№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 студзеня

  • 1732

    Нарадзіўся П’ер Агюстэн дэ Бамаршэ (фр. Pierre-Augustin Caron de Beaumarchais, памёр 18 траўня 1799), французскі драматург. Нарадзіўся ў сям’і рамесніка, але, зрабіўшыся настаўнікам музыкі ў дачок караля Людовіка XV, здабыў пасаду сакратара і тытул двараніна. Дзякуючы прыдворным сувязям пазнаёміўся з буйным фінансістам Пары-Дзювернэ і ўзяў удзел у фінансавых аперацыях, якія прынеслі яму багацце, а потым уцягнулі ў шэраг гучных судовых працэсаў. Судовы досвед Бамаршэ з’едліва апісаў у сваіх “Мемуарах” (Mémoires, 1774), якія мелі шырокі поспех. Нават Вальтэр выказваў сваё захапленне імі. Але найбольш вядомы Бамаршэ ўсё-ткі сваімі п’есамі — “Севільскі цырульнік” (Le Barbier de Séville ou la Précaution inutile, 1773) і “Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара" (La Folle journée ou Le Mariage de Figaro), якія ў далейшым леглі ў аснову вядомых опер Расіні і Моцарта.

  • 1776

    Нарадзіўся Эрнст Тэадор Вільгельм Амадэй Гофман (нем. Ernst Theodor Amadeus Hoffmann, памёр 25 чэрвеня 1822), нямецкі пісьменнік, кампазітар, музычны крытык, мастак рамантычнага кірунку. Герой знакамітай оперы Ж. Афенбаха “Казкі Гофмана”. Арганізаваў філарманічнае таварыства і сімфанічны аркестр у Варшаве, быў дырэктарам і дырыжорам у тэатрах Берліна, Ляйпцыга, Дрэздэна. У 1814 годзе Гофман стварыў адну з першых рамантычных операў “Ундына” (Undine). Аўтар казак “Шчаўкунок і Мышыны кароль” (Nußknacker und Mausekönig, 1816), “Чужое дзіця” (Das fremde Kind, 1817), “Прынцэса Брамбіла” (Prinzessin Brambilla, 1820), рамана “Эліксіры д’ябла” (“Die Elixiere des Teufels,” 1815–1816), зборніка “Начныя апавяданні” (1817). Сярод найлепшых твораў Гофмана – зборнік навелаў “Серапіёнавы браты” (Die Serapionsbrüder, 1819–1821). Вяршыня творчасці – няскончаны раман “Жыццёвыя погляды ката Мура” (Lebensansichten des Katers Murr, 1820–1822). На беларускую мову асобныя творы Гофмана перакладаў Васіль Сёмуха.

  • 1862

    Нарадзілася Эдыт Ўортан (анг. Edith Wharton, памерла 11 жніўня 1937), амерыканская пісьменніца, дызайнер. Першая жанчына, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію – за свой знакаміты раман “Век нявіннасці” (The Age of Innocence, 1920).

  • 1902

    Нарадзіўся Аўгушту Меер (парт. Augusto Meyer, памёр 10 ліпеня 1970), бразільскі журналіст, публіцыст, паэт, аўтар мемуараў і даследчык фальклору, чалец Акадэміі літаратуры Бразіліі і Акадэміі філалогіі Бразіліі. Лаўрэат прэміі Машаду дэ Асіса (1950).

  • 1944

    Нарадзіўся Дэвід Гералд (анг. David Gerrold, сапр. Джэралд Дэвід Фрыдман), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Шырока вядомы як сцэнарыст папулярных тэлевізійных серыялаў “Стар Трэк” (Star Trek), “Змрокавая зона” (Twilight Zone), “Зямля згубленых” (Land of the Lost) і інш.

  • 1961

    Нарадзіўся Мікалай Абрамаў (рус. Николай Абрамов), вепскі паэт, перакладчык, журналіст. Першы зборнік вершаў “Трыццаць тры” (Koumekumne koume, 1994) стаў першай мастацкай кнігай на вепскай мове. Вершы паэта перакладзеныя на фінскую, венгерскую, нарвежскую і іншыя мовы.