Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Стэндаль (фр. Stendhal, сапр. Анры-Мары Бэйль; памёр 23 сакавіка 1842), французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага рамана. Асабліва вядомыя яго раманы “Чырвонае і чорнае” (Le Rouge et le Noir, 1830) і “Пармскі манастыр” (La Chartreuse de Parme, 1839). Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі ў вайне 1812 года Стэндаль служыў вайсковым інтэндантам у Оршы.
Нарадзілася Каміла Калет (нарв. Jacobine Camilla Collett, пам. 6 сакавіка 1895), нарвежская пісьменніца, першая нарвежская феміністка, адна з першых прадстаўніц рэалізму ў нарвежскай літаратуры. Найбольш вядомы яе твор – адзіны раман “Дачкі Амтмандэна” (Amtmandens Døtre), які быў надрукаваны ананімна ў дзвюх частках у 1854 і 1855 гадах і лічыцца адным з першых палітычных раманаў у Нарвегіі.
Памёр Аляксандр Вельтман (рус. Александр Вельтман, нар. 30 ліпеня 1800), адзін з найбольш паспяховых рускіх аўтараў рамантычнай, гатычнай, фантастычнай прозы 1830–1840-х гадоў. Адзін з піянераў рускай навуковай фантастыкі.
Нарадзілася Ева Сіманайтытэ (літ. Ieva Simonaitytė, пам. 27 жніўня 1978), народная пісьменніца Літоўскай ССР. Шырокую вядомасць атрымала пасля публікацыі рамана “Лёс Шымонісаў” (Aukštujų Šimonių likimas, 1935), дзе адлюстроўваецца жыццё і культура літоўцаў на ўсходнепрускіх землях, іх супрацьстаянне германскаму ўплыву і страта этнічнай культуры і ідэнтычнасці.
Нарадзіўся Ўолтэр Мілер (анг. Walter Michael Miller, Jr., памёр 9 студзеня 1996), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Вядомы як аўтар рамана “Жарсці па Лейбавіцу” (A Canticle for Leibowitz, 1960), своеасаблівага разважання пра цыклы гісторыі, ролю каталіцызму ў цёмныя часіны чалавечай цывілізацыі, яе развіццё пасля апакаліпсісу. Раман лічыцца адным з найлепшых у сваім жанры і ў 1961 годзе быў адзначаны Прэміяй Х’юга.
Памёр Вацлаў Ластоўскі (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш.; нар. 8 лістапада 1883), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф. Аўтар гістарычнай аповесці “Лабірынты” (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф. Скарыны (“Адзінокі”, 1923). Складаў чытанкі для дзяцей, апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, В. Цяпінскага і інш., успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, “нашаніўскі перыяд”. Перакладаў з рускай (А. Талстой), ангельскай (Р. Кіплінг), польскай (Э. Ажэшка, К. Тэтмаер) і іншых моваў.
Нарадзіўся Жуаў Убалду Рыбэйру (парт. João Ubaldo Ribeiro), бразільскі пісьменнік, лаўрэат прэміі Камоэнша (2008), чалец Бразільскай літаратурнай акадэміі. У 16 гадоў пачаў працаваць карэспандэнтам газеты “Журнал да Баія”, у 22 выдаў свой першы раман. Скончыў юрыдычны факультэт, але па спецыяльнасці ніколі не працаваў. Публіцыст, дзіцячы пісьменнік, аўтар 22 раманаў, 2 зборнікаў апавяданняў, шмат з якіх экранізаваліся ў кіно і на тэлебачанні. Сярод найбольш вядомых твораў – раманы “Верасень не мае сэнсу” (Setembro não faz sentido, 1968), “Сержант Жэтуліу” (Sargento Getúlio, 1971), “Жыве бразільскі народ!” (Viva o povo brasileiro, 1984), “Усмешка яшчаркі” (O Sorriso do Lagarto, 1989) і “Дом шчаслівых Будаў” (A Casa dos Budas Ditosos, 1999).
Памёр Рышард Капусціньскі (польск. Ryszard Kapuściński, нарадзіўся 4 сакавіка 1932), польскі журналіст і пісьменнік, аўтар больш як дзесяці публіцыстычных кніг, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій і ўзнагародаў. У Польшчы яго называлі “каралём рэпартажу”. Ён працаваў у Афрыцы, сярэднеазіяцкіх савецкіх рэспубліках, Лацінскай Амерыцы, Блізкім Усходзе, пісаў рэпартажы з дзясяткаў краінаў свету. Капусціньскі нарадзіўся і жыў ў Пінску да 1942 году. На беларускую мову перакладзены шэраг твораў Капусціньскага: “Імперыя” (пер. Я. Салейчука), “Падарожжы з Герадотам” (пер. А. Пятровіч), “Імператар” (пер. А. Пяткевіча), зборнік вершаў “Вяртанне” (пер. А. Шушко).