Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Адам Ганоры Кіркор (памёр 23 лістапада 1886), беларускі грамадскі дзеяч, этнограф, публіцыст, выдавец, гісторык, краязнавец, археолаг, літаратуразнавец. Чалец-карэспандэнт Імператарскага археалагічнага таварыства, чалец Расійскага геаграфічнага таварыства, чалец Акадэміі ведаў у Кракаве. Выдаваў у Вільні ў 1843–1858 навукова-літаратурныя альманахі “Радэгаст”, “Разумовыя дзённікі”, “Віленскі альманах”, часопіс “Віленскі зборнік”. Быў кіраўніком Віленскага музея старажытнасцяў, якому ахвяраваў уласную археалагічна-этнаграфічную калекцыю, сабраную ў час экспедыцыі па Менскай і Віленскай губернях. У кнізе “Пра літаратуру братніх славянскіх народаў” (1874), выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную з’яву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных відаў творчасці.
Нарадзіўся Імрэ Мадач (венг. Madách Imre, памёр 5 кастрычніка 1864), венгерскі паэт і драматург, аўтар вершаванай філасофскай драмы “Чалавечая трагедыя” (Az ember tragediaja, 1861), якая апавядае гісторыю чалавецтва ад яго ўзнікнення да ператварэння зямнога шара ў ледзяную глыбу. Параўноўваецца з “Фаўстам” Гётэ і лічыцца класічным творам венгерскай літаратуры.
Памёр Богуслаў Табліц (славацк. Bohuslav Tablic, нар. 6 верасня 1769), славацкі паэт, перакладчык, гісторык літаратуры, прадстаўнік асветніцкага класіцызму. Быў заснавальнікам Таварыства славацкай літаратуры і мовы, адным з заснавальнікаў Літаратурнай суполкі Горных гарадоў (Bergstädte), якія мелі на мэце папулярызаваць славацкую мову і літаратуру.
Памёр Петрас Дуран (арм. Պետրոս Դուրյան, нар. 20 траўня 1851), 21-гадовы армянскі паэт, драматург, актывіст нацыянальнага руху, актор. Аўтар гістарычных п’есаў і лірычных вершаў, напоўненых бліскучымі вобразамі і метафарамі. Некаторыя крытыкі лічаць яго пачынальнікам сучаснай паэтычнай традыцыі ў армянскай мове.
Памёр Любэн Стойчаў Каравелаў (балг. Любен Стойчев Каравелов, нар. каля 1834), першы балгарскі прафесійны пісьменнік, буйны дзеяч Балгарскага нацыянальнага адраджэння, выдатны журналіст.
Нарадзіўся Улаў Аўкруст (нарв. Olav Aukrust, памёр 3 лістапада 1929), нарвежскі паэт. Працаваў сялянскім настаўнікам, вывучаў мясцовыя дыялекты, якія выкарыстоўваў у сваіх вершах. Зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленне нюнорска ў якасці літаратурнай мовы. Сёння гэта адна з дзвюх афіцыйных нормаў нарвежскай мовы, якую выкарыстоўвае 5 мільёнаў нарвежцаў (12% усяго насельніцтва краіны).
Памёр у ГУЛАГу Янка Туміловіч (нар. 6 верасня 1905), беларускі паэт. Працаваў выкладчыкам гісторыі, у рэдакцыях часопісаў. Сябра літаб'яднання “Маладняк”. У пераважнай большасці вершы Туміловіча – узоры пралеткультаўскага рамантызму 1920-х гг. У 1927 стаў адным з заснавальнікаў “Пралетарска-сялянскай беларускай літаратурнай суполкі” (“Пробліск”).
Памёр Джордж Оруэл (анг. George Orwell, сапр. Эрык Артур Блэр; нар. 25 чэрвеня 1903), ангельскі пісьменнік і публіцыст. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Гішпаніі (1936–1939), падзеі якой адлюстраваныя ў кнізе “Памяці Каталоніі” (Homage to Catalonia, 1938). Аўтар аповесці “Ферма” (Animal Farm, 1945) – алегорыі на падзеі рэвалюцыі 1917 году ў Расіі, вядомага рамана-антыўтопіі “1984” (Nineteen Eighty-Four, 1949), якія ў 2000 г. пабачылі свет па-беларуску ў перакладах Сяргея Шупы.
Памёр Блэз Сандрар (фр. Blaise Cendrars, сапр. Фрэдэрык-Луі Сазэ; нар. 1 верасня 1887), швейцарскі і французскі пісьменнік. Першы свой верш La Légende de Novagorode напісаў у Санкт-Пецярбургу, заахвочаны бібліятэкарам Р.Р. у Рускай нацыянальнай бібліятэцы. Бібліятэкар пераклаў верш на рускую. Лічыцца, што было зроблена 14 копіяў перакладу. Аднак Сандрар сцвярджаў, што не мае ніводнай і цягам яго жыцця копіяў не было знойдзена. У 1912 годзе надрукаваў за свае грошы наватарскі зборнік вершаў “Пасха ў Нью-Ёрку”, які быў блізкі да кубізму ў пластыцы і глыбока паўплываў на сучаснікаў. Зблізіўся з Апалінэрам, Шагалам, Лежэ, Мадыльяні, Соняй і Рабэрам Дэланэ. Падчас Першай сусветнай вайны страціў правую руку. Захапляўся кіно, балетам. З 1925 году не пісаў вершаў, толькі раманы, навэлы, рэпарцёрскія нарысы. Аўтар чатырох кінасцэнароў. Кавалер Ордэна Ганаровага легіёна, лаўрэат Вялікай літаратурнай прэміі Парыжа (1961). У 1978 годзе была створаная Міжнародная асацыяцыя Блэза Сандрара.
Памёр Алесь Салавей (сапр. Альфрэд Радзюк, нар. 1 траўня 1922), беларускі паэт. У 1945–1949 г. жыў у Зальцбургу (Аўстрыя), дзе выйшаў з друку зборнік вершаў “Сіла гневу” (1948), паэмы “Домік у Менску”, “Звіняць званы Святой Сафіі”, прысвечаная Юрку Віцьбічу, а таксама паэма “Сын” (надрукаваныя ў 1949 г.) У 1949 г. разам з сям'ёй выехаў у Аўстралію. Жыў у Адэлаідзе (Заходняя Аўстралія), Мельбурне (Вікторыя). Пахаваны на беларускай частцы могілак Фолкнер у Мельбурне. Пасмяротны збор вершаў “Нятускная краса” (1982) выйшаў у Аўстраліі.
Памёр Іярдан Радзічкаў (балг. Йордан Радичков, нар. 24 кастрычніка 1929), вядомы балгарскі пісьменнік і драматург, кінасцэнарыст, адзін з найбуйнейшых літаратараў апошняй траціны XX стагоддзя. Некаторыя называюць яго балгарскім Кафкам ці Гогалем. У 2001 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію. Яго казкі і апавяданні для дзяцей, міфалагічныя фальклорныя творы шырока вядомыя ў свеце і перакладзеныя на 30 моваў. Па-беларуску ў 1983 годзе выдадзены яго знакаміты зборнік казачных апавяданняў “Мы, верабейкі”(Nie Vrabchetata, 1968) у перакладзе У. Анісковіча.