№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 7 студзеня

  • 1715

    Памёр Франсуа Фенелон (фр. François de Salignac de la Mothe-Fénelon, нар. 6 жніўня 1651), французскі пісьменнік, тэолаг. Яго раман “Прыгоды Тэлемаха, сына Адысея” (Les aventures de Télémaque, fils d’Ulysse, 1699) зазнаў шырокі поспех у XVIII ст., быў перакладзены на ўсе еўрапейскія мовы, у тым ліку на рускую. В. Традзьякоўскі зрабіў пералажэнне рамана гекзаметрам, назваўшы яго “Тэлемахіда”. Знакамітае апісанне Кербера – “чудище обло, озорно, огромно, стозевно и лаяй” – адтуль (цытата прыведзеная ў рэдакцыі А. Радзішчава).

  • 1758

    Памёр Алан Рэмсі (анг. Allan Ramsay, нар. 15 кастрычніка 1686), шатландскі паэт, знакаміты папярэднік Бэрнса і Фэргюсана. Пісаў на скотсе. Пачынальнік “шатландскага адраджэння” XVIII ст.

  • 1873

    Нарадзіўся Шарль Пэгі (фр. Charles Péguy, загінуў 5 верасня 1914 у бітве на Марне), французскі паэт, драматург, публіцыст, эсэіст і рэдактар. У час Другой сусветнай вайны імя Пэгі зрабілася свайго кшталту вымоўным – як імя патрыёта, які аддаў жыццё за радзіму. Жан Както, характарызуючы Францыю як краіну, якая заўсёды пагарджала тымі, хто з’яўляецца яе гонарам, пісаў: “Бедны Пэгі! Я вельмі яго любіў. Ён быў анархістам. Што б ён сказаў, дазнаўшыся, як выкарыстоўваецца ягонае імя?” (“Цяжар быцця”).

  • 1891

    Нарадзілася Зора Ніл Хёрстан (анг. Zora Neale Hurston, памерла 28 студзеня 1960), афраамерыканская пісьменніца, фалькларыстка, антраполаг. Яе творчы росквіт прыпаў на часы Гарлемскага рэнесансу (Harlem Renaissance). Найбольш вядомым яе творам з’яўляецца раман “Іх вочы бачылі Бога” (Their Eyes Were Watching God, 1937), экранізаваны ў 2005 г.

  • 1906

    Нарадзіўся Антанас Венцлава (літ. Antanas Venclova; памёр 28 чэрвеня 1971), літоўскі паэт, празаік, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Пераклаў “Яўгенія Анегіна” А. Пушкіна, “Гарганцюа і Пантагруэля” Ф. Рабле і інш. З беларускіх аўтараў перакладаў найперш Я. Купалу.

  • 1964

    Памёр Янка Журба (сапр. Іван Івашын; нар. 30 красавіка 1881), беларускі паэт, педагог, перакладчык. Пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага “Бедныя людзі” (1930).

  • 1986

    Памёр Хуан Рульфа (гішп. Juan Nepomuceno Carlos Pérez Rulfo Vizcaíno, нар. 16 траўня 1917), мексіканскі пісьменнік, сцэнарыст, фатограф. Лічыцца адным з перадвеснікаў магічнага рэалізму. Заваяваў сусветную славу, выдаўшы ўсяго дзве кнігі – зборнік навелаў “Раўніна ў агні” (El llamo en llamas, 1953) і раман “Пэдра Парама” (Pedro Páramo, 1955, экранізаваны некалькі разоў).

  • 1991

    Памёр Кандрат Крапіва (нар. 5 сакавіка 1896), беларускі паэт-сатырык, празаік, драматург, навуковец-філолаг, грамадскі дзеяч, перакладчык. На беларускую мову пераклаў асобныя працы К. Маркса, Ф. Энгельса, У. Леніна, творы Дз. Фанвізіна, І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага. А. Твардоўскага, Т. Шаўчэнкі і інш.