№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 22 лютага

  • 1886

    Нарадзіўся Хуга Баль (ням. Hugo Ball, памёр 14 верасня 1927) – нямецкі паэт, драматург, эсэіст, журналіст, адзін з заснавальнікаў дадаізму. Вывучаў Шапэнгаўэра і Ніцшэ, актыўны ўдзельнік берлінскага мастацкага жыцця перад Першай сусветнай вайной. Дэзертыраваў з фронту ў Швейцарыю, дзе адкрыў “Кабарэ Вальтэр” – легендарнае месца нараджэння дадаізму. Аўтар парадаксальных сачыненняў, сімультанных паэмаў (“калі думка нараджаецца ў роце”) і бруісцкай (шумавой) музыкі, якая пазней развілася ў “індастрыял”. Баль працаваў у розных кірунках мастацтва, абвяшчаючы сінтэтычны падыход да стварэння твора. “Я чытаю вершы, – казаў Баль, – якія маюць на мэце, ні больш ні менш, адмаўленне ад мовы. < ...> Верш – гэта падстава па магчымасці абысціся без словаў і мовы”. На беларускую мову “Маніфест да першага вечару дадаістаў” Баля пераклала Юля Цімафеева.

  • 1892

    Нарадзілася Эдна Сэнт-Вінсэнт Мілэй (анг. Edna St. Vincent Millay, памерла 19 кастрычніка 1950), амерыканская паэтка, драматург, феміністка, адна з самых знакамітых паэтаў ЗША ХХ стагоддзя, лаўрэат Пулітцэраўскай паэтычнай прэміі. Майстра санэту, балады, арыентавалася на класічныя традыцыі. У 1943 годзе атрымала медаль Роберта Фроста за значны ўнёсак у паэзію. Не хавала сваёй бісэксуальнасці і была вядомая як прыхільніца “свабоднага кахання”.

  • 1919

    Нарадзіўся Хары Кульман (шведск. Harry Kullman, памёр 1 сакавіка 1982), шведскі дзіцячы пісьменнік. Пісаў стакгольмскія гісторыі, прыгодніцкія творы пра Дзікі Захад і гістарычныя апавяданні. Кульман атрымаў некалькі літаратурных узнагародаў на радзіме, у тым ліку медаль Нільса Хольгерсана і прэмію імя Астрыд Ліндгрэн.

  • 1935

    Нарадзіўся Даніла Кіш (сербск. Данило Киш/Danilo Kiš, памёр 15 кастрычніка 1989), сербскі паэт, празаік, драматург, перакладчык з рускай, французскай і венгерскай моваў. Першую кнігу, якая складалася з двух невялікіх раманаў “Мансарда” і “Псалм 44”, выдаў у 1962 годзе. Лаўрэат югаслаўскай літаратурнай прэміі НІН 1973, прэміі Іва Андрыча (1984), італьянскай прэміі Тыбра (1988). У 1990 годзе Кіш быў уганараваны ПЭН-клубам ЗША прэміяй Бруна Шульца як найлепшы замежны аўтар году. У 1988 абраны чальцом-карэспандэнтам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Аўтар кніг “Сад, попел” (Bašta, pepeo, 1965), “Клепсідра” (Peščanik, 1972), “Грабніца для Барыса Давыдавіча” (Grobnica za Borisa Davidoviča: sedam poglavlja jedne zajedničke povesti, 1976), “Урок анатоміі” (Čas anatomije, 1978), Homo poeticus (1983), “Энцыклапедыя мёртвых” (Enciklopedija mrtvih, 1983), “Жыццё, літаратура” (Život, literatura, 1990) і інш.

  • 1939

    Памёр Антоніё Мачада (гішп. Antonio Machado, нар. 26 ліпеня 1875), гішпанскі паэт, адзін з выбітных дзеячаў гішпанскага літаратурнага руху, вядомага як “пакаленне 1898”. Першая кніга вершаў Мачада “Смуткі” (Soledades) пабачыла свет у 1903 і разам з “Самотнымі напевамі” Хуана Рамона Хімэнэса пазначыла пачатак гішпанскай паэзіі новага стагоддзя. Поспех зборніка “Палі Кастыліі” (Campos de Castilla, 1912), які адзначыў канец перыяду мадэрнізму ў творчасці Мачада, паводле прызнання паэта, выратаваў яго ад думак пра самагубства, да якіх яго прывяла смерць жонкі. Стваральнік двух гетэронімаў, ад імя якіх пісаў вершы і празаічныя творы, у тым ліку філасофскага кірунку. Пасля ўсталявання ў Гішпаніі правай дыктатуры Ф. Франка становішча паэта, прыхільніка рэспубліканцаў, стала пагрозлівым, Мачада у 1938 быў эвакуяваны з краіны і праз месяц падчас пераходу гішпанска-французскай мяжы разам са сваёй састарэлай маці загінуў у французскім Кальюры. У ягонай кішэні былі знойдзеныя апошнія вершы “Estos días azules y este sol de la infancia” (літ. “Гэтыя блакітныя дні і гэтае сонца дзяцінства”). На беларускую мову асобныя вершы Мачада перакладалі А.Зарыцкі і М. Мартысевіч.

  • 1942

    Памёр Штэфан Цвайг (ням. Stefan Zweig, нар. 28 лістапада 1881), аўстрыйскі пісьменнік, журналіст. Скончыў філасофскі факультэт Венскага ўніверсітэта. У 1939 годзе пасля прыходу да ўлады нацыстаў быў вымушаны пакінуць Аўстрыю і з’ехаць у Бразілію, дзе праз тры гады разам з жонкай скончыў жыццё самагубствам. Дэбютаваў у 1898 як паэт, але вядомасць яму прынеслі яго навэлы – “Амок” (Amok, 1922), “Разгубленасць пачуццяў” (Verwirrung der Gefühle, 1927), “Шахматная навэла” (Schachnovelle, 1942) і раманізаваныя біяграфіі Эразма Ратэрдамскага, Фернана Магелана, каралевы Марыі Антуанэты, каралевы Марыі Сцюарт, Анарэ дэ Бальзака, а таксама цыкл літаратурных партрэтаў Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, Ч. Дыкенса, Стэндаля, З. Фройда, інш. На беларускую мову асобныя навэлы Цвайга пераклаў У. Чапега.

  • 1943

    Нарадзіўся Эдуард Лімонаў (руск. Эдуард Лимонов (Савенко), скандальна вядомы рускі пісьменнік, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч, заснавальнік забароненай у Расіі Нацыянал-бальшавісцкай партыі. Вершы пачаў пісаць у 1958 годзе. У 1967–1974 жыў у Маскве. У 1974 эміграваў у ЗША, дзе пачаў пісаць публіцыстычныя артыкулы супраць капіталістычнай сістэмы і ЗША. У 1980 пераехаў у Францыю, прыняў французскае грамадзянства і стаў дзеячам французскага сацыялістычнага руху. У 1992 годзе вяртаецца ў Расію. Вядомасць пісьменніку прынёс яго першы раман “Гэта я – Эдзічка” (“Это я – Эдичка”, 1976), які быў перакладзены на 15 моваў свету.

  • 2000

    Памёр Аркадзь Хайт (руск. Аркадий Хайт, нар. 25 снежня 1938), рускі пісьменнік-сатырык, сцэнарыст папулярных мультсерыялаў “Ну, погоди!” (выпускі 1—17), “Прыгоды ката Леапольдаа” (1975—1987).