Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Анарэ д’Юрфэ (фр. Honoré d'Urfé, памёр 1 чэрвеня 1625), французскі пісьменнік. Вучыўся ў езуіцкім каледжы, у 1590 уступіў у Каталіцкую Лігу герцага Гіза; трапіўшы ў палон у 1595, пачаў пісаць свае “Маральныя пасланні” (Epistres morales) у трох кнігах. Самы вядомы твор д’Юрфэ – вялізны пастаральны раман “Астрэя” (L’Astrée): у першым выданні ён налічваў 5399 старонак. Пяты том быў фактычна цалкам напісаны сакратаром д’Юрфэ Бальтазарам Баро і выдадзены пасля смерці Юрфэ. Фінал Баро супярэчыць агульнай логіцы папярэдніх частак (магчыма, аўтар пятага тому не чытаў папярэдніх :)), нашмат больш праўдападобны фінал быў прапанаваны ў 1626 годзе Марэнам Леруа дэ Гамбервілем.
Нарадзіўся Бернар ле Баўе дэ Фантэнэль (фр. Bernard le Bovier de Fontenelle; памёр 9 студзеня 1757), французскі пісьменнік і навуковец, пляменнік П'ера Карнэля. Стогадовы Фантэнэль перад смерцю на пытанне лекара, што ён адчувае, адказаў: “Адчуваю цяжар быцця”.
Нарадзілася Эльза Ласкер-Шулер (ням. Else Lasker-Schüler, памерла 22 студзеня 1945), нямецкая паэтка габрэйскага паходжання, што пісала ў рэчышчы экспрэсіянізму. Пасля публікацыі ў 1911 годзе другога паэтычнага зборніка Ласкер-Шулер “Мае цуды” (Meine Wunder, 1911) пра яе загаварылі як пра першую паэтку-экспрэсіяністку. У адзін вечар з Ласкер-Шулер у берлінскім “Неапатэтычным кабарэ” дэбютаваў паэт Георг Гайм. Эльзе Ласкер-Шулер прысвечаныя многія вершы Готфрыда Бэна, які быў адным з яе найлепшых сяброў. У 1939 годзе паэтка атрымала прэстыжную Кляйстаўскую прэмію і прыдбала шырокую вядомасць у Германіі, што, аднак, не ўратавала яе ад нацыстаў. 19 красавіка 1933 яна падверглася нападу штурмавікоў, пасля чаго эмігравала ў Цюрых. Яе прах пахаваны на Элеонскай гары ў Ерусаліме.
Нарадзіўся Сідні Шэлдан (анг. Sidney Sheldon, памёр 30 студзеня 2007), амерыканскі пісьменнік і сцэнарыст. Шэлдан пачаў сваю кар’еру, пішучы сцэнары для галівудскіх фільмаў, потым пісаў тэксты для брадвейскіх мюзіклаў, пакуль урэшце не заняўся раманістыкай. Ужо другі раман Шэлдана, “Адваротны бок поўначы” (The Other Side of Midnight) зрабіўся бэстсэлерам. У 2005 годзе пісьменнік выдаў біяграфію “Адваротны бок мяне” (The Other Side of Mе), дзе апроч усяго іншага расказаў, што амаль усё жыццё пакутаваў на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром.
Памёр Бертыл Мальмберг (шведск. Bertil Frans Harald Malmberg, нар. 13 жніўня 1889), шведскі празаік, паэт і перакладчык. Лаўрэат літаратурных прэмій, у тым ліку вялікай прэміі Шведскай акадэміі.
Памерла Сільвія Плат (анг. Sylvia Plath, нар. 27 кастрычніка 1932), амерыканская паэтка. Пры жыцці Плат выйшлі толькі яе паэтычны зборнік “Калос” (The Colossus and Other Poems, 1960) і раман з элементамі аўтабіяграфіі “Пад шкляным каўпаком” (The Bell Jar, 1963, пад псеўданімам Вікторыя Лукас). Зборнік “Арыэль”, які выйшаў у 1965, здабыў неверагодную папулярнасць, а за збор вершаў Плат у 1982-м пасмяротна была прысуджаная Пулітцэраўская прэмія. Гэты зборнік склаў муж пісьменніцы, брытанскі паэт Тэд Х’юз, за якога Сільвія выйшла замуж у 1956-м і з якім развялася ў снежні 1962-га. Пасля самагубства Плат Х’юза доўга вінавацілі ў яе смерці. Праз шэсць гадоў пасля смерці Плат каханка Х’юза Ася Вэвіл, пазбавіўшы жыцця сваю дачку, забіла сябе такім самым спосабам – выпіла снатворнае і, уключыўшы газ, засунула галаву ў духоўку. У 2009 годзе скончыў жыццё самагубствам сын Плат і Х’юза Нікалас Фарар Х’юз.
Памёр Хары Эдмунд Мартынсан (шведск. Harry Edmund Martinson, нар. 6 траўня 1904), шведскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1974 году (у гэтым годзе прэмію атрымаў таксама Эйвінд Юнсан) – “за творчасць, у якой ёсць усё – ад кроплі расы да космасу”. Скончыў жыццё самагубствам, зарэзаўшы сябе нажніцамі.
Памёр Фрэнк Герберт (анг. Frank Patrick Herbert, нар. 8 кастрычніка 1920), амерыканскі пісьменнік-фантаст, вядомы перш за ўсё як аўтар цыклу “Хронікі Дзюны” (Dune universe), асабліва першага рамана з гэтага цыклу — “Дзюна” (Dune). Сага пра Дзюну, дзеянне якой адбываецца ў далёкай будучыні і працягваецца пяць тысячагоддзяў, уздымае такія пытанні, як выжыванне чалавецтва ў працэсе эвалюцыі, праблемы экалогіі, узаемадзеянне рэлігіі, палітыкі і ўлады. Многія лічаць гэты цыкл класікай навуковай фантастыкі.
Памерла Дэсанка Максімавіч (сербск. Десанка Максимовић, нар. 16 траўня 1898), сербская паэтка і празаік, сябра Сербскай акадэміі навук і мастацтваў з 1959 году. Знакамітая сваёй любоўнай і патрыятычнай лірыкай. Найбольш вядомы зборнік — “Патрабую памілавання: Спрэчка паэта з законнікам цара Душана” (Тражим помиловање, лирска дискусија с Душановим закоником, 1964), у якім у форме маналогаў цара і адказаў паэткі яна выступае ў абарону народа, слабых і безабаронных, паэзіі і кахання.