№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 31 студзеня

  • 1905

    Нарадзіўся Джон О’Хара (анг. John O'Hara, памёр 11 красавіка 1970), амерыканскі пісьменнік, вядомы перш за ўсё дзякуючы сваім апавяданням і раманам – ужо першы яго раман “Спатканне ў Самары” (Appointment in Samarra, 1934) стаў бэстсэлерам і трапіў у спіс 100 найлепшых твораў ангельскамоўных раманаў ХХ ст. паводле Modern Library. На беларускую мову некалькі апавяданняў Джона О’Хары пераклаў Уладзімір Шчасны (“Далягляды”, 1984).

  • 1923

    Нарадзіўся Норман Мэйлер (анг. Norman Kingsley Mailer, памёр 10 лістапада 2007), амерыканскі пісьменнік, двойчы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі і адзін з заснавальнікаў жанру, названага “новы журналізм” (раман, які складаецца з эсэ). Самы знакаміты раман Мэйлера – “Аголеныя і мёртвыя” (The Naked and the Dead) – расказвае пра Другую сусветную вайну. Сярод менш вядомых твораў пісьменніка – біяграфічная кніга “Гісторыя Освальда: Амерыканская таямніца” (Oswald's Tale: An American Mystery) пра забойцу Кенэдзі Лі Харві Освальда, які пэўны час жыў у Мінску.

  • 1933

    Памёр Джон Галсуорсі (анг. John Galsworthy, нар. 14 жніўня 1867), ангельскі празаік, драматург, паэт і публіцыст, аўтар цыклу “Сага пра Фарсайтаў” і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1932 год.

  • 1935

    Нарадзіўся японскі пісьменнік Кэндзабура Оэ (яп. 大江 健三郎), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1994 году. Папулярнасць гэтага пісьменніка на радзіме і за яе межамі настолькі высокая, што ў 2007 годзе ў Японіі пачала ўручацца літаратурная прэмія імя Оэ.

  • 1955

    Памёр Міхаіл Лазінскі (рус. Михаил Лозинский, нар. 8 ліпеня 1886), рускі паэт, перакладчык і тэарэтык перакладу, адзін са стваральнікаў савецкай школы паэтычнага перакладу. Сярод яго самых знакамітых працаў – рускія “Гамлет”, “Макбэт”, “Атэла”, “Сон у летнюю ноч” Ўільяма Шэкспіра, “Сабака на сене”, “Фуэнтэ Авехуна” Лопэ дэ Вэгі, “Боская камедыя” Дантэ, “Тарцюф” Мальера, “Кала Бруньён” Рамэна Ралана і многае іншае.

  • 1956

    Памёр Алан Аляксандр Мілн (анг. Alan Alexander Milne, нар. 18 студзеня 1882), ангельскі пісьменнік, перадусім вядомы як аўтар аповесцяў пра Віні-Пуха, якія пачаў пісаць для свайго сына Крыстафера Робіна. Нягледзячы на тое, што да выхаду кніг пра Віні-Пуха Мілн быў ужо досыць вядомым драматургам, большасць яго твораў цяпер знаходзяцца ў цені цыклу пра знакамітае мядзведзяня. На беларускую мову тэкст пераказаў Віталь Воранаў (кніга выйшла пад назвай “Віня-Пых”).