Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Ёст ван дэн Вондэл (нід. Joost van den Vondel, нар. 17 лістапада 1587), нідэрландскі паэт і драматург, найярчэйшы прадстаўнік “залатога веку” нідэрландскай літаратуры. Ведаў шмат сучасных і старажытных моваў, грэцкую вывучыў і пачаў з яе перакладаць у 60 гадоў. Галоўны твор Вондэла – драматычная трылогія “Люцыфер” (Lucifer, 1654), “Адам у выгнанні, альбо Трагедыя трагедый” (Adam in ballingschap of Alter treurspelen treurspel, 1664), “Ной, альбо Пагібель першага свету” (Noah of Ondergang der eerste wereld, 1667). У даследчыкаў няма сумневаў, што без “Люцыфера” Вондэла не было б мілтанаўскага “Страчанага раю”, які, дарэчы, пачынаецца з таго самага моманту, на якім заканчваецца “Люцыфер”. На рускую мову трылогію Вондэла пераклаў Я. Віткоўскі.
Нарадзіўся Юхан Людвіг Рунэберг (шведск. Johan Ludvig Runeberg, памёр 6 траўня 1877), фінскі шведскамоўны паэт. З ягоных твораў найбольш вядомы эпічны цыкл “Аповеды прапаршчыка Столя” (Fänrik Ståhls sägner), адзін з вершаў якога, пад назвай “Наша зямля” (шведск. Vårt land, фінск. Maamme), у фінскім перакладзе зрабіўся гімнам Фінляндыі. Жонка Рунэберга Фрэдрыка таксама была пісьменніцай, яе гістарычныя раманы былі аднымі з першых узораў гэтага жанру ў фінскай літаратуры. Апошнія 13 гадоў жыцця Рунэберг быў паралізаваны і не мог займацца літаратурнай творчасцю. Рунэберг перакладаў на шведскую Пушкіна, Жукоўскага, украінскія і сербскія песні. На беларускую мову верш Рунэберга “Паво” пераклаў Максім Багдановіч. Дзень нараджэння паэта (5 лютага) адзначаецца ў Фінляндыі як Дзень Рунэберга.
Нарадзіўся Жарыс-Карл Гюісманс (фр. Joris-Karl Huysmans, памёр 12 траўня 1907), французскі пісьменнік і мастацкі крытык, першы прэзідэнт Ганкураўскай акадэміі (з 1900). Усё жыццё праслужыў чыноўнікам у Міністэрстве ўнутраных справаў. У 1870-х – 1880-х гадах пісаў у рэчышчы натуралістычнай школы (раманы “Марта” (1876), “Сёстры Ватар” (1879) і інш.). Напісаны ў 1884 годзе раман Гюісманса “Наадварот” (À rebours) лічыцца маніфестам еўрапейскага дэкадансу ХІХ стагоддзя. У Беларусі па творчай эвалюцыі Гюісманса абараніў кандыдацкую дысертацыю Мікола Шакель.
Памёр Томас Карлайл (англ. Thomas Carlyle, нар. 4 снежня 1795), брытанскі пісьменнік, гісторык і філосаф шатландскага паходжання, аўтар шматтомных твораў “Французская рэвалюцыя” (1837), “Героі, ушанаванне герояў і іх роля ў гісторыі” (1841), “Гісторыя жыцця Фрыдрыха ІІ Прускага” (1858—1865). Вядомы як адзін з бліскучых стылістаў віктарыянскай эпохі.
Нарадзіўся Ўільям Бэроўз (анг. William Seward Burroughs, памёр 2 жніўня 1997), амерыканскі пісьменнік, адзін з галоўных прадстаўнікоў пакалення бітнікаў. Пасля заканчэння Гарварда Бэроўз у 1937 годзе скіраваўся ў Вену, дзе неўзабаве фіктыўна ажаніўся з габрэйкай Ільзай Клапер, ратуючы яе ад нацыстаў. 6 верасня 1951 году адбываецца падзея, якая вызначыла пісьменніцкі лёс Бэроўза: гуляючыся ў “Вільгельма Тэля”, ён, п’яны, смяротна параніў сваю жонку Джоан Волмер. Большасць сваіх твораў Бэроўз напісаў “метадам нарэзак”, трансфармуючы тэхніку пісьма, прапанаваную дадаістамі ў 1920-х гг.: ва ўсіх падарожжах пісьменнік не расставаўся з сшыткам, раскрэсленым на тры калонкі, у першую з якіх ён запісваў факты пра тое, што адбываецца навокал, урыўкі пачутых фразаў, у другую – уласныя ўражанні, думкі і ўспаміны, у трэцюю – цытаты. З гэтых запісаў і паўставала кніга, толькі, у адрозненне ад дадаістаў, Бэроўз вельмі старанна кампанаваў кавалкі і рэдагаваў тэкст. Бэроўз – аўтар раманаў “Джанкі” (Junkie, 1953), “Підар” (Queer, 1951–1953, надрукаваны 1985), “Голы сняданак” (The Naked Lunch, 1959), “Мяккая машына” (The Soft Machine, 1961), “Размова мёртвых пальцаў” (Dead Fingers Talk, 1963), “Шалёныя хлопчыкі” (Wild Boys, 1971), “Порт святых” (Port of Saints, 1971), “Прастора мёртвых дарог” (The Place of Dead Roads, 1983), “Кот унутры” (The Cat Inside, 1986) і інш.
Памерла Марыяна Мур (анг. Marianne Moore, нар. 15 лістапада 1887), амерыканская паэтка, адна з асноўных прадстаўніц амерыканскага рамантызму, лаўрэатка шэрагу прэміяў (улучаючы Пулітцэраўскую ў 1951 і National Book Award). Т. С. Эліят называў творчасць Мур “часцінкай таго вельмі рэдкага рэчыва, якое называецца неэфемернай сучаснай паэзіяй). У 1955 годзе супрацоўнічала з “Фордам”, прыдумляючы назвы для новых мадэляў аўтамабіляў.
Памёр Масей Сяднёў (нар. 19 жніўня 1913), беларускі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Мсціслаўскім тэхнікуме, якога не скончыў праз арышт 24 кастрычніка 1936. Пасля суду высланы на Калыму, адкуль быў прывезены ў чэрвені 1941 на перагляд справы і неўзабаве адпушчаны канвоем праз набліжэнне нямецкага войска. У 1943 годзе з’ехаў у Беласток, праз год – у Берлін, з 1950 году жыў у ЗША. Аўтар раманаў “Раман Корзюк” (1985), “І той дзень надышоў” (1987), зборніка вершаў “Патушаныя зоры” (1992), кнігі ўспамінаў “Масеева кніга” (2007). Перакладаў Гёльдэрліна, Гётэ, Рыльке.