№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 студзеня

  • 1767

    Нарадзілася Марыя Эджварт (анг. Maria Edgeworth, памерла 22 траўня 1849), ангельская (ірландская) пісьменніца, эсэістка, публіцыстка. Яе раман “Замак Рэкрэнт” (Castle Rackrent, 1800) стаў першым у Еўропе гістарычным і першым у Вялікабрытаніі рэгіянальным раманам, атрымаў высокую ацэнку Вальтэра Скота, з якім пісьменніца вяла шматгадовае ліставанне. Таксама пісала раманы пра жыццё сучаснага ёй ангельскага грамадства і маралістычныя гісторыі для дзяцей.

  • 1818

    Выйшла першае выданне рамана Мэры Шэлі “Франкенштэйн, або Сучасны Праметэй” (Frankenstein; or, The Modern Prometheus). Раман выйшаў без указання аўтара, з прадмовай Персі Шэлі і прысвячэннем філосафу Ўільяму Годвіну, бацьку Мэры.

  • 1823

    Нарадзіўся Шандар Пецёфі (венг. Sándor Petőfi, сапр. Аляксандр Петравіч; памёр 31 ліпеня 1849), нацыянальны паэт Венгрыі, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыі 1848—1849 гг. у Венгрыі. Лічыцца заснавальнікам новай венгерскай паэзіі. Шматлікія яго вершы ператварыліся ў “народныя” песні. Пецёфі загінуў у сутычцы з казакамі царскай арміі Паскевіча пад Шэгешварам (цяпер — румынская Сігішаара), аднак дакладных звестак пра яго смерць няма (толькі запіс у дзённіку рускага палявога доктара), а таму існуе версія, што паэта ўзялі ў палон, і ён памёр у рускім палоне ў Сібіры — зрэшты, пакуль гэтая версія таксама не мае доказаў.

  • 1879

    Нарадзіўся Эдвард Морган Форстэр (анг. Edward Morgan Forster, памёр 7 чэрвеня 1970), ангельскі пісьменнік. Аўтар раманаў "Куды баяцца ступіць анёлы" (Where Angels Fear to Tread, 1905), "Ховардс Энд" (Howards End, 1910), "Морыс" (Maurice, 1913—1914, згодна з воляй аўтара надрукаваны ў 1971) і іншых. Менавіта Форстэр пазнаёміў еўрапейскіх чытачоў з паэзіяй Канстацінаса Кавафіса, пераклаўшы яго вершы на ангельскую мову.

  • 1881

    Доктар Ўотсан знаёміцца з Шэрлакам Холмсам у хімічнай лабараторыі пры бальніцы Святога Варфаламея ў Лондане.

  • 1919

    Нарадзіўся Джэром Дэвід Сэлінджэр (анг. J. D. Salinger, памёр 27 студзеня 2010), амерыканскі пісьменнік, аўтар знакамітага рамана “Лавец у жыце” (The Catcher in the Rye, 1951). Вядомасць Сэлінджэру прынесла апавяданне “Цудоўны дзень для рыбкі-бананкі” (A Perfect Day for Bananafish) у 1948 годзе. Акрамя таго, ён аўтар некалькіх зборнікаў апавяданняў, у тым ліку “Фрэні і Зуі” (Franny and Zooey), “Вышэй кроквы, цесляры” (Raise High the Roof Beam, Carpenters), “Дзевяць апавяданняў” (Nine Stories). Пасля таго як раман “Лавец у жыце” набыў шырокую папулярнасць, Сэлінджэр пачаў весці жыццё самотніка, не з’яўляўся на публіцы, адмаўляўся даваць інтэрв’ю. Творы Сэлінджэра на беларускую мову перакладалі П. Марціновіч (“Гэпварт, 16, 1924”, “Крыніца”, 1996, № 3), І. Бабкоў (“Час бананавых рыбак”), А. Арцёмаў (“Раз на тыдзень — гэта не смяротна”).

  • 1919

    Нарадзіўся Данііл Гранін (руск. Даниил Гранин), рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, уладальнік шматлікіх савецкіх і расійскіх прэмій. Асноўны кірунак і тэма твораў Граніна — рэалізм і паэзія навукова-тэхнічнай творчасці. Суаўтар Алеся Адамовіча па “Блакаднай кнізе”.

  • 1928

    Нарадзіўся Карлас Бараль (гішп. Carlos Barral, памёр 12 снежня 1989), гішпанскі паэт і выдавец, які лічыцца адным з найбуйнейшых паэтаў так званага "пакалення 50-х". Найбольш вядомыя яго паэтычныя зборнікі “19 гісторый пра маю грамадзянскую вайну” (19 historias de mi guerra civil) і “Урокі пра рэчы” (Lecciones de cosas), а таксама трохтомныя мемуары. Адзін з пачынальнікаў лацінаамерыканскага літаратурнага буму.

  • 1996

    Памёр Элі Шэхтман (ідыш עלי שעכטמאַן, нар. 8 верасня 1908), габрэйскі празаік украінскага паходжання, пісаў на ідышы. Лаўрэат літаратурнай прэміі Ізраіля “За літаратурную творчасць на ідышы” (1973). Самы вядомы яго твор — эпічны раман “Наконадні” (1962—1983).