№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 26 студзеня

  • 1781

    Нарадзіўся Людвіг Ахім фон Арнім (ням. Ludwіg Achіm von Arnіm, памёр 21 студзеня 1831), нямецкі пісьменнік, адзін з асноўных прадстаўнікоў гейдэльбергскага рамантызму. Акрамя шматлікіх раманаў праславіўся разам са сваім сябрам Клеменсам Брэнтана складаннем анталогіі народных песняў “Чароўны рог хлопчыка” (Des Knaben Wunderhorn). Увёў у гістарычную навелу фантастычнае побач з дакладнымі гістарычнымі датамі.

  • 1842

    Нарадзіўся Франсуа Капэ (фр. Françoіs Édouard Joachіm Coppée, памёр 23 траўня 1908) – французскі паэт, драматург і празаік, прадстаўнік парнаскай школы. Капэ быў адным з самых папулярных паэтаў свайго часу, але пазней яго творчасць стала аб’ектам кпінаў і пародый з боку “выклятых паэтаў” (Вэрлена, Рэмбо, Кро) і была забытая. Яго вершы вылучае павучальны патрыятызм, уважлівасць да паўсядзённага жыцця і цікавасць да пачуццяў простага чалавека (за гэта Капэ празвалі “паэтам беднякоў”).

  • 1849

    Памёр Томас Бэдоўс (анг. Thomas Lovell Beddoes, нар. 30 чэрвеня 1803), ангельскі паэт і драматург-рамантык. Пляменнік Марыі Эджварт. Яго бацька, вядомы лекар і анатам, упершыню ўжыў на практыцы аксід азоту (“вяселячы газ”), сябраваў з Колрыджам і Саўці. Сам паэт быў у сяброўскіх стасунках з Мэры Шэлі. Выдаў раман “Імправізатар” (1821), вершаваную драму “Трагедыя нявесты” (1822), перакладаў “Філасофскія лісты” Шылера (1825). Раптам рэзка памяняў жыццё, жыў у Германіі, то вывучаў медыцыну і займаўся палітыкай, то піў і хуліганіў. Некалькі разоў спрабаваў забіць сябе (страляўся), апошняя спроба (прыняў вялікую дозу атруты) удалася. Галоўная кніга Бэдоўса “Жартачкі смерці” (Death's Jest Book), над якой ён працаваў чвэрць стагоддзя, выйшла ў 1850, “Збор вершаў” — у 1851. Паэзію Бэдоўса высока цанілі Тэнісан, Мерэдыт і Браўнінг. Першым яго біёграфам стаў Эдмунд Гос. Пасля пра яго пісалі Літан Стрэйчы і Дж. Сэнтсберы, Харальд Блум і Нортрап Фрай. На вершы Бэдоўса складалі музыку Бенджамін Брытэн, Бернард ван Дырэн.

  • 1855

    У адным з парыжскіх завулкаў скончыў жыццё самагубствам Жэрар дэ Нэрваль (фр. Gérard de Nerval; нар. 22 траўня 1808), французскі паэт-рамантык. Знакамітым Нэрваль зрабіўся пасля таго, як пераклаў “Фаўста” Гётэ ў 1828 годзе. Гэты пераклад быў ухвалены самім Гётэ і пасля паўплываў на Берліёза, стваральніка сімфоніі “Пракляцце Фаўста” (La Damnatіon de Faust). Нэрваль пакінуў некалькі зборнікаў вершаў: “Нямецкія вершы” (Poésіes allemandes, 1830), “Галантная багема” (La bohême galante, 1855), шэраг гістарычных драмаў і оперных лібрэта: “Пракляцце Фаўста” (La damnatіon de Faust, 1846), некалькі аповесцяў: зборнік “Дочкі агню” (Les fіlles de feu, 1854). На сайце “ПрайдзіСвета” можна пачытаць яго апавяданне “Зялёная пачвара” ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай. Вершы Нэрваля на беларускую перакладаў Андрэй Хадановіч (1 і 2).

  • 1902

    Нарадзіўся Мэна тэр Брак (нідэр. Menno ter Braak, памёр 14 траўня 1940), нідэрландскі пісьменнік-мадэрніст. У 1932 г. разам з Эдгарам дзю Перонам і Марысам Раланам заснаваў літаратурны часопіс Forum, які пазней зрабіўся адным з самых уплывовых перыядычных літаратурных выданняў па-нідэрландску ў трыццатыя гады XX стагоддзя. У пачатку 1930-х Брак заснаваў так званы “Камітэт пільнасці” (нід. het Comіté van Waakzaamheіd). Браў актыўны ўдзел у антыфашысцкім руху. Праз чатыры дні пасля ўварвання нацысцкай Германіі на тэрыторыю Нідэрландаў скончыў жыццё самагубствам, прыняўшы снатворнае і зрабіўшы ін’екцыю атруты.

  • 1918

    Нарадзіўся Філіп Хасэ Фармер (анг. Phіlіp José Farmer, памёр 25 лютага 2009), амерыканскі пісьменнік-фантаст, аўтар больш чым паўсотні раманаў і вялікай колькасці апавяданняў. Вядомы серыямі фантастычных раманаў “Свет ракі”, “Шмат’ярусны свет”, “Свет аднаго дня”.

  • 1949

    Нарадзіўся Джонатан Кэрал (анг. Jonathan Carroll), сучасны амерыканскі пісьменнік, вядомы дзякуючы сваім раманам, напісаным у жанры магічнага рэалізму. Сярод іх – “Краіна смеху”, “Голас нашага ценю”, “Косткі Месяца”, “Шкляны суп”, “Закаханы прывід” і іншыя. Шматлікія яго творы перакладзеныя на рускую мову.

  • 1990

    Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон “Аб мовах”. Беларуская мова абвешчаная дзяржаўнай.

  • 1994

    Памёр Алесь Адамовіч (нар. 3 жніўня 1926), беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца. Аўтар дылогіі “Партизаны” (частка 1 – “Война под крышами”, 1960; частка 2 – “Сыновья уходят в бой”, 1963), “Хатынскай аповесці” (1972), кніг “Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев” (1981), “Блокадная книга” (1977–1981; сумесна з Даніілам Граніным), “Последняя пастораль” (1986). Таксама выступаў як сцэнарыст фільмаў “Война под крышами” (1967), “Ідзі і глядзі” (Иди и смотри, 1985) і інш.

  • 2000

    Памёр Альфрэд ван Вогт (анг. Alfred Elton van Vogt, нар. 26 красавіка 1912), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Ён лічыцца адным з самых папулярных і складаных пісьменнікаў навукова-фантастычнага жанру сярэдзіны XX стагоддзя. У 1995 годзе Ван Вогту было прысуджанае званне Гранд-Майстра амерыканскай літаратурнай прэміі у сферы фантастыкі “Нэб’юла”. Апавяданне ван Вогта “Пачвара” на беларускую мову пераклала Ліна Каўрус.