Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейСпалены на вогнішчы Джардана Бруна (італ. Giordano Bruno, сапр. імя Філіпа; нар. у 1548 г.), італьянскі філосаф і паэт, прадстаўнік пантэізму. Пераследаваўся за свае погляды, праз гэта з’ехаў з Італіі, жыў у Францыі, Англіі, Германіі. Па вяртанні (1592) быў абвінавачаны ў ерасі і вальнадумстве, восем гадоў правёў у турме. Інквізітары патрабавалі ад яго адрачыся ад сваіх ідэй і пакаяцца. Не зламаўшы філосафа, суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. Вядомы адказ Бруна пасля вынясення прысуду: “Вы, хто абвяшчае гэты прысуд, больш напалоханыя, чым я, выслухоўваючы яго!” У 1889 годзе на месцы смерці Бруна быў усталяваны помнік ў яго гонар.
Памёр Ёганэс Херман (ням. Johannes Heermann, нар. 11 кастрычніка 1585), нямецкі паэт і багаслоў, найбуйнейшы аўтар пратэстанцкіх гімнаў пасля Лютэра. Гімны Хермана былі надзвычай папулярныя ў Германіі, яго зборнік Exercitium pietatis вытрымаў 24 выданні. Напісаў больш за 400 спеваў. Аўтар песні Herzliebster Jesu, выкарыстанай Бахам у “Пакутах паводле Мацвея”.
Памёр Мальер (фр. Molière, сапр. Жан-Батыст Паклен, нарадзіўся 15 студзеня 1622), французскі камедыёграф-класіцыст, актор і тэатральны дырэктар. У маладосці ездзіў з тэатральнай трупай па Францыі, граючы ў асноўным трагічныя ролі, бо быў упэўнены, што гэта ягонае амплуа. Камедыі пачаў пісаць праз недахоп у трупы рэпертуару. Пасля дэбюту ў Луўры 24 кастрычніка 1658 году трупа Мальера стала асталявалася пры двары Людовіка XIV. Многія п’есы Мальера выклікалі незадаволенасць і абурэнне двара, святароў і г.д.: сам Мальер з гэтай нагоды пасля забароны “Тарцюфа” пісаў у лісце да караля, што “арыгіналы дабіліся забароны копіі”. 17 лютага 1673 году на чацвертым прадстаўленні п’есы “Уяўны хворы” Мальеру, які граў ролю Аргана, зрабілася кепска, і праз некалькі гадзінаў ён памёр. Парыжскі арцыбіскуп не даваў дазволу на пахаванне Мальера, які як актор павінен быў прынесці пакаянне перад смерцю, і зняў забарону толькі на загад караля. Мальера пахавалі, нібы самагубцу, – ноччу, без абрадаў, за агароджай могілак. На беларускую мову п’есу “Тарцюф, альбо Ашуканец” пераклаў Рыгор Барадулін.
Нарадзіўся Густава Адольфа Бэкер (гішп. Gustavo Adolfo Bécquer, сапр. Густава Адольфа Дамінгес Бастыда; памёр 22 снежня 1870), гішпанскі пісьменнік, прадстаўнік рамантызму. Яго творчасць блізкая да творчасці Гайнэ і Гофмана. Зборнік “Рыфмы” (Rimas, 1860) і кніга навелаў “Легенды” (Leyendas, 1871, выйшла пасля смерці) пастаянна перавыдаюцца ў Гішпаніі, былі перакладзеныя на большасць еўрапейскіх моваў.
Нарадзіўся Яраслаў Врхліцкі (чэшск. Jaroslav Vrchlický, сапр. Эміль Фрыда; памёр 9 верасня 1912), адзін з самых значных чэшскіх паэтаў, драматург, перакладчык. Напісаў больш за 100 кніг. Акрамя заняткаў уласнай творчасцю шмат перакладаў на чэшскую – Дантэ, Бадлера, Гётэ, Гюго, Леконта дэ Ліля, По, Ўітмэна і інш.
Памёр Генрых Гайнэ (ням. Christian Johann Heinrich Heine, нар. 13 снежня 1797), нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Лічыцца апошнім паэтам “рамантычнай эпохі”. Акрамя паэзіі займаўся палітычнай публіцыстыкай. Шырокую вядомасць яму прынесла выданне чатырохтомніка “Карціны дарогі” (1826 – 1831), напісанага на падставе вандровак па Германіі. Стаміўшыся ад цэнзуры, у 1831 г. паэт пераязджае ў Парыж (пазней, у 1935 г., бундэстаг афіцыйна забараніў творы Гайнэ). Апошнія восем гадоў жыцця Гайнэ быў прыкаваны да ложка, бо хварэў на параліч. Тым не менш, ён не кідаў займацца паэзіяй, у выніку чаго з’явіліся зборнікі “Рамансэра” (1851) і “Вершы 1853 і 1854 гг.”
Нарадзіўся Моры Агаі (яп. Mori Ōgai (森 鷗外 / 森 鴎外, сапр. Моры Рынтара, памёр 8 ліпеня 1922), японскі пісьменнік, перакладчык, медык па прафесіі. Лічыцца адным са стваральнікаў сучаснай японскай літаратуры. Некалькі гадоў стажыраваўся ў Германіі, дзе захапіўся ідэямі нямецкага рамантызму, перакладаў Гётэ, Байрана, Шэкспіра. Аўтар рамантычных твораў, найбольш папулярным з якіх з’яўляецца раман “Дзікая гусь” (Gan, 1911 – 1913). У 1912 годзе пісьменнік быў настолькі ўражаны самагубствам аднаго з генералаў, які пайшоў на той свет услед за імператарам Мэйдзі, што пачаў пісаць гістарычную прозу, асноўнай тэмай якой быў кодэкс самурайскага гонару.
Нарадзіўся Фёдар Салагуб (руск. Фёдор Сологуб, сапр. Фёдар Кузьміч Цяцернікаў; памёр 5 снежня 1927), рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сімвалізму. Найбольш вядомыя празаічныя ягоныя творы – раман "Мелкий бес” (1892 – 1902), трагедыя “Победа Смерти” (1907), трылогія “Творимая легенда” (1905 – 1913).
Нарадзіўся Хведар Ільяшэвіч (памёр 7 лістапада 1948), беларускі паэт, журналіст, гісторык, палітычны дзеяч. Аўтар зборнікаў вершаў “Веснапесні” (1922), “Зорным шляхам” (1932) і “Захварбаваныя вершы” (1936), кнігі пра літаратурную творчасць Ядвігіна Ш., а таксама шматлікіх апавяданняў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій і перакладаў. Абараніў магістарскую дысертацыю на тэму “Друкарня дома Мамонічаў у Вільні” (1936). У 1944 годзе Ільяшэвіч планаваў выдаць у Беластоку найлепшыя творы беларускай літаратуры ў серыі “Беларуская народная бібліятэчка”, пераклады сусветнай класікі ў серыі “Бібліятэка перакладу”. Але праз наступ Чырвонай арміі летам 1944 году гэта не ажыццявілася, і Ільяшэвіч выехаў у Берлін.
Памёр Міхась Багун (сапр. Міхаіл Блошкін; іншыя псеўданімы і крыптанімы: Асака М; Багунец; М. Б.; Міх. Б.; Баг.; нар. 9 лістапада 1908), беларускі паэт, празаік, перакладчык. Пераклаў на беларускую мову раманы М. Астроўскага “Як гартавалася сталь” (1936), Л. Первамайскага “Ваколіцы” (1931, з З. Астапенкам), Ф. Панфёрава “Брускі” (1932, з Т. Кляшторным), вершы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і інш. Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, шырока вядомыя ў народзе, увайшлі ў фальклорныя запісы.
Нарадзіўся Яўгеній Грышкавец (руск. Евгений Гришковец), рускі пісьменнік, драматург, рэжысёр, актор. Вядомасць прыйшла да пісьменніка пасля п’есы “Як я з’еў сабаку” (“Как я съел собаку”, 1999). Ён напісаў каля дзясятка празаічных кніг, паставіў шмат спектакляў паводле ўласных п’есаў, з якімі ён гастралюе па гарадах былога СССР, а таксама Еўропы.
Памёр Шмуэль Ёсэф Агнон (сапр. Шмуэль Ёсэф Халеві Чачкес, іўр. שמואל יוסף עגנון; нар. 17 ліпеня 1888), ізраільскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1966). Пісаў на іўрыце і ідыш. Лічыцца адным з найяскравейшых габрэйскіх пісьменнікаў, яго параўноўваюць з Дж. Джойсам, М. Прустам, Ў. Фолкнэрам і асабліва з Ф. Кафкам, з якім яго збліжае шматзначнасць і змрочны каларыт. У апошнія гады жыцця Агнон зрабіўся нацыянальным кумірам Ізраіля. Калі ў раёне Ерусаліму, дзе ён жыў, пачаліся рамонтныя работы, мэр горада загадаў усталяваць непадалёк ад дома пісьменніка спецыяльны знак: “Захоўвайце цішыню! Агнон працуе!”
Памёр Эрвэ Базэн (фр. Hervé Bazin, сапр. Жан-П’ер Эрвэ-Базэн; нар. 17 красавіка 1911), французскі пісьменнік, прэзідэнт Ганкураўскай акадэміі (з 1973). Пачынаў літаратурную дзейнасць як паэт – у 1947 г. зборнік яго вершаў атрымаў прэмію Г. Апалінэра. Але па парадзе Поля Валеры ён аддае перавагу прозе. Базэн лічыцца “сямейным” раманістам, сям’я і сямейныя стасункі – цэнтральная тэма яго раманаў. Шмат яго кніг было выдадзена па-руску ў СССР, а ў 1980 г. яму была прысуджаная Ленінская прэмія “За ўмацаванне міру паміж народамі”.