаметрам. Мне спатрэбілася шмат гадоў, каб навучыцца гэты рытм перадаваць. А з іншага боку, Мілаш балансуе паміж інтэлектуалізмам — калі вобраз густы, насычаны — і, ведаеце, амаль фізіялагічным, цялесным адчуваннем свету. І вось гэты момант цялеснасці, фізіялагічнасці, максімальнай адкрытасці і шчырасці таксама не варта губляць. Так што я нібыта элементарныя рэчы перакладаў, але пры гэтым часам адно слова 50 разоў памяняеш на нейкі сінонім, потым 50 разоў назад. Я так да канца і не ўпэўнены, ці слушна зрабіў.

— Ці не падаецца Вам, што беларуская паэзія цяпер перажывае тое самае, што польская паэзія перажывала ў часы Чэслава Мілаша?

— У мяне ёсць пэўныя адчуванні, паспрабую іх падагульніць. Пачынаючы з 90-х мы дагэтуль маем досыць эйфарычны час для паэзіі. Банальна кажучы, у нас у краіне паэзію слухаюць яшчэ не толькі паэты і ўніверсітэцкія прафесары. Якраз-такі ўніверсітэцкія прафесары, можа, у меншай ступені ў нас слухаюць паэзію. Тое, што ў Заходняй Еўропе даўно зрабілася рэчывам для абраных адзінак, у нас яшчэ застаецца чымсьці важным, што чапляе людзей за жывое. Беларускі паэт мае шырэйшую аўдыторыю, мае публіку, мае адчуванне нейкай значнасці, нават у сваёй маргінальнасці і часам забароненасці. Думаю, палякі такое мелі ў часы Салідарнасці. А сёння ў сваім рынкавым грамадстве (і добра, што яно ў Польшчы будуецца) паэты часам з настальгіяй згадваюць баявую маладосць тых часоў. Гэта раз. Па-другое, мне здаецца, што беларуская паэзія перажывае бум, але не ўсялякая, а паэзія тых, хто крышачку маладзейшы за мяне. Мне вельмі падабаецца, што робяць 22-30-гадовыя ў беларускай літаратуры. Мне здаецца, што гэта цуд. Гэтых людзей можна доўга пералічваць, пачынаючы ад Віктара Жыбуля і Веры Бурлак, праз Вальжыну Морт і Марыйку Мартысевіч, да Віталя Рыжкова, Андрэя Адамовіча, Антона Рудака, Уладзя Лянкевіча і многіх-многіх іншых — гэта такое шчыльнае і густа населенае талентамі маладое пакаленне, якое супастаўнае з той плеядай… Няўдзячная роля — параўноўваць набелістаў, жывых і мёртвых класікаў з зусім маладымі аўтарамі, але, тым не менш, штосьці агульнае я бачу. Калісьці на польскім Алімпе суседнічалі, канкуравалі, цяснілі адно аднаго па-добраму, спрачаліся, сябравалі Мілаш, Герберт, Шымборска, Ружэвіч (апошні жывы з гэтай кампаніі, дай яму Бог здароўя). Іх падпіралі крышачку маладзейшыя калегі. Мне згадваецца гісторыя з Данііла Хармса. Сядзіць Лермантаў і думае: “Ну ладна, Пушкін геній, ладна, я геній, але ж і Гогаль геній, і Чэхаў, халера, геній, і Талстой геній, і Дастаеўскі… Госпадзе, калі гэта скончыцца?!” Тут усё і скончылася.

— Вы — першы намінант з Беларусі?

— Я не першы намінант. Мне вельмі прыемна, што я трапіў у добрую кампанію правераных, заслужаных перакладчыкаў польскай паэзіі на родную мову. Магу згадаць чэшскага паэта-перакладчыка Вацлава Бур’яна, які быў некалькі гадоў таму лаўрэатам. Або цудоўны тандэм рускіх перакладчыкаў: Наталья Астаф’ева і Уладзімір Брытанішскі. Гэта праўда калі не геніяльныя, то вельмі добрыя перакладчыкі. Вельмі прэстыжна, вельмі ганарова знаходзіцца з імі ў адной кампаніі. У гэтым сэнсе моманту прафанацыі прэміі няма ніякага. Хутчэй мой удзел выглядае спрэчным, бо я яшчэ цешу сябе надзеяй, што найбольшую колькасць перакладаў зраблю ў будучыні, і ў гэтым прысуджэнні прэміі элемент авансу ёсць. Але я вельмі ўдзячны, што ў нас сяброўства з палякамі і з польскай паэзіяй узаемнае. Што ім прыемна і яны як нармальная краіна (нашым бы чыноўнікам ад літаратуры задумацца!) робяць усё дзеля папулярызацыі ўласнай культуры. У тым ліку стымулюючы замежных перакладчыкаў, каб яны і далей з энтузіязмам іх перакладалі. Калі ў нас гэта зразумеюць, можа, беларускіх аўтараў будуць пазнаваць і ведаць у свеце.

Чытайце таксама

444