№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 23 лютага

  • 1821

    Памёр Джон Кітс (анг. John Keats, нар. 31 кастрычніка 1795), адзін з найвялікшых ангельскіх паэтаў-рамантыкаў. Паводле адукацыі доктар. Разам з Байранам і Шэлі быў адной з ключавых фігураў малодшага пакалення рамантыкаў (т.зв. “школы кокні”). Прынёс у ангельскі рамантызм новы для таго часу элемент элінізму, культ прыгажосці. Кітсу належаць паэмы “Сон і паэзія” (Sleep and Poetry, 1816), “Эндыміён” (Endymion, 1818), “Гіперыён” (Hyperion, 1820) і інш., оды, вершы. Тры з шасці т.зв. “вялікіх одаў” Кітса пераклала на беларускую Ганна Янкута, некаторыя вершы – Я. Семяжон.

  • 1859

    Памёр Зыгмунт Красіньскі (польск. Napoleon Stanisław Adam Ludwik Zygmunt Krasiński, нар. 19 лютага 1821), польскі паэт і драматург, граф, адзін з трох найвялікшых паэтаў польскага рамантызму разам з А. Міцкевічам і Ю. Славацкім. Спачатку пісаў раманы ў духу В. Скота. Першым вядомым творам Красіньскага стала драма “Нябоская камедыя” (Nieboska komedia, 1835). Да найбольш значных празаічных яго твораў належаць драма “Ірыдыён” (Irydion, 1833 – 1836) і гістарычны раман “Агай-хан” (Agaj-Han, 1834), паэтычных – паэма “Перад світаннем” (Przedswit, 1843), цыкл “Псалмы будучыні” (Psalmy przyszlosci, 1845), паэма “Апошні” (Ostatni, 1847). Пісаў таксама па-французску.

  • 1903

    Нарадзіўся Юліюс Фучык (чэшск. Julius Fučík, памёр 8 верасня 1943), чэшскі журналіст, літаратурны і тэатральны крытык, публіцыст, палітычны дзеяч. Аўтар перакладзенай на 70 моваў свету кнігі “Рэпартаж з пятлёй на шыі” (Reportáž psaná na oprátce, 1942). Загінуў у канцлагеры ў Германіі. У дзень пакарання Фучыка адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.

  • 1907

    Нарадзіўся Станіслаў Станкевіч (памёр 6 лістапада 1980), беларускі літаратуразнаўца, публіцыст, крытык, грамадскі дзеяч. Карыстаўся псеўданімамі Язэп Каранеўскі, Алесь Крыга, Дзівасіл. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, потым у Віленскім універсітэце. У 1933 годзе абараніў магістарскую дысертацыю на тэму “Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі”. У 1936 атрымаў ступень доктара філасофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры за працу “Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі”. Выкладаў у Віленскім універсітэце. Пэўны час рэдагаваў часопісы “Крыніца” і “Студэнцкая Думка”. Шмат друкаваўся ў віленскай беларускай прэсе. Судзейнічаў адкрыццю філіяла Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Мюнхене. Працаваў на беларускім радыё “Свабода”, у Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен). 3 1962 жыў у ЗША. Старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання (1963—1965). Рэдактар газеты “Беларус” (1963—1980). Аўтар кнігі “Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 1960-х гг.” (1967).

  • 1945

    Памёр Аляксей Талстой (руск. Алексей Толстой, нар. 10 студзеня 1883), рускі савецкі пісьменнік і грамадскі дзеяч, граф. Аўтар сацыяльна-псіхалагічных, гістарычных і навукова-фантастычных раманаў, аповесцяў і апавяданняў, публіцыстычных твораў. Чалец камісіі па расследаванні злачынстваў нямецкіх захопнікаў (1942). Лаўрэат трох Сталінскіх прэмій першай ступені (1941; 1943; 1946 – пасмяротна). Вяршыні творчасці – трылогія “Блуканне па пакутах (1920 – 1941), незавершаны раман “Пётр І” (1929 – 1945), фантастычныя раманы “Аэліта” (1922 – 1923), “Гіпербалоід інжынера Гарына” (1925 –1927), драматычная дылогія “Іван Грозны” (1941 – 1943). На беларускую мову творы Талстога перакладалі А. Бачыла, У. Ляўданскі, Я. Пушча і інш.

  • 1955

    Памёр Поль Кладэль (фр. Paul Claudel, нар. 6 жніўня 1809), французскі паэт, драматург, эсэіст, найбуйнейшы рэлігійны пісьменнік XX ст. Драма Кладэля “Жана д’Арк на вогнішчы” (Jeanne d’Arc au bûcher, 1939) стала асновай для араторыі Арцюра Анэгера, фільм па ёй зняў у 1954 Раберта Раселіні.