Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джорэ Држыч (харв. Džore Držić, іт. Giorgio Darsa, памёр 26 верасня 1501), харвацкі паэт і драматург, адзін з “бацькаў” харвацкай літаратуры, прадстаўнік Далмацінскага Рэнесансу. У 1487 годзе зрабіўся святаром. Лічыўся адным з найлепшых прамоўцаў свайго часу. Эклога Држыча Radmio і Ljubmir зрабілася першай харвацкай п’есай на свецкую тэму і пачала новы этап развіцця харвацкага тэатра. Петраркісцкая паэзія Држыча, асабліва зборнік “Любоўныя вершы” (Pjesni ljuvene) была вельмі папулярная сярод яго суайчыннікаў.
Памёр Жак Аміё (фр. Jacques Amyot, нар. 30 кастрычніка 1513), французскі пісьменнік, перакладчык і педагог. Аміё зрабіў пераклады шэрагу грэцкіх класікаў на французскую мову: амаль усе творы Плутарха, у тым ліку ”Паралельныя жыццяпісы”, сем кніг з “Гістарычнай бібліятэкі” Дыядора Сіцылійскага, “Эфіопіка” Геліядора і “Дафніс і Хлоя” Лонга.
Нарадзіўся Нікало Уга Фоскала (іт. Niccolò Ugo Foscolo, памёр 10 верасня 1827), італьянскі паэт, празаік і грамадскі дзеяч. Лічыцца самым вядомым літаратарам свайго пакалення і першым італьянскім мысляром перадрамантызму.
Памёр Карла Гальдоні (іт. Carlo Goldoni, нар. 25 лютага 1707), венецыянскі драматург. Лічыцца заснавальнікам “камедыі характару” у супрацьпастаўленне імправізаванай камедыі дэль артэ; герояў браў з паўсядзённага жыцця, за што папракаўся некаторымі сучаснікамі. Атрымаў юрыдычную адукацыю. З 1734 году працаваў драматургам у тэатрах Венецыі, з 1762-га кіраваў тэатрам італьянскай камедыі ў Парыжы. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя “Велізарый” (1734). Пісаў на італьянскай, французскай мовах, а таксама на венецыянскім дыялекце. Аўтар 267 п’есаў: 155 камедый у прозе і вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта операў.
Нарадзіўся Максім Гарэцкі, беларускі празаік, драматург, крытык, літаратуразнавец, лексікограф, перакладчык, фалькларыст (памёр 10 лютага 1938) Напісаў і выдаў “Гісторыю беларускае літаратуры” (з 1919 па 1926 было чатыры выданні). У 1920-я гады зрабіў празаічны пераклад “Слова пра паход Ігаравы”, які быў апублікаваны ў складзенай самім Гарэцкім “Хрэстаматыі беларускай літаратуры” (Вільня, 1922). У сваёй кнізе “Гісторыя беларускае літаратуры” Максім Гарэцкі сярод іншага адзін з першых даследаваў перакладную старабеларускую літаратуру.
Нарадзіўся Аркадзь Куляшоў, беларускі пісьменнік і перакладчык (памёр 4 лютага 1978). У яго перакладах выйшлі раман Г. Эрыксана “Валацужная Амерыка” (1932), паэма А. Пушкіна “Цыганы” (1937) і раман у вершах “Яўгеній Анегін” (1949), паэма А. Парніса “Сказанне пра Белаяніса” (1959), “Выбраная паэзія” М. Лермантава (1969), паэма “Энеіда” І. Катлярэўскага (1969), “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфэла (1969), зборнік вершаў К. Куліева “Кніга зямлі” (1974), “Выбранае” С. Ясеніна (з Р. Барадуліным, 1976), асобныя творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф'ева, М. Рыльскага, А. Малышкі, М. Нагнібеды, Р. Гамзатава і інш.
Памёр Рубэн Дарыа (гішп. Rubén Darío, нар. 18 студзеня 1867), знакаміты нікарагуанскі паэт і дыпламат, вядомы як “прынц кастыльскай літаратуры”, “бацька гішпанамоўнага мадэрнізму” дзякуючы велізарнаму ўнёску ў развіццё гішпанамоўнай паэзіі XX стагоддзя. Яго родны горад Метапа быў перайменаваны ў яго гонар у Сьюдад Дарыа. Наследаваў французскім парнасцам і сімвалістам, трымаўся верленаўскага прынцыпу “музыка перадусім”.
Выйшаў дэкрэт, якi надаў беларускай, габрэйскай (iдыш), польскай і рускай мовам статус дзяржаўных у БССР.
Памёр Джэймс Хэдлі Чэйз (анг. James Hadley Chase, сапр. Рэнэ Брабазон Рэйманд, нар. 24 снежня 1906), ангельскі пісьменнік, аўтар больш як 90 дэтэктыўных раманаў. Раманы Чэйза папулярныя ў Азіі і Афрыцы, многія спачатку выходзілі ў Францыі, а потым у астатніх краінах. Шэраг твораў быў экранізаваны. Пісьменнік быў вельмі папулярны ў СССР падчас перабудовы. Чэйза неаднаразова абвінавачвалі ў плагіяце.