Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр П’ер Карле дэ Шамблен дэ Марыво (фр. Pierre Carlet de Chamblain de Marivaux, нар. 4 лютага 1688), французскі драматург і празаік. Напісаў вялізную колькасць п’есаў і некалькі раманаў. Яго імя дало назву панятку марывадажа, то бок вытанчанага і нават вычварнага галантнага стылю. Тэатр Марыво – гэта пераход ад італьянскай камедыі масак з яе традыцыйнымі персанажамі да больш сучаснага і літаратурнага тэатру. Шматлікія даследчыкі бачаць у Марыво майстра маскі і алегорыі. Драматург памёр амаль забытым, але цікавасць да яго адрадзілася ў ХХ стагоддзі. Цяпер яго п’есы актыўна ставяць у тэатрах, паводле іх таксама здымаюць кіно.
Нарадзіўся Фрыдрых дэ ля Мот Фуке (ням. Friedrich Heinrich Karl de la Motte Fouqué, памёр 23 студзеня 1843), нямецкі паэт-рамантык. Паходзіў з французскіх гугенотаў, аселых у Прусіі. Ведаў грэцкую, лацінскую, старафранцузскую, гоцкую, ангельскую, скандынаўскую, гішпанскую мовы, шмат перакладаў Гамэра, Тацыта, Ксенафонта, Шэкспіра, Байрана, сябраваў з Цікам, Кляйстам, Гофманам, які паводле значэння ставіў Фуке побач з Навалісам. Самы вядомы твор Фуке – навела “Ундына” (1811), якая ўвайшла ў сусветную літаратуру і якой захапляліся, сярод іншых, Эдгар По і Гофман. Апошні, прачытаўшы “Ундыну”, папрасіў Фуке знайсці таго, хто перапіша яе вершамі для лібрэта оперы, што Фуке зрабіў сам. “Ундына” лічыцца найлепшай операй Гофмана. Фуке называюць прататыпам Лютэра з гофманаўскіх “Серапіёнавых братоў”. У апошнія гады жыцця Фуке пачаў піць і памёр у студзені 1843 на прыступках свайго дома.
Нарадзіўся Джордж Мерэдыт (анг. George Meredith, памёр 18 траўня 1909), адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў віктарыянскай эпохі. Самы вядомы яго раман – “Эгаіст” (The Egoist, 1879). У 21 год ажаніўся з 30-гадовай дачкой сатырыка Томаса Лава Пікака, аўтара “Абацтва кашмараў”, якая праз 9 гадоў кінула яго, забраўшы з сабой 5-гадовага сына. Гэтыя падзеі леглі ў аснову першага рамана Мерэдыта “Цяжар Рычарда Фаверэла” (The Ordeal of Richard Feverel, 1859). Оскар Ўайлд пісаў пра Мерэдыта ў эсэ “Заняпад маны”: “Ягоны стыль – хаос, які асвятляюць успышкі маланак. Яму як пісьменніку падуладна ўсё, апроч мовы; як раманіст ён засвоіў усе мастацтвы, апроч мастацтва аповеду; як мастак ён валодае ўсімі вартасцямі, апроч здольнасці да самавыяўлення”.
Нарадзіўся Казімеж Пшэрва-Тэтмаер (польск. Kazimierz Przerwa-Tetmajer, памёр 18 студзеня 1940), польскі пісьменнік. Па матывах фальклору польскіх горцаў напісаў празаічны цыкл “На Скалістым Падгаллі” (Na skalnym Podhalu), у якім выкарыстаў падгальскі дыялект і які лічыцца ягоным найлепшым творам. У апошнія гады жыцця страціў зрок і пакутаваў на псіхічную хваробу. У студзені 1940 году быў выкінуты немцамі з “Еўрапейскага гатэля” і перавезены ў шпіталь немаўляці Ісуса, дзе неўзабаве памёр. Згодна са сваім пажаданнем, быў пахаваны на Павонзках у магіле свайго пазашлюбнага сына Казімежа Станіслава, якога доўгі час не прызнаваў і які памёр раней за бацьку, захварэўшы на алкагалізм і ўчыніўшы самагубства.
Адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю беларускага прафесійнага і аматарскага тэатральнага мастацтва. Вечарынка была арганізаваная А. Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газеты "Наша ніва". Удзельнічала ў ёй каля 100 чалавек, прысутнічала каля 1000 гледачоў. Былі прадстаўленыя: спектакль "Па рэвізіі" М. Крапіўніцкага (пастаноўка А. Бурбіса), харавыя творы "А хто там ідзе?" (муз. Л. Рагоўскага на словы Я. Купалы), "Чаму ж мне не пець" і іншыя беларускія народныя песні (дырыжор Л. Рагоўскі), народныя танцы "Лявоніха", "Мяцеліца", "Юрка", "Верабей" (пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага).
Нарадзіўся Серж Мінскевіч, беларускі паэт і перакладчык. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў "Бум-Бам-Літу". Аўтар кніг паэзіі “Праз галеРэю” (1995), “Менскія санеты” (2002), дзіцячай вершаванай казкі “Прыгоды Какоса Маракоса”. Пераклаў “Крымскія санеты” і “Дзяды” Адама Міцкевіча, паэму “Міндоўг, кароль літоўскі” Юльюша Славацкага, а таксама творы Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Яраслава Івашкевіча, Паўла Гюле, Дароты Маслоўскай і інш.
Памёр Хуліё Картасар (гішп. Julio Cortázar, сапр. Хулес Фларэнсіё Картасар; нар. 26 жніўня 1914), аргентынскі празаік і паэт. У 1938 годзе дэбютаваў паэтычным зборнікам “Прысутнасць” (Presencia), але надалей вершаў больш не публікаваў, хаця пісаў іх усё жыццё. Найбольш вядомы як празаік, аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў (казаў, што “раман заўсёды выйграе па ачках, а апавяданне мусіць перамагчы накаўтам) і раманаў, з якіх найбольшую славу яму прынеслі “Гульня ў класікі” (Rayuela, 1963) і “62. Мадэль для зборкі” (62, modelo para armar, 1968). Пахаваны на парыжскіх могілках Манпарнас.