Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейУ Мадрыдзе выйшла першае выданне першай часткі “Дон Кіхота” (El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha) Мігеля Сервантэса. На беларускую мову раздзелы з рамана пераклаў Якуб Лапатка.
Нарадзілася Даратэя Энгельбрэтсдотэр (нарв. Dorothe Engelbretsdotter; памерла 19 лютага 1716), нарвежская пісьменніца. Першая прызнаная жанчына-аўтар у Нарвегіі, пісала гімны і псалмы на біблійную тэматыку.
Нарадзіўся Віторыё Альф'еры (іт. Vittorio Alfieri, памёр 8 кастрычніка 1803), італьянскі паэт і драматург-класіцыст, “бацька італьянскай трагедыі”. Спачатку пісаў па-французску (яго роднай мовай быў п'емонцкі дыялект), затым глыбей вывучыў італьянскую літаратурную мову і пісаў на ёй. Акрамя трагедый напісаў 6 камедый, каля 200 санэтаў, 16 сатыр, антыфранцузскія памфлеты, эпіграмы, оды, перакладаў творы антычных аўтараў.
Нарадзіўся Роберт Ўільям Сэрвіс (анг. Robert William Service; памёр 11 верасня 1958), канадскі пісьменнік. Яго называюць “песняром Юкана”, а таксама “канадскім Кіплінгам” за тое, што прысвяціў сваю творчасць паўночнай Канадзе і “палярным землям”. У 1930-х гадах Сэрвіс наведаў СССР і напісаў сатырычную “Баладу пра магілу Леніна” (Ballad of Lenin's Tomb; пераклад на рускую Я. Віткоўскага гл. тут), за што быў практычна забаронены, не перакладаўся і не згадваўся ні ў адной савецкай энцыклапедыі.
Нарадзіўся Карлас Пэльісер (гішп. Carlos Pellicer Cámara; памёр 16 лютага 1977), мексіканскі пісьменнік, музеязнаўца, палітык. Належаў да першай хвалі мексіканскіх мадэрністаў. Адыграў значную ролю ў стварэнні шэрагу музеяў, у тым ліку музея Фрыды Кала ў Мехіка.
Памёр Георг Гайм (ням. Georg Heym, нар. 30 кастрычніка 1885), нямецкі паэт. Вывучаў права ў Вюрцбургу і Берлінскім універсітэце імя Гумбальта, але прафесію бацькі ненавідзеў, пра што сведчаць запісы ў ягоных дзённіках. Разам з Эрнстам Штадлерам і Георгам Траклем з’яўляецца ключавой постаццю ранняга экспрэсіянізму, які ў Германіі і Аўстрыі ўвогуле трываў нядоўга. Пісаць пачаў у 12 гадоў (навелы, драмы). Пры жыцці паэта быў выдадзены толькі адзін яго паэтычны зборнік пад назваю “Вечны дзень” (Der ewige Tag, 1911), у які ўвайшлі вершы, створаныя пачынаючы з 1910 году. Падчас катання на каньках на рацэ Хафэль з сябрам, паэтам Эрнстам Бальке, справабаў выратаваць таго з палонкі, але абодва патанулі. На беларускую мову творы Гайма перакладаў Васіль Сёмуха.
Нарадзілася Сьюзан Зонтаг (анг. Susan Sontag; сапр. Сьюзан Разэнблат, памерла 28 снежня 2004), амерыканская пісьменніца, літаратурны і мастацкі крытык, грамадскі дзеяч, лаўрэат нацыянальных і міжнародных прэмій. Першымі шырокавядомымі яе творамі сталі даследаванні “Пра фатаграфію” (On Photography, 1977) і “Хвароба як метафара” (Illness as Metaphor, 1978). У 1980 г. выйшаў зборнік апавяданняў “Пад знакам Сатурна” (Under the Sign of Saturn, 1980) з прысвячэннем І. Бродскаму, які у адказ прысвяціў Зонтаг першыя “Венецыянскія строфы”. Найбольш папулярнымі раманамі Зонтаг лічацца “Прыхільнік вулканаў” (The Volcano Lover, 1992) і “У Амерыцы” (In America, 1999, экранізаваны ў 2006), за які ёй прысудзілі Нацыянальную кніжную прэмію США ў 2000 г.
Нарадзілася Інгер Крыстэнсэн (дацк. Inger Christensen, памерла 2 студзеня 2009), дацкая паэтка, раманістка і эсэістка. Лічыцца найбуйнейшым прадстаўніком дацкай эксперыментальнай паэзіі свайго пакалення. Уладальніца шматлікіх міжнародных літаратурных узнагародаў, намінантка на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Памёр Міхаіл Прышвін (руск. Михаил Пришвин; нар. 23 студзеня 1873), рускі савецкі пісьменнік, аўтар твораў аб прыродзе. Найбольш вядомыя з іх – аўтабіяграфічны раман “Кашчэеў ланцуг” (“Кащеева цепь”, 1923), феналагічныя нататкі “Крыніцы Берандзея” (“Родники Берендея”, 1925), аповесць “Жэньшэнь” (Женьшень, 1933), цыкл лірычна-філасофскіх мініяцюраў “Лясны капеж” (“Лесная капель”) і паэма ў прозе “Фацэлія” (Фацелия, 1940). Вялікую вартасць уяўляюць таксама дзённікавыя запісы Прышвіна, якія ён вёў усё жыццё, цалкам апублікаваныя толькі ў 1990-я гг. Творы М. Прышвіна на беларускую мову перакладалі Б. Сачанка, В. Адамчык, М. Татур, Я. Маўр.
Памёр Юрый Герман (рус. Юрий Герман; нар. 22 сакавіка 1910), рускі савецкі пісьменнік, драматург, сцэнарыст. Найбольш вядомыя творы – гістарычны раман аб эпосе Пятра I “Расія маладая” (Россия молодая, 1952), трылогія “Справа, якой ты служыш”, “Дарагі мой чалавек”, “Я адказны за ўсё” (“Дело, которому ты служишь”, “Дорогой мой человек”, “Я отвечаю за всё”, 1964). Многія творы пісьменніка экранізаваныя.