Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзілася Сара Ўітман (анг. Sarah Helen Power Whitman, памерла 27 чэрвеня 1878), амерыканская паэтка, эсэістка, прадстаўніца трансцэндэнталізму. Паэтка праводзіла ў сваім доме спірытычныя сеансы. Вядомая рамантычнымі стасункамі з Эдгарам По, творчасцю якога Ўітман захаплялася. Калі сяброўка Сары Эн Лінч Бота папрасіла яе напісаць верш для вечарыны з нагоды дня Св. Валянціна ў 1848 годзе, Сара Ўітман напісала яго, адрасаваўшы Эдгару По (хаця на вечары яго не было). Дазнаўшыся пра верш, По вярнуў прысвячэнне, даслаўшы паэтцы свой надрукаваны раней верш “Да Хелен”, а пазней напісаўшы яшчэ адзін верш з такой жа назвай, які апісваў першы момант іх сустрэчы. Пісьменнікі заручыліся, але вяселля так і не адбылося, наконт чаго існуе шмат здагадак. У 1853 годзе выйшаў зборнік вершаў Сары “Гадзіны жыцця і іншыя вершы” (Hours of Life, and Other Poems). У 1860 годзе яна выдала працу ў абарону Эдгара По ад нападак яго крытыкаў, у прыватнасці Грызвалда, пад назвай “Эдгар Алан По і яго крытыкі” (Edgar Allan Poe and His Critics).
Нарадзіўся Эдгар Алан По (анг. Edgar Allan Poe, памёр 7 кастрычніка 1849), амерыканскі паэт, навеліст, журналіст, літаратурны крытык, адзін з самых значных прадстаўнікоў амерыканскага рамантызму, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры. У часопісе “ПрайдзіСвет” былі надрукаваныя апавяданні По “Авальны партрэт”, “Калодзеж і ківач” і “Марэла”.
Памёр Эстэбан Эчэверыя (гішп. José Esteban Antonio Echeverría, нар. 2 верасня 1805), аргентынскі паэт, празаік, культурны і палітычны дзеяч. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў рамантызму ў літаратуры Лацінскай Амерыкі ХIX стагоддзя.
Нарадзіўся Густаў Майрынк (ням. Gustav Meyrink, сапр. Густаў Маер, памёр 4 снежня 1932), аўстрыйскі празаік, драматург, перакладчык, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў Пражскай школы. Сусветную славу яму прынёс раман “Голем”, які стаў адным з першых бэстсэлераў XX стагоддзя. На беларускую мову творы Майрынка, у тым ліку раман “Голем”, перакладаў Васіль Сёмуха.
Нарадзіўся Эўжэнію ды Андрады (парт. Eugénio de Andrade, сапр. Жузэ Фантыньяш Рату, памёр 13 чэрвеня 2005), партугальскі паэт, перакладчык. Лаўрэат нацыянальных і міжнародных узнагародаў, сярод якіх і прэмія Камоэнша (2001). Слава да паэта прыйшла з выхадам зборніка вершаў “Рукі і плады” (As Mãos e os Frutos, 1948). Яго вершы перакладзеныя на большасць еўрапейскіх моваў. Сам паэт перакладаў на партугальскую творы Сапфо, Лоркі, Вальехі, Рыцаса, Борхеса.
Памёр Браніслаў Нушыч (серб. Бранислав Нушић/Branislav Nušić; нар. 8 кастрычніка 1864), сербскі пісьменнік, драматург, эсэіст. Больш за 50 гадоў пісаў сатырычныя камедыі, якія адлюстроўвалі палітычную рэчаіснасць.
Нарадзіўся Джуліян Барнс (анг. Julian Patrick Barnes), ангельскі пісьменнік, эсэіст, літаратурны крытык, адзін з яскравых прадстаўнікоў літаратуры постмадэрнізму. Найбольш вядомыя яго раманы – “Метралэнд” (Metroland, 1980, экранізаваны), “Гісторыя свету ў 10 ½ раздзелах” (A History of the World in 10½ Chapters, 1989) і “Каханне і г.д.” (Love, Etc., 2000, экранізаваны). Лаўрэат розных узнагародаў, Барнс тры разы намінаваўся на Букераўскую прэмію, але пакуль не атрымаў яе. На беларускую мову эсэ Барнса “Цішыня” пераклала Кацярына Чабай (Класікі і сучаснікі. Актуальныя праблемы даследавання англамоўных літаратураў. Вып. 7. – Мн., 2008).
Загінуў Мікалай Рубцоў (руск. Николай Рубцов, нар. 3 студзеня 1936), рускі паэт. Аўтар каля дзясятка зборнікаў вершаў. Асаблівай вядомасцю карыстаюцца песні на яго словы “В горнице моей светло”, “Я буду долго гнать велосипед”, “В минуты музыки печальной”, “Улетели листья”.