Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Жан-Батыст дэ Буае, маркіз д’Аржан (фр. Jean-Baptiste de Boyer, Marquis d'Argens, нар. 24 чэрвеня 1704), французскі пісьменнік і філосаф эпохі Асветніцтва. Апроч заняткаў філасофіяй і літаратурай вывучаў юрыспрудэнцыю, ведаў шмат моваў, у тым ліку старажытнагрэцкую і іўрыт, займаўся хіміяй, анатоміяй і жывапісам. Сваім галоўным творам д’Аржан лічыў трактат “Філасофія здаровага сэнсу” (Philosophie du bon sens, 1755), які вытрымаў 15 перавыданняў і быў перакладзены на ангельскую, нямецкую і нідэрландскую мовы (многія антыклерыкальныя творы д’Аржана былі забароненыя ў Францыі і друкаваліся ў Гаазе). “Лісты” д’Аржана, натхнёныя “Персідскімі лістамі” Мантэск’ё, рабіліся ўзорамі для пераймання для пазнейшых аўтараў. “Кітайскія лісты” сталі адной з галоўных крыніцаў рамана Олівера Голдсміта “Грамадзянін свету”. І. Крылоў у “Пошце Духаў” пазычае з “Кабалістычных лістоў” д’Аржана цэлыя старонкі.
Нарадзіўся Нікас Кавадыяс (грэцк. Νίκος Καββαδίας, памёр 10 лютага 1975), грэцкі паэт і празаік, які, праслужыўшы ўсё жыццё радыстам на гандлёвых караблях, апісваў свае прыгоды ў апавяданнях і вершах. Адзін з самых папулярных на сённяшні час грэцкіх пісьменнікаў.
Нарадзіўся Освалд дэ Андрадэ (парт. José Oswald de Sousa de Andrade, памёр 22 кастрычніка 1954), бразільскі пісьменнік, тэарэтык культуры, адзін з лідараў бразільскага мадэрнізму. Аўтар знакамітага “Канібальскага маніфесту” (Manifesto Antropófago, 1928), у якім бразільская культура акрэсліваецца як “канібальская” ў дачыненні да астатніх культураў. “Канібалізм” бразільскай культуры разглядаецца Андрадэ як спосаб сцвердзіць сябе ва ўмовах посткаланіяльнага дамінавання культуры еўрапейскай і ілюструецца знакамітым радком “Tupi or not Tupi: that is the question” (тупі, альбо тупінамба, – этнічная супольнасць бразільскіх індзейцаў, якія практыкавалі канібалізм, бо лічылі, што разам з мясам ворага атрымліваюць ягоную сілу): абыгрываючы шэкспіраўскую цытату, радок адначасова “есць” Шэкспіра.
Памёр Томас Гардзі (анг. Thomas Hardy, нар. 2 ліпеня 1840), ангельскі раманіст і паэт. Скандальную вядомасць і непрыязнасць віктарыянскага грамадства яму прынеслі раманы “Тэс з роду д’Эрбервіляў” (Tess of the d'Urbervilles, 1891) і “Джуд Незаўважны” (Jude the Obscure, 1895). Пасля выхаду апошняга раманаў больш не пісаў. Быў жанаты двойчы, другім шлюбам – з дзіцячай пісьменніцай Флорэнс Дагдэйл. Яны ажаніліся ў 1914 годзе, калі Гардзі было 74, а Флорэнс – 35. Пахаваны Гардзі ў Вестмінстэрскім абацтве, а ягонае сэрца – у магіле першай жонкі Эмы.