Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Мікалай Рэй (польск. Mikołaj Rej, памёр паміж 8 верасня і 4 кастрычніка 1569), польскі пісьменнік і музыка, палітычны і грамадскі дзеяч эпохі Адраджэння. Ён, адзін з першых польскіх паэтаў, які пісаў на польскай мове, а не на лаціне, лічыцца “бацькам польскай літаратуры”. Акрамя таго, Рэй першым у польскай літаратуры атрымаў вялікую ўзнагароду за сваю творчасць – адну вёску яму падараваў кароль Жыгімонт І Стары, другую – Жыгімонт ІІ Аўгуст.
Нарадзіўся П’ер Карле дэ Шамблен дэ Марыво (фр. Pierre Carlet de Chamblain de Marivaux, памёр 12 лютага 1763), французскі драматург і празаік. Напісаў вялізную колькасць п’есаў і некалькі раманаў. Яго імя дало назву панятку марывадажа, то бок вытанчанага і нават вычварнага галантнага стылю. Тэатр Марыво – гэта пераход ад італьянскай камедыі масак з яе традыцыйнымі персанажамі да больш сучаснага і літаратурнага тэатру. Шматлікія даследчыкі бачаць у Марыво майстра маскі і алегорыі. Драматург памёр амаль забытым, але цікавасць да яго адрадзілася ў ХХ стагоддзі. Цяпер яго п’есы актыўна ставяць у тэатрах, паводле іх таксама здымаюць кіно.
Нарадзіўся Жуан Батыста да Сілва Лейтан ды Алмэйда Гарэт (партуг. João Baptista da Silva Leitão de Almeida Garrett), партугальскі пісьменнік. Лічыцца пачынальнікам рамантызму ў Партугаліі. Пісаў як лірычную паэзію, так і паэмы, п’есы. Некаторыя яго празаічныя п’есы называюць найлепшымі ў партугальскай літаратуры, напрыклад, “Брат Луіш ды Соўза” (Frei Luís de Sousa, 1844). Памёр у Лісабоне 9 снежня 1854.
Нарадзіўся Жуан Батыста да Сілва Лейтан ды Алмэйда Гарэт (парт. João Baptista da Silva Leitão de Almeida Garrett, памёр 9 снежня 1854), партугальскі пісьменнік і палітычны дзеяч, віконт (з 1851). Лічыцца пачынальнікам рамантызму ў Партугаліі. Аўтар зборнікаў “Бясплодныя кветкі” (Flores sem fruto, 1845), “Апалае лісце” (Folhas cahidas, 1852) і многіх п'ес і паэм. Некаторыя яго п'есы лічацца найлепшымі ў партугальскай літаратуры (“Брат Луіш ды Соўза” (Frei Luis de Sousa, 1844)). Вакол яго гуртаваліся тагачасныя літаратурныя сілы Партугаліі.
Нарадзіўся Ёзаф Каэтан Тыл (чэшск. Josef Kajetán Tyl, памёр 11 ліпеня 1856), чэшскі драматург і паэт, аўтар тэксту нацыянальнага гімна Чэхіі “Дзе Радзіма мая” (Kde domov můj). Арганізатарскую і драматычную дзейнасць па стварэнні чэшскага нацыянальнага тэатру Ё. К. Тыл разглядаў як мэту свайго жыцця. Яго п’есы дагэтуль ідуць на сцэне чэшскіх тэатраў.
Нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (памёр 29 снежня 1884), беларускі драматург, паэт, заснавальнік нацыянальнай драматургіі і тэатру. Арганізаваў тэатральную трупу – першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў фальварку Люцынка, а таксама ў Мінску, Бабруйску і іншых месцах. Напісаў камедыі “Залёты”, “Сялянка” (“Ідылія”), “Пінская шляхта” (аўтарства аспрэчваецца) і інш. Значная частка яго твораў, у тым ліку камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара. Распрацаваў у беларускай літаратуры новыя жанры: вершаваныя аповесць і апавяданне.
Нарадзіўся Уга Бэці (іт. Ugo Betti, памёр 9 чэрвеня 1953), італьянскі драматург, на думку крытыкі, найбуйнейшая фігура італьянскай сцэны пасля Пірандэла. Драмы Бэці, часцей за ўсё звязаныя з тэмай злачынства, віны і суда, перакладзеныя на шэраг моваў, ставіліся ў многіх краінах свету, экранізуюцца да сённяшняга дня (фільмы па ягоных п'есах ставілі Раберта Раселіні, Геза фон Радвані і інш.). Часам пісьменніка называюць італьянскім Кафкам.
Нарадзіўся Фрыдрых Глаўзер (ням. Friedrich Charles Glauser, памёр 8 снежня 1938), швейцарскі нямецкамоўны пісьменнік. У дзяцінстве ў яго дыягнаставалі шызафрэнію, але гэта не перашкодзіла Глаўзеру два гады праслужыць у Замежным легіёне. Праславіўся ён востракрытычнымі раманамі пра людзей “дна”, якія не ўпісваюцца ў грамадства. За гэта яго празвалі “швейцарскім Сіменонам”. Яго кнігі перакладзеныя на асноўныя еўрапейскія мовы, яны зрабілі ўплыў на прозу Ф. Дзюрэнмата. Памёр Глаўзер ад перадазіроўкі наркотыкамі, сухотаў і наступстваў чэрапна-мазгавой траўмы.
Нарадзіўся Жак Прэвэр (фр. Jacques Prévert, памёр 11 красавіка 1977), французскі паэт і кінадраматург. Свой першы паэтычны зборнік “Словы” (Paroles, 1946) Прэвэр выдаў, калі быў ужо даволі вядомым літаратарам, выбітным сцэнарыстам, аўтарам тэкстаў да шматлікіх знакамітых песняў. На дадзены момант зборнік выдадзены накладам у 3 мільёны асобнікаў.
Нарадзіўся Арсень Ліс, беларускі літаратуразнаўца. Выдаў кнігі “Браніслаў Тарашкевіч” (1966), “Мікола Шчакаціхін” (1968), “Пётра Сергіевіч” (1970), “Купальскія песні” (1974), “Пякучай маланкі след” (1981), “Вечны вандроўнік” (1984), “Песню – у спадчыну” (1989), “Валачобныя песні” (1989), “Gloria victis” (2010). Даследчык фальклору, адзін з аўтараў навучальнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ “Беларуская народна-паэтычная творчасць” (1979). Укладальнік зборнікаў “Беларускія народныя песні” (1970), “Жніўныя песні” (1974), “Восеньскія і талочныя песні” (1981), “Купальскія і пятроўскія песні” (1985), “Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы” (з Я. Саламевічам, 1984). Аўтар сцэнароў дакументальных фільмаў “Песня на ўсё жыццё” (з І. Цішчанкам, зняты ў 1984) і “Прысады жыцця” (з А. Вялюгіным, зняты ў 1985).
Нарадзіўся Сігітас Гяда (літ. Sigitas Geda, памёр 12 снежня 2007), літоўскі паэт, драматург, эсэіст, літаратурны крытык, перакладчык, аўтар больш за 10 кніг вершаў і паэмаў, кніг вершаў для дзяцей, некалькіх зборнікаў артыкулаў, шэрагу лібрэта, сцэнару музычнага фільма “Чортава нявеста”. Пераклаў на літоўскую мову “Песню песняў” і Каран (выйшаў у 2007 і выклікаў неадназначныя ацэнкі адносна вольнага перакладу), а таксама шэраг твораў з рускай, польскай, ангельскай, французскай і іншых моваў. На беларускую мову вершы Гяды перакладаў А. Разанаў (зборнік літоўскай паэзіі “Белы замак на гары”, 1992).
Памёр Ніл Кэсэдзі (Neal Leon Cassady, нар. 8 лютага 1926), амерыканскі пісьменнік, адзін з найярчэйшых герояў бітніцкага руху 1950-х, найбольш вядомы як прататып Дзіна Марыярці ў рамане Джэка Керуака “На дарозе” (On the Road). Героем сваіх твораў яго зрабілі таксама Кен Кізі, Том Вулф, Хантэр Томпсан і іншыя.
Памёр Аркадзь Куляшоў, беларускі пісьменнік і перакладчык (нар. 6 лютага 1914). У яго перакладах выйшлі: раман Г. Эрыксана “Валацужная Амерыка” (1932), паэма А. Пушкіна “Цыганы” (1937) і раман у вершах “Яўгеній Анегін” (1949), паэма А. Парніса “Сказанне пра Белаяніса” (1959), “Выбраная паэзія” М. Лермантава (1969), паэма “Энеіда” І. Катлярэўскага (1969), “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфэла (1969), зборнік вершаў К. Куліева “Кніга зямлі” (1974), “Выбранае” С.Ясеніна (з Р. Барадуліным, 1976), асобныя творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф'ева, М. Рыльскага, А. Малышкі, М. Нагнібеды, Р. Гамзатава і інш.