Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Алішэр Наваі (фарсі علیشیر نوایی, сапр. Нізамадзін Мір Алішэр; нар. 9 лютага 1441), выбітны паэт Усходу, філосаф, грамадскі дзеяч. Пад псеўданімам Фані пісаў на мове фарсі, аднак галоўныя свае творы напісаў пад псеўданімам Наваі на літаратурнай чагатайскай (стараўзбекскай) мове. Яго творчасць моцна паўплывала на росквіт літаратуры на цюркскіх мовах, асабліва чагатайскай і затым узбекскай. На беларускую мову вершы Алішэра Наваі перакладаў Васіль Жуковіч.
Нарадзіўся Джон Роналд Руэл Толкін (анг. John Ronald Reuel Tolkien, памёр 2 верасня 1973), брытанскі пісьменнік і мовазнаўца. Аўтар знакамітай трылогіі “Уладар пярсцёнкаў”, казкі “Хобіт” і іншых твораў пра Сярэдзінныя Землі. На беларускую мову перакладзеная трылогія “Уладар Пярсцёнкаў” (Дзмітрый Магілёўцаў і Крысціна Курчанкова), казкі “Хобіт” (Дзмітрый Магілёўцаў і Крысціна Курчанкова) і “Каваль з Вялікага Вутану” (Антон Францішак Брыль), а таксама апавяданне “Ліст Нігла” (Ігар Кулікоў).
Памёр Яраслаў Гашак (чэшск. Jaroslav Hašek, нар. 30 красавіка 1883), чэшскі пісьменнік-сатырык, драматург. Аўтар прыкладна 1500 разнастайных апавяданняў, фельетонаў і інш. Сусветную славу Я. Гашак атрымаў дзякуючы няскончанаму раману “Прыгоды бравага салдата Швейка”. Першае беларускае выданне “Швейка” з’явілася ў 1931—1932 гадах, перакладчыкамі выступілі М. Зарэцкi, М. Лужанiн, К. Крапiва, Л. Калюга (праўда, пераклад быў зроблены з рускай). У 1998 годзе выйшаў новы пераклад “Прыгодаў Швейка”, выкананы Аляксандрам Мажэйкам.
Нарадзіўся Мікалай Рубцоў (руск. Николай Рубцов, загінуў 19 студзеня 1971), рускі паэт. Аўтар каля дзясятка зборнікаў вершаў. Асаблівай вядомасцю карыстаюцца песні на яго словы “В горнице моей светло”, “Я буду долго гнать велосипед”, “В минуты музыки печальной”, “Улетели листья”.
Памёр Юргіс Балтрушайціс (літ. Jurgis Baltrušaitis, нар. 20 красавіка 1873), рускі і літоўскі паэт-сімваліст, перакладчык і дыпламат. Пісаў па-руску і па-літоўску. Зрабіў значны ўнёсак у мастацкі пераклад.
Памёр Альфрэд Маргул-Шпэрбер (ням. Alfred Margul-Sperber, нар. 23 верасня 1898), найбуйнейшы нямецкамоўны паэт Румыніі. Нарадзіўся ў мястэчку Старажынец на Букавіне. Рэдактар часопіса Czernowitzer Morgenblatt. У 1940 годзе, пасля далучэння Паўночнай Букавіны да СССР, бяжыць у Бухарэст. Ад дэпартацыі яго ратуюць сябры, а аўстрыйскі паэт і сябра Нацысцкай партыі Ёзэф Вайнхебер заяўляе, што “лепш за ўсіх па-нямецку цяпер піша ўсходнееўрапейскі габрэй Маргул-Шпэрбер”. Пасля самагубства Вайнхебера ў красавіку 1945 Маргул-Шпэрбер піша верш, прысвечаны яго памяці, пад назвай “Зорка ў віне” (Stern in Wein). Памёр у Бухарэсце.
Памерла Роза Аўслендэр (ням. Rose Ausländer, сапр. Разалія Шэрцэр; нар. 11 траўня 1901), нямецкамоўная паэтка габрэйскага паходжання, якая пісала таксама па-ангельску. Нарадзілася ў Чарнаўцах на Букавіне. Экспрэсіўная паэзія Р. Аўслендэр блізкая паэтыцы Паўля Цэлана і Нэлі Закс.