Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Юльян Урсын Нямцэвіч (польск. Julian Ursyn Niemcewicz, памёр 21 траўня 1841), пісьменнік, гісторык, палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Працаваў паслом Чатырохгадовага сойму (1788 – 1792), удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. У часе паўстання 1794 г. быў ад’ютантам Т. Касцюшкі. Пісаў на польскай мове і лічыцца адным з найвыдатнейшых пісьменнікаў польскага Асветніцтва. Аўтар палітычнай камедыі “Вяртанне пасла” (1790), зборнікаў “Літоўскія лісты” (1812), дзе адлюстраванае мясцовае (беларускае) жыццё, і патрыятычнага цыклу “Гістарычныя песні” (1816), раманаў “Два паны Сяцехі” (1815), “Ян з Тэнчына” (1825) і інш. Выдаў “Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу” (т. 1–6, 1822 – 1833).
Нарадзіўся Жуль Жанэн (фр. Jules Gabriel Janin, памёр 19 чэрвеня 1874), французскі пісьменнік, крытык, журналіст, сябра Французскай акадэміі. Вядомасць яму прынеслі шматлікія тэатральныя фельетоны, якія ён друкаваў у Journal des Débats. Пры гэтым у яго не было ясна сфармуляванай эстэтычнай тэорыі, ён пісаў пад уплывам настрою. Апублікаваў шмат літаратурных твораў, найлепшым з якіх лічыцца “Канец аднаго свету і пляменніка Рамо” (La fin d’un monde et un Neveu de Rameau, 1861), напісаны па матывах аповесці Д. Дзідро, дзе таленавіта паказваецца жыццё французскага грамадства XVIII стагоддзя. У рускім перакладзе найбольш вядомы раман “Мёртвы асёл і гільятынаваная жанчына” (L'âne mort et la Femme guillotinée, 1829), які паўплываў на творчасць Пушкіна, Гогаля і іншых сучаснікаў.
Нарадзіўся Актаў Мірбо (фр. Octave Mirbeau, памёр 16 лютага 1917), французскі раманіст, драматург, мастацкі крытык, сябра Акадэміі Ганкураў. Моцны ўплыў на яго творчасць зрабілі ідэі анарха-індывідуалізму, а таксама эстэтыка дэкадэнцтва. Рэалізм ранніх раманаў, у ліку якіх “Галгофа” ( Le Calvaire, 1886), “Абат Жуль” (L’Abbé Jules, 1888), “Себасцьен Рок” (Sébastien Roch, 1890), вылучаецца яркімі натуралістычнымі рысамі. Больш познія раманы – “Сад пакутаў” (Le Jardin des supplices, 1899) і “Дзённік пакаёўкі” (Le Journal d’une femme de chambre, 1900) – утрымліваюць адкрытыя апісанні чалавечых жарсцяў і распусты. Творчасць Мірбо была вельмі папулярная ў Расіі, у пачатку XX ст. выйшаў поўны збор яго твораў у 10-ці тамах.
Памёр Джазуэ Кардучы (італ. Giosuè Carducci, нар. 27 ліпеня 1835), найбуйнейшы італьянскі паэт XIX стагоддзя, літаратуразнаўца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1906). Як паэт выступаў супраць рэлігійна-сентыментальных твораў рамантыкаў, за мужную і жыццярадасную паэзію ў духу класіцызму. Паэма “Гімн Сатане” (Inno a Satana, 1865) услаўляе свабоду, зямныя ўцехі, перамогу чалавечага розуму над рэлігіяй. У лірычным зборніку “Новыя вершы” (Rime Nuove, 1861 – 1887) адчуваецца подых рэалізму. У “Варварскіх одах” (Odi barbare, 1878 – 1889) паэт спрабуе аднавіць дух антычнасці, пераймаючы рытмічныя структуры грэцкай і лацінскай паэзіі. Кардучы таксама добра вядомы сваімі літаратуразнаўчымі працамі, у прыватнасці пра Дантэ, Петрарку, Кальдэрона, Бакача і інш.
Нарадзілася Элізабэт Эйберс (афрыкаанс Elisabeth Françoise Eybers, памерла 1 снежня 2007), паўднёваафрыканская паэтка, перакладчыца. Пісала на афрыкаанс. Двойчы лаўрэатка паўднёваафрыканскай прэміі Херцага (1934, 1971), уганараваная таксама нідэрландскімі прэміямі Хёйгенса (1978) і П. К. Хофта (1991).
Нарадзіўся Іван Навуменка, беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца (памёр 17 снежня 2006). Належыць да так званага “старэйшага” пісьменніцкага пакалення франтавікоў. Аўтар дванаццаці зборнікаў і апавяданняў, аповесцяў, шасці раманаў (найбольш вядомыя – “Сасна пры дарозе” (1962), “Вецер у соснах” (1967), “Сорак трэці” (1974)) і шматлікіх навуковых прац па беларускай літаратуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі “Янка Купала: Духоўны воблік героя” і “Якуб Колас: Духоўны воблік героя”.
Памёр Еўсцігней Міровіч (сапр. Дунаеў, нар. 10 жніўня 1878), беларускі драматург і тэатральны рэжысёр. Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, працаваў у пецярбургскіх тэатрах спачатку акторам, потым рэжысёрам. У 1919 пераехаў і працягнуў працу ў Беларусі. У 1921 – 1931 – мастацкі кіраўнік, у 1941– 1945 – рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (БДТ-1). Напісаў на беларускай мове і паставіў п'есы “Машэка” (“У часы даўнейшыя”), “Кастусь Каліноўскі” , “Каваль-ваявода” , “Кар'ера таварыша Брызгаліна” “Перамога” (“Хроніка нашых дзён”), “Запяюць верацёны” , “Лён” (п’есы пастаўленыя ў 1920-я – 1930-я гг.). Цяпер пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў працуе Тэатр-студыя імя Е. Міровіча.
Памёр Карлас Пельісер (гішп. Carlos Pellicer Cámara, нар. 16 студзеня 1897), мексіканскі паэт, празаік, музеязнаўца, палітык. Належаў да першай хвалі мексіканскіх мадэрністаў. Адыграў значную ролю ў стварэнні шэрагу музеяў, у тым ліку музея Фрыды Кала ў Мехіка.