Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПадпісаныя "Страсбургскія клятвы" (лац. Sacramenta Argentariae, фр. Serments de Strasbourg. ням. Straßburger Eide), мірная дамова паміж заходнефранкскім каралём Карлам ІІ Лысым і яго братам, усходнефранкскім каралём Людовікам ІІ Нямецкім, якая ўтрымлівае найстаражытнейшы тэкст на французскай мове. Тэкст захаваўся ў лацінамоўнай працы гісторыка Нітгарда “Пра сваркі сыноў Людовіка Пабожнага”.
Нарадзіўся П’ер Клод Нівэль дэ ля Шасэ (фр. Pierre-Claude Nivelle de La Chaussée, памёр 14 траўня 1754), французскі драматург і паэт, найбольш вядомы п’есамі ў жанры “слязлівай камедыі” (comédie larmoyante), першая з якіх пад назвай “Меланіда” (Mélanide) была пастаўленая 12 траўня 1741 году.
Нарадзіўся Клод Крэбіён, альбо Крэбіён-сын (фр. Claude Prosper Jolyot de Crébillon, памёр 12 красавіка 1777), французскі пісьменнік, сын паэта і драматурга Праспэра Жаліё дэ Крэбіёна. Вучыўся ў езуіцкім калежы, аднак ад уступлення ў ордэн ухіліўся. Шэраг твораў Крэбіёна-сына адносіцца да папулярных у той час эпісталярных раманаў: “Лісты маркізы М*** графу Р***” (Lettres de la Marquise de M*** au Comte de R***, 1732), “Афінскія лісты” (Lettres athéniennes, 1771) і да т.п. “Усходні” раман “Шумоўка, альбо Танзаі і Неадарнэ” (L’Écumoire ou Tanzaï et Néadarné, 1734) выклікаў скандал і абвінавачанні ў рэлігійнай і палітычнай крамоле, за што яго аўтар ненадоўга трапіў у турму. Апроч таго, Крэбіён у гэтым рамане высмеяў стыль рамана Марыво “Жыццё Марыяны”, за што “дачакаўся” непрыхільных заўвагаў у свой адрас у чацвертай частцы рамана Марыво “Шчаслівы селянін”. Праз наступны “ўсходні” раман “Сафа” (Le Sopha, 1742), уплыў якога вельмі адчуваецца ў “Нясціплых скарбах” Дзідро, Крэбіён быў высланы з Парыжу. Самы знакаміты твор Крэбіёна, раман “Аблуды сэрца і розуму” (Les Égarements du cœur et de l’esprit, 1736 – 1738), расказвае гісторыю “выхавання пачуццяў” маладога чалавека, які засвойвае галантную навуку, і папярэднічае “Небяспечным сувязям” Шадэрло дэ Лакло.
Нарадзіўся Усевалад Гаршын (руск. Всеволод Гаршин, памёр 5 красавіка 1888), рускі празаік, паэт, мастацкі крытык. Служыў добраахвотнікам у дзейным войску падчас вайны з туркамі. У 1880 годзе, узрушаны смяротным пакараннем маладога рэвалюцыянера, Гаршын захварэў і быў змешчаны ў лякарню для псіхічнахворых. У пачатку красавіка 1888 Гаршын, выйшаўшы з кватэры, кінуўся ў лесвічны пралёт. Праз 5 дзён ён памёр у бальніцы Чырвонага Крыжа. Гаршын найбольш вядомы як празаік, які ўзаконіў у рускай літаратуры жанр навелы, што атрымаў поўнае развіццё у Чэхава. Гаршын быў адной з мадэляў для вобраза царэвіча на карціне Іллі Рэпіна “Іван Грозны і яго сын Іван 16 лістапада 1581 году”. На беларускую мову Гаршына ўпершыню пераклаў Ядвігін Ш. (апавяданне “Сігнал”).
Памёр Антоніё Гваданьёлі (іт. Antonio Guadagnoli, нар. 15 снежня 1798), італьянскі паэт, удзельнік вызваленчага руху 1830-х і 1840-х гадоў, аўтар гумарыстычных вершаў на палітычныя тэмы. Вершы паэта, лёгкія і даступныя для любых колаў чытачоў, папулярныя ў Італіі да сённяшняга дня.
Памёр Панцеляймон Куліш (укр. Пантелеймон Куліш, нар. 8 жніўня 1819), украінскі празаік, паэт, фалькларыст, этнограф, перакладчык, крытык, рэдактар, гісторык, выдавец. Стваральнік “кулішоўкі” — адной з ранніх версіяў украінскага алфавіту. Адзін з найбуйнейшых дзеячаў украінскага адраджэння, па папулярнасці супернічаў са сваім даўнім сябрам Т. Шаўчэнкам, аднак больш памяркоўныя пазіцыі Куліша па палітычных пытаннях і асабліва яго негатыўнае стаўленне да казацкага руху прывялі да старты ім папулярнасці сярод украінафілаў. За савецкім часам Куліш практычна не згадваўся ў школьным курсе ўкраінскай літаратуры. Па словах І. Франка, “Чорная рада” (“Чорна рада”, 1857) — найлепшы гістарычны твор ва ўкраінскай літаратуры.
Памёр Пэлем Грэнвіл Вудхаўз (анг. Pelham Grenville Wodehouse, нар. 15 кастрычніка 1881), ангельскі празаік, драматург, рыцар-камандор ордэна Брытанскай імперыі. Найбольш вядомы і папулярны цыкл раманаў і апавяданняў Вудхаўза пра маладога балбеса-арыстакрата Бэрці Вустэра і ягонага камердынера Джыўса. Звычайна рухальнік сюжэту наступны: Вустэр, “дзякуючы” паказальнай адсутнасці розуму і дальнабачнасці, трапляе ў чарговы пераплёт, і Джыўс бярэцца вызваляць яго ад гневу чарговай цёткі альбо ўчэпістых ручак чарговай нявесты (бо калі дама кажа “Я выйду за вас замуж”, што рабіць высакароднаму джэнтльмену, не адмаўляць жа). Дзякуючы Джыўсу, дарэчы, Бэрці не толькі ратуецца ад непрыемнасцяў, але і робіцца проста-такі наборам класічных цытатаў, што, аднак, не перашкаджае яму на пытанне сябра з клуба “Трутні” пра крыніцу цытаты адказваць “Так Джыўс гаворыць” альбо “Гэта нейкі хлопец, якога звалі Шэкспір”. У 1936 годзе ў Оксфардзе ў пакой, дзе займаліся студэнты, зайшоў адзін з выкладчыкаў, папрасіў ўсіх устаць і сказаў: “Джэнтльмены, сёння памёр Чэстэртан. Цяпер у Англіі застаўся толькі адзін добры пісьменнік – Вудхауз”. Выкладчыка звалі Джон Роналд Руэл Толкін.