Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Роберт Бёртан (анг. Robert Burton, памёр 25 студзеня 1640), ангельскі пісьменнік, святар і навуковец. Самы вядомы твор Бёртана – “Анатомія меланхоліі” (The Anatomy of Melancholy), трактат, падзелены на тры асноўныя часткі: першая акрэслівае і апісвае розныя віды меланхоліі, другая прапаноўвае віды лекавання, а трэцяя аналізуе любоўную і рэлігійную меланхолію.
Нарадзіўся Жуль Габрыэль Вэрн (фр. Jules Gabriel Verne, памёр 24 сакавіка 1905), французскі пісьменнік і географ. Лічыцца класікам прыгодніцкай літаратуры, а таксама адным з заснавальнікаў навуковай фантастыкі. У сваіх творах Ж. Вэрн прадказаў шэраг навуковых адкрыццяў, сярод іх – тэлебачанне, акваланг, электрычнае крэсла і многае іншае.
Памёр Францэ Прэшэрн (славенск. France Prešeren), славенскі паэт і нацыянальны дзеяч (нар. 3 снежня 1800). Класік славенскай літаратуры, пісаў у рэчышчы рамантызму, славенскі паэт “нумар адзін”. Вяршыняй творчасці лічыцца “Вянок санетаў” (Sonetni Venec, 1834). Дзень смерці Прэшэрна абвешчаны дзяржаўным святам. Сёмая страфа ягонага верша Zdravljica (“Тост”) у 1989 годзе стала дзяржаўным гімнам Славеніі.
Нарадзіўся Іван Мележ, беларускі пісьменнік (памёр 9 жніўня 1976). Дэбютаваў у літаратуры вершамі ў 1939 годзе. Ваяваў на фронце і быў паранены ў 1942 годзе. Аўтар славутай трылогіі “Палеская хроніка”, якая ўключае раманы “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань”. Раманы двойчы экранізаваліся.
Нарадзіўся Тадэвуш Гайцы (польск. Tadeusz Gajcy, памёр 16 жніўня 1944), польскі паэт з “пакалення Калумбаў”. Загінуў у Варшаўскім паўстанні. Перажыванні маці загінулага Тадэвуша Гайцы апісваюцца ў “Баладзе” Чэслава Мілаша.
Памёр Аляксандр Чак (латышск. Aleksandrs Čaks, сапр. Аляксандр Чадарайніс; нар. 27 кастрычніка 1901), латышскі паэт і празаік, якога лічаць пачынальнікам урбаністычнай паэзіі ў Латвіі. У 1928 годзе пабачыў свет яго першы паэтычны зборнік “Seši”, прысвечаны Рызе. У сваіх вершах паэт закранаў тэмы, дагэтуль не адлюстраваныя ў латышскай паэзіі, — начное жыццё горада, беспрытульнікі, прастытуткі, бедната. У 1949 годзе, калі Латвія ўжо ўваходзіла ў склад СССР, Чака абвінавачваюць у адыходзе ад марксісцкіх каштоўнасцяў і пісанні палітычна няправільных вершаў. Гэтае абвінавачанне моцна паслабіла стан яго здароўя, і 8 лютага 1950 паэт памёр ад хваробы сэрца. Вершы Чака на беларускую перакладаў Васіль Сёмуха.
Памёр Хальдаўр Кільян Лахснэс (ісл. Halldór Kiljan Laxness, нар. 23 красавіка 1902), ісландскі пісьменнік. Лаурэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1955 году з фармулёўкай “за яскравую эпічную сілу, якая адрадзіла вялікае апавядальнае мастацтва Ісландыі”.
Памерла Айрыс Мёрдак (анг. Jean Iris Murdoch, нар. 15 ліпеня 1919), англа-ірландская пісьменніца і філосаф. Лаўрэат Букераўскай прэміі. Адна з самых значных раманістак ХХ стагоддзя памерла ў доме для састарэлых.