№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 26 лютага

  • 1561

    Памёр Хорхе дэ Мантэмаёр (гішп. Jorge de Montemayor, нар. 1520, дакладная дата невядомая), партугальскі пісьменнік, які пісаў у асноўным па-гішпанску. Пісьменнік найбольш вядомы дзякуючы пастаральнаму раману “Дыяна”. Асобныя ўрыўкі з рамана, а таксама некаторыя любоўныя песні Мантэмаёр напісаў на сваёй роднай партугальскай мове. 26 лютага 1561 году пісьменнік быў забіты, хутчэй за ўсё, праз нейкую любоўную інтрыгу.

  • 1564

    Нарадзіўся Крыстафер Марла (анг. Christopher Marlowe, памёр 30 траўня 1593), ангельскі паэт, перакладчык і драматург елізавецінскай эпохі, адзін з выбітных папярэднікаў Ўільяма Шэкспіра. Пра пэўныя перыяды жыцця драматурга амаль нічога не вядома, лічыцца, што ён мог быць таемным агентам ангельскай кароны ў Еўропе. Смерць Марла таксама выклікае ў даследчыкаў шмат пытанняў – пісьменнік быў забіты падчас спрэчкі ў дэптфардскай таверне, аднак прычыны гэтай спрэчкі так і не высветленыя; гэта магло быць нават замоўленае забойства. Існуюць розныя сведчанні нават адносна даты смерці Марла (называюць таксама 1 альбо 2 чэрвеня). У тыя часы нават сур’ёзна разглядалася версія, паводле якой гэта магла быць проста інсцэніроўка, а сам пісьменнік застаўся жывы. Значнае месца адводзілася Марла ў “шэкспіраўскім пытанні” – ён быў адным з “падазраваных” у аўтарстве тых ці іншых п’есаў Шэкспіра. Самы вядомы твор Марла – трагедыя “Доктар Фаўст”.

  • 1802

    Нарадзіўся Віктор Гюго (фр. Victor Hugo, памёр 22 траўня 1885), французскі пісьменнік і тэарэтык французскага рамантызму, сябра Французскай акадэміі. Пра Гюго ёсць наступны анекдот: Аднойчы Віктор Гюго выправіўся ў Прусію. “Чым вы займаецеся?” – спытаў у яго жандар, запаўняючы анкету. – “Пішу”. – “Я пытаю, чым вы зарабляеце на жыццё”. – “Пяром”. – “Так і запішам: Гюго, гандляр пер’ем”. Анекдот іранічна адгукаецца ў заўвазе Жана Както: "Віктор Гюго дасягнуў сусветнай славы? Не думаю. Гаспадыня дома, дзе я жыву, не ведае гэтага імені".

  • 1891

    Нарадзіўся Янка Станкевіч (памёр 16 ліпеня 1976), беларускі мовазнаўца і гісторык, доктар філасофіі (1926), аўтар шэрагу навуковых працаў.

  • 1902

    Нарадзіўся Веркор (Vercors, сапр. Жан Брулер, памёр 10 чэрвеня 1991), французскі пісьменнік і мастак-ілюстратар. Першым творам, што выйшаў пад псеўданімам Веркор, стала аповесць “Маўчанне мора”, надрукаваная ў падпольным “Паўночным выдавецтве”, якое было арганізаванае Жанам Брулерам і П’ерам дэ Лескюрам і якое зрабілася рупарам французскага Супраціву. Аповесць “Маўчанне мора” на беларускую мову пераклаў Алесь Асташонак (“Далягляды”, 1987).

  • 1908

    Нарадзілася Ліла Маюмдар (бенг. লীলা মজুমদার, памерла 5 красавіка 2007), бенгальская пісьменніца. Яе бібліяграфія ўлучае 125 кніг, сярод якіх зборнікі апавяданняў, 5 кніг, напісаных у суаўтарстве з іншымі пісьменнікамі, 9 кніг перакладаў і інш. Сярод жанраў, у якіх працавала Маюмдар, – дэтэктыў, гісторыі з прывідамі, фэнтэзі, а таксама творы для дзяцей, якія ўжо зрабіліся класікай.

  • 1958

    Нарадзіўся Мішэль Ўэльбэк (фр. Michel Houellebecq), адзін з самых чытаных у свеце французскіх пісьменнікаў. Вялікі ўплыў на Ўэльбэка зрабілі творы Лаўкрафта, якому ён прысвяціў кнігу эсэ “Г. Ф. Лаўкрафт: Супраць чалавецтва, супраць прагрэсу” (1991). Ходзяць чуткі, што адзін з раманаў Ўэльбэка на беларускую перакладае Зміцер Колас.