№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Раман Фолкнэра надрукавалі рознакаляровым атрамантам

9 ліпеня 2012

Раман Фолкнэра надрукавалі рознакаляровым атрамантам
“Гоман і ятра”, упершыню апублікаваны ў 1929 годзе, — адзін з самых складаных для ўспрымання твораў Фолкнэра, паколькі апавяданне ў ім развіваецца непаслядоўна. З аднаго боку, аповяд вядзецца ад асобы некалькіх герояў, з другога боку, пастаянна парушаецца часовая паслядоўнасць падзеяў — аўтар пераскоквае з гэтага часу на мінулае, апісваючы адны і тыя ж эпізоды з розных пунктаў гледжання.

Асабліва цяжкай лічыцца тая частка, дзе апавяданне вядзецца ад асобы малодшага сына сямейства Бенджы, які пакутуе на алігафрэнію. Ўільям Фолкнэр, які лічыў “Гоман і ятру” найлепшым сваім раманам, хацеў, каб гэтая частка была надрукаваная чарніламі розных колераў, якія б вылучалі розныя часавыя ўзроўні. На думку Фолкнэра, гэта б значна палегчыла чытанне, аднак пры першай публікацыі кнігі было вырашана выкарыстоўваць курсіў, каб аддзяліць адзін час ад іншага, і гэта апынулася не вельмі эфектыўна.

The Folio Society рыхтавала публікацыю з двума спецыялістамі па Фолкнэру, якія ў першай частцы знайшлі 14 розных часовых адрэзкаў, што ляжаць у прамежку паміж 1900 і 1929 гадамі. У выніку выдавецкі дом выкарыстаў 14 фарбаў — адна частка тэксту атрымалася сіняй, іншая — зялёнай і г.д. Першапачаткова выдавецтва хацела, каб такім чынам былі надрукаваныя ўсе чатыры часткі, аднак фолкнэразнаўцы адмовіліся ад гэтай ідэі, паколькі не змаглі зразумець некаторыя нюансы ў рамане і дакладна вызначыць час дзеяння.

Новае выданне выйшла накладам у 1480 асобнікаў; кожны вартасцю ў 345 даляраў. Выхад кнігі з рознакаляровым друкам прымеркаваны да пяцідзесяцігоддзе з моманту смерці Фолкнэра, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1949).

На беларускую раман “Гоман і ятра” пераклаў Ян Максімюк.

Чытайце таксама

533