Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Людвіг Хольберг (нарв., дацк. Ludvig Holberg, нар. 3 студзеня 1684), выбітны навержска-дацкі пісьменнік. Ва ўсіх сваіх творах Хольберг застаецца прадстаўніком эпохі Асветніцтва з яе рацыяналізмам і адмаўленнем метафізікі. Ён усё жыццё называў сябе маралістам і ўсю сваю творчасць падпарадкоўваў адукацыйным мэтам. Абудзіў у Даніі цікавасць да нацыянальнай літаратуры і ўключыў яе ў кола еўрапейскіх, стварыў дацкую драму.
Нарадзіўся Уладзімір Салаўёў (рус. Владимир Соловьёв, памёр 31 ліпеня 1900) – рускі філосаф, паэт, літаратурны крытык. Зрабіў вялікі ўплыў на рэлігійных філосафаў, а таксама на паэтаў-сімвалістаў – А. Белага, А. Блока і інш. Лічыцца адным з самых заўважных рускіх паэтаў 1880–1890 гг. Менавіта Уладзімір Салаўёў натхніў Ф. Дастаеўскага на вобраз Алёшы Карамазава, а ўплыў яго кнігі “Сэнс любові” (“Смысл любви”) можна знайсці ў аповесці Л. Талстога “Крэйцэрава саната” (“Крейцерова соната”). Памёр ад цяжкіх хваробаў.
Нарадзіўся Хасэ Марці-і-Пэрэс (гішп. José Julián Martí y Pérez, памёр 19 траўня 1895), кубінскі паэт, празаік, публіцыст, лідар вызваленчага руху Кубы ад Гішпаніі. На радзіме ён лічыцца нацыянальным героем, у літаратурных колах – бацькам мадэрнізму. У Сант’яга-дэ-Куба ў 1951 годзе быў адкрыты маўзалей пісьменніка. Цяпер гэта адно з самых наведвальных месцаў Кубы. Выява Хасэ Марці-і-Пэрэса змешчаная на купюры ў 1 песа.
Нарадзілася Сідані Габрыэль Калет (фр. Sidonie Gabrielle Colette, памерла 3 жніўня 1954), французская пісьменніца, адна з зорак belle époque. Аўтар каля 50 кніг. Пачынала пісаць як літаратурны “негр” свайго мужа – ён выдаў яе аўтабіяграфічныя раманы пра Кладзіну пад сваім імем. Калет была абраная сябрам Ганкураўскай акадэміі ў 1945 г., а ў 1949 зрабілася яе прэзідэнтам. Цяпер яна класік французскай літаратуры.
Нарадзілася Марта Бібеску (рум. Marta Bibescu, памерла 28 лістапада 1973) – румынская і французская пісьменніца, грамадскі дзеяч Румыніі. Усё жыццё вяла дзённікі, якія ў выніку склалі 65 тамоў. Паводле нацыянальнага апытання, Марта Бібеску прызнаная самай уплывовай румынкай ХХ стагоддзя.
Нарадзіўся Ісмаіл Кадарэ (фр. Ismail Kadaré) – албанскі паэт і празаік. У 1990 годзе папрасіў палітычнага прытулку ў Францыі, у 1999 годзе вярнуўся ў Албанію. Лаўрэат Міжнароднай Букераўскай прэміі (2005), а таксама многіх іншых. Некалькі разоў намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Памёр Ўільям Батлер Ейтс (анг. William Butler Yeats, нар. 13 чэрвеня 1865) – ірландскі паэт і драматург, адзін з найбуйнейшых літаратараў ХХ стагоддзя, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1923). У маладосці, акрамя літаратуры, Ейтс моцна зацікавіўся акультызмам і разам са сваімі сябрамі арганізаваў Герметычнае таварыства для вывучэння магіі і ўсходняй рэлігіі. А ў 1925 выдаў плён сваіх шматгадовых развагаў – кнігу “Бачанне” (A Vision), у якой звязвае этапы развіцця чалавечага духу з фазамі Месяца. На беларускую мову творы Ейтса перакладалі Андрэй Хадановіч, Антон Францішак Брыль , Ганна Янкута.
Нарадзіўся Леанід Дайнека – беларускі пісьменнік. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1988) за раман “Меч князя Вячкі”, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) за гістарычныя раманы “Меч князя Вячкі” і “След ваўкалака”.
Памерла Зора Ніл Хёрстан (анг. Zora Neale Hurston, нар. 7 студзеня 1891) – амерыканская фалькларыстка, антраполаг і пісьменніца, прадстаўніца Гарлемскага рэнесансу. Найбольш вядомы яе твор – раман “Іх вочы бачылі Бога” (Their Eyes Were Watching God, 1937). Яе проза адметная выкарыстаннем афраамерыканскага дыялекту. Гэта і было адной з прычынаў забыцця яе творчасці. Цікавасць да пісьменніцы была адноўленая толькі ў 1975 годзе.
Памёр Дзіна Буцаці (італ. Dino Buzzati Traverso, нар. 16 кастрычніка 1906) – італьянскі пісьменнік, журналіст, мастак. Часам яго творы параўноўваюць з творамі Эдгара По і Франца Кафкі. Сярод найбольш вядомых яго твораў – раман “Татарская пустыня”, які Х. Л. Борхес уключыў у сваю “Асабістую бібліятэку “, “Барнаба з гор”, зборнік “Шэсцьдзесят апавяданняў” і інш. На беларускую мову прозу Буцаці перакладалі Аксана Данільчык і Сяргей Шупа.
Памёр Іосіф Бродскі (рус. Иосиф Бродский, нар. 24 траўня 1940), рускі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1987). У 1963–1964 гадах у газетах друкуецца спачатку паклёпніцкі артыкул пра Бродскага, а потым – падборка чытацкіх лістоў, якія патрабавалі пакараць “дармаеда”. 13 лютага 1964 г. Бродскага арыштавалі па абвінавачанні ў дармаедстве і на пяць гадоў адправілі на прымусовае пасяленне ў Каношскі раён Архангельскай вобласці. Але гэты выпадак суда над паэтам не застаўся без увагі, і праз паўтара году пад ціскам сусветнай грамадскасці (у прыватнасці пасля звароту да савецкага ўраду Ж.-П. Сартра і іншых замежных пісьменнікаў) пакаранне было скасаванае. У 1972 эмігруе спачатку ў Вену, потым у Лондан, працуе прафесарам на кафедры славістыкі Мічыганскага ўніверсітэта ў г. Эн-Арбар. У 1981 пераязджае ў Нью-Ёрк. На эміграцыі працягвае пісаць, у тым ліку і на ангельскай мове, займаецца літаратурнымі перакладамі. У Расію Бродскі так і не вярнуўся, нягледзячы на шматлікія запрашэнні ў пачатку 1990-х. На беларускую вершы Бродскага перакладалі Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч, Вера Бурлак.
Памерла Астрыд Ліндгрэн (шведск. Astrid Anna Emilia Lindgren, нар. 14 лістапада 1907), шведская пісьменніца, аўтарка знакамітых дзіцячых кніг пра Карлсана і Піпі-Доўгуюпанчоху. Яе кнігі перакладзеныя больш чым на 95 моваў свету і выдадзеныя ў больш чым 100 краінах. На беларускую кнігі Ліндгрэн перакладалі С. Лузгіна і Т. Лукша (“Браты Львінае Сэрца” і “Лота”), Юрась Жалезка (“Малы і Карлсан-з-даху”) і Дзмітры Плакс (“Піпі Доўгаяпанчоха”). Ліндгрэн атрымала мноства нацыянальных, замежных і інтэрнацыянальных прэміяў. Яшчэ пры яе жыцці было заснавана некалькі прэмій у яе гонар, а таксама прэмія ў гонар яе героя Эміля.