Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамерла Даратэя Энгельбрэтсдатэр (нарв. Dorothe Engelbretsdotter, нар. 16 студзеня 1634), нарвежская пісьменніца. Першая прызнаная жанчына-пісьменнік у Нарвегіі, пісала гімны і псалмы на біблійную тэматыку.
Нарадзіўся Зыгмунт Красіньскі (польск. Napoleon Stanisław Adam Ludwik Zygmunt Krasiński, памёр 23 лютага 1859), польскі паэт і драматург, граф, адзін з трох найвялікшых паэтаў польскага рамантызму разам з А. Міцкевічам і Ю. Славацкім. Спачатку пісаў раманы ў духу В. Скота. Першым вядомым творам Красіньскага стала драма “Нябоская камедыя” (Nieboska komedia, 1835). Да найбольш значных празаічных яго твораў належаць драма “Ірыдыён” (Irydion, 1833 – 1836) і гістарычны раман “Агай-хан” (Agaj-Han, 1834), паэтычных – паэма “Перад світаннем” (Przedswit, 1843), цыкл “Псалмы будучыні” (Psalmy przyszlosci, 1845), паэма “Апошні” (Ostatni, 1847). Пісаў таксама па-французску.
Памёр Георг Бюхнер (ням. Georg Büchner, нар. 17 кастрычніка 1813), нямецкі паэт і драматург, медык. Пакінуў нешматлікую творчую спадчыну (3 п’есы і адну навелу), якая, аднак, займае значнае месца ў нямецкай літаратуры. Найбольш вядомы твор Бюхнера —незавершаная п’еса “Войцэк” (Woyzeck, 1837), паводле якой была створаная опера А. Берга, а таксама знятыя некалькі фільмаў. У гонар паэта з 1923 уручаецца літаратурная прэмія, якая на сённяшні дзень з’яўляецца найбуйнейшай узнагародай за нямецкамоўную прозу.
Нарадзіўся Казімір Сваяк (сапр. Кастусь Стаповіч, памёр 6 траўня 1926), беларускі каталіцкі святар, нацыянальны дзеяч, паэт. Друкаваўся з 1913 (“Беларус”). Аўтар зборніка вершаў “Мая ліра” (Вільня, 1924), вершаванага апавядання “Чарку дай, браце” (Вільня, 1926). Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі “Янка Канцавы” (Вільня, 1920, 1924), “Купалле” (Вільня, 1930). Напісаў філасофскі дзённік “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі” з “Аўтабіяграфіяй”.
Нарадзіўся Андрэ Брэтон (фр. André Breton, памёр 28 верасня 1966), французскі пісьменнік, лідар сюррэалісцкага руху. Атрымаў медычную адукацыю, падчас Першай сусветнай вайны трапіў на фронт, дзе пазнаёміўся з Гіёмам Апалінэрам, Філіпам Супо і Луі Арагонам, сваімі будучымі паплечнікамі. Пасля вайны да іх дадаліся Поль Элюар і Трыстан Тцара. Сябры пачалі ладзіць шакавальныя прэзентацыі сваіх працаў, часта правакуючы скандальныя сітуацыі і бойкі. У 1919 годзе Брэтон і Супо апублікавалі свой твор “Магнітныя палі”, падчас напісання якога быў выкарыстаны метад аўтаматычнага пісьма. У 1924 г. Брэтон друкуе першы маніфест сюррэалізму, які робіць яго правадыром гэтай плыні. У 1928 г. выходзіць другі маніфест пад назвай “Сюррэалізм і жывапіс”, які ў далейшым паўплываў на творчасць многіх мастакоў свету. Да ліку літаратурных дасягненняў Брэтона залічваюцца раман “Надзя” (1928) і патэтычная дылогія “Вар’яцкае каханне” (1937) і “Аркан 17” (1945).
Нарадзіўся Яан Крос (эст. Jaan Kross, памёр 27 снежня 2007), эстонскі савецкі пісьменнік. З 1946 па 1954 г. адбываў зняволенне ў лагеры на поўначы Расіі і жыў на пасяленні ў Краснаярскім краі. Затым вярнуўся ў Эстонію і зрабіўся прафесійным пісьменнікам. Найбольш вядомыя яго раманы і аповесці, героі якіх – чужаземцы, чыё жыццё звязала іх з Эстоніяй. Крос перакладаў на эстонскую творы Гайнэ, Шылера, Брэхта, Грыбаедава і інш. Неаднаразова вылучаўся на Нобелеўскую прэмію, але так і не атрымаў яе.
Памёр Андрэ Жыд (фр. André Paul Guillaume Gide, нар. 22 лістапада 1869), французскі пісьменнік, літаратурны крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1947). Яго творчасць зрабіла значны ўплыў на французскіх экзістэнцыялістаў (Камю, Сартра). У СССР творы Жыда былі забароненыя пасля выхаду яго крытычнай кнігі “Вяртанне з СССР” (Retour de l’URSS, 1936), напісанай пасля вандроўкі ў савецкую краіну.
Памёр Кнут Гамсун (нарв. Knut Hamsun, сапр. Кнуд Педэрсэн; нар. 4 жніўня 1859), нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1920). Славу яму прынёс наватарскі псіхалагічны раман “Голад” (Sult), выдадзены ў 1890 г. У 1890-я і 1900-я Гамсун быў адным з самых папулярных у свеце пісьменнікаў мадэрнізму. Нобелеўская прэмія была прысуджаная яму за раман “Плады зямлі” (Markens Grøde, 1917), у якім апісваецца будзённае сялянскае жыццё, яго непарыўная сувязь з зямлёй і прыродай. Гамсун – прызнаны аўтар не толькі раманаў, але і эсэ, а таксама вершаваных і драматычных твораў. Падчас Другой сусветнай вайны падтрымаў калабарацыйны ўрад Квіслінга ў надзеі на адраджэнне былой велічы скандынаваў, за што пазней быў асуджаны грамадскасцю і судом. З усёй краіны яму пачалі вяртаць ягоныя кнігі. Калі іх назбіралася шмат, 90-гадовы пісьменнік вынес іх на двор і падпаліў. У Нарвегіі творы Гамсуна пачалі друкаваць толькі пачынаючы з 1962 году.
Нарадзіўся Ру Муракамі (яп. 村上 龍), японскі пісьменнік і кінарэжысёр. Дэбютаваў яшчэ ў студэнцкія гады раманам “Усе адценні блакітнага” (1976), які выклікаў сенсацыю і атрымаў літаратурную прэмію Акутагавы. Крытыкі абвясцілі яго пачынальнікам новай плыні ў японскай літаратуры, адначасова абвінаваціўшы ў дэкадэнцтве. З далейшых раманаў найбольш вядомымі зрабіліся “Дзеці з камеры захоўвання” (1980), “69” (1987), трылогія “Экстаз”, “Меланхолія” і “Танатас”(1993, 2000, 2005). Акрамя літаратурнай творчасці пісьменнік займаецца кінарэжысурай, здымаючы кінаверсіі сваіх твораў.