Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Захарыяс Тапеліюс (шв. Zacharias Topelius, памёр 12 сакавіка 1898), знакаміты фінскі паэт і празаік. Пісаў па-шведску. Знаёмства з пісьменнікам Юханам Людвігам Рунэбергам, які стаяў на чале фінскага нацыянальна-патрыятычнага руху, зрабіла на Тапеліюса вялізны ўплыў і перадвызначыла развіццё яго літаратурнай і грамадска-палітычнай дзейнасці. Тапеліюс вядомы сваёй гістарычнай прозай, а ягоны раман “Герцагіня Фінляндская” (1850) быў першай спробай стварэння буйнога гістарычна-нацыянальнага рамана ў фінскай літаратуры. Менавіта Тапеліюс першым прапанаваў зрабіць белы і блакітны колерамі фінскага сцяга.
Нарадзіўся П’ер Лаці (фр. Pierre Loti, сапр. Луі Мары Жульен В’ё, памёр 10 чэрвеня 1923), французскі пісьменнік і афіцэр, стваральнік жанру каланіяльнага рамана. Папулярнасць яму прынёс ягоны першы раман “Азіядэ” (1879) – гісторыя кахання флоцкага афіцэра-француза і турчанкі. У Стамбуле ёсць гатэль і кавярня пад назвай “П’ер Лаці”.
Нарадзіўся Джон Дос Пасас (анг. John Roderigo Dos Passos, памёр 28 верасня 1970), амерыканскі пісьменнік партугальскага паходжання – ягоныя продкі былі з вострава Мадэйра. У маладосці з сімпатыяй ставіўся да камунізму, пакуль не правёў некалькі месяцаў у СССР. Самы знакаміты твор Дос Пасаса – трылогія “ЗША”, куды ўваходзяць раманы “42-я паралель”, “1919” і “Вялікія грошы”.
Памёр Льюіс Кэрал (анг. Lewis Carroll, сапр. Чарлз Лютвідж Доджсан, нар. 27 студзеня 1832), ангельскі пісьменнік, матэматык, логік, філосаф і фатограф. На беларускую мову кнігу “Скрозь люстэрка, і што там бачыла Аліса” (Through the Looking-Glass, and What Alice Found There) пераклала Вера Бурлак (ARCHE-10, 2009).
Нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі (памёр 22 снежня 2001), каталіцкі святар, перакладчык Бібліі і літургічных тэкстаў на беларускую мову.
Нарадзіўся Юкіа Місіма (яп. 三島 由紀夫, сапр. Кімітакэ Хіраока; памёр 25 лістапада 1970), японскі празаік і драматург, адна з цэнтральных фігураў японскай літаратуры ХХ стагоддзя. Місіма займеў літаратурную славу ў самым пачатку літаратурнай кар’еры (аповесць “Споведзь маскі” апроч розгаласу выклікала яшчэ і скандал адкрытасцю выяўлення гомасэксуальнасці). Раман Місімы “Залаты храм” (1956) лічыцца самым чытаным творам японскай літаратуры ў свеце. Місіма скончыў жыццё самагубствам 25 лістапада 1970 году, зрабіўшы сабе сэпуку пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту.
Нарадзіўся Ларс Форсэл (шведск. Lars Hans Carl Abraham Forssell, памёр 26 ліпеня 2007), шведскі пісьменнік, драматург, паэт, перакладчык, аўтар песняў і дзіцячых кніг. Атрымаў мноства ўзнагародаў за сваю творчасць. Яго імем названая вуліца ў Стакгольме.