Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Аляксей Кручоных (руск. Алексей Кручёных, памёр 17 чэрвеня 1968), рускі паэт. Пачынаў як мастак, быў адным з тэарэтыкаў рускага футурызму. З’яўляецца заснавальнікам “заумнай” мовы і паэзіі. Згодна з тэорыяй “заумі”, слова самацэннае незалежна ад свайго сэнсу і нават можа не мець яго. У 1920-х Кручоных самастойна аформіў і выдаў сваімі сіламі сто дваццаць чатыры зборнікі вершаў. Але з 1934 г. яго практычна нідзе не друкавалі і да канца 1980-х яго творчасць была вядомая вельмі вузкаму колу чытачоў. Паэт жыў з продажу рэдкіх кніг і рукапісаў. Кручоных — адзіны паэт з плеяды футурыстаў, які памёр сваёй смерцю на роднай зямлі.
Нарадзілася Анаіс Нін (фр. Anaïs Nin, памерла 4 студзеня 1977), амерыканская і французская пісьменніца кубінскага паходжання, вядомая сваім дзённікам, які яна вяла больш за 60 гадоў, і эратычнымі раманамі “Дэльта Венеры” (Delta of Venus), “Маленькія птушкі” (Little Birds), “Генры і Джун” (Henry and June), большасць з якіх была апублікаваная пасля яе смерці.
Нарадзіўся Рэймон Кено (фр. Raymond Queneau, памёр 25 кастрычніка 1976), французскі пісьменнік, эсэіст, перакладчык, удзельнік сюррэалістычнага руху, адзін з заснавальнікаў “УЛІПО – Майстэрні патэнцыйнай літаратуры” (фр. Oulipo – Ouvroir de littérature potentielle), Трансцэндэнтальны Сатрап Каледжа Патафізікі, створанага як пародыя на навуковыя супольнасці са сваімі секцыямі, падсекцыямі, пасадамі і г.д. Амаль усё жыццё працаваў у выдавецкім доме “Галімар”, быў дырэктарам “Энцыклапедыі Плеяды”. Вядомасць атрымаў дзякуючы раману “Зазі ў метро” (Zazie dans le métro, 1959), дзе даследуецца паўсядзённае маўленне ў супрацьстаўленні літаратурнай норме французскай мовы. У разнастайных па жанрах творах – ад матэматычных шарадаў да філасофскіх эсэ – часта эксперыментаваў, выкарыстоўваў фанетычную, т.зв. “новафранцузскую” мову, размоўную і жаргонную лексіку, распрацаваў цэлую сістэму “літаратурных пратэзаў” – фармальных абмежаванняў (паліндромы, ліпаграмы, анаграмы, г.д.), якія стымулююць ўяўленне аўтара і дазваляюць пазбягаць штампаў і стэрэатыпаў. На беларускую мову вершы Кено перакладаў Зміцер Колас.
Нарадзіўся Ўістан Х’ю Одэн (анг. Wystan Hugh Auden, памёр 29 верасня 1973), англа-амерыканскі паэт, драматург, эсэіст, які лічыцца адным з найбуйнейшых літаратурных аўтарытэтаў ХХ стагоддзя. Нарадзіўся ў Вялікабрытаніі. У 1939 годзе эміграваў у ЗША, дзе выступаў з лекцыямі ў розных універсітэтах. Одэн валодаў разнастайнымі паэтычнымі стылямі, але менавіта яго экспрэсіўная манера, майстэрскае выкарыстанне паўсядзённай мовы і размоўных рытмаў мелі найбольшы ўплыў на сучасную паэзію. Аўтар паэтычных зборнікаў “Вершы” (Poems, 1928), “Глядзі, незнаёмец!” (Look, Stranger!, 1936), “Шчыт Ахіла” (The Shield of Achilles, 1955), “Даніна Кліа” (Homage to Clio, 1960), “Збор паэмаў” (Collected Longer Poems, 1969), п’есаў “Танец смерці” (The Dance of Death, 1933), “Сабака пад скурай” (The Dog Beneath the Skin, 1933), зборніка прозы “Рука фарбавальніка і іншыя эсэ”, інш. У ЗША Одэн атрымаў Белінгемаўскую прэмію за паэтычную творчасць (1953) і Нацыянальны літаратурны медаль (1967).
Нарадзіўся Чак Паланюк (анг. Chuck Palahniuk), амерыканскі пісьменнік украінскага паходжання. Скончыў факультэт журналістыкі Арэгонскага ўніверсітэта, працаваў механікам, быў валанцёрам у хоспісе для невылечна хворых. Пісьменніцкую кар’еру пачаў у трыццацігадовым узросце. Найбольш вядомы яго раман “Байцоўскі клуб” (Fight Club, 1996), экранізаваны ў 1999 годзе. Раман “Удушша” (2001) прызнаны “Нью-Ёрк Таймс” найлепшай кнігай году і экранізаваны ў 2008. Апошнія раманы – “Дзённік” (Diary, 2003), “Прывіды” (Haunted, 2005), “Раскажы ўсім” (Tell All, 2010), “Заклятая” (Damned, 2011). Эсэ “13 падказак пісьменніку” (13 Writing Tips) было перакладзенае на беларускую мову Сержуком Мядзведзевым для часопіса “Прайдзісвет”.
Памёр Міхаіл Шолахаў (руск. Михаил Шолохов, нар. 24 траўня 1905), рускі савецкі пісьменнік, акадэмік Акадэміі навук СССР (1939), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1965 году “за мастацкую моц і цэльнасць эпасу пра данское казацтва ў пераломны для Расіі час”, якую ён перадаў на будаўніцтва школы ў роднай станіцы Вёшанскай. Сусветную вядомасць пісьменніку прынёс раман “Тихий Дон” (1928, 1932, 1940), перакладзены на шматлікія мовы свету, у тым ліку беларускую (“Ціхі Дон”, кн. 1–3, 1936, пер. У. Хадыка). Зрэшты, аўтарства Шолахава многімі ставіцца пад сумнеў. На беларускай мове таксама выдадзеныя раман “Узнятая цаліна” (1934), раздзелы з рамана “Яны змагаліся за Радзіму” (1975, пер. М. Лужанін), апавяданне “Лёс чалавека” (1959, пер. Я Шарахоўскі).