№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 27 лютага

  • 425

    Заснаваны ўніверсітэт у Канстанцінопалі – Пандыдактэрыён, ці, як яго часта называюць, Магнаўрская школа. У ім маладых людзей навучалі медыцыне, філасофіі, рыторыцы і праву, выкладанне вялося як па-грэцку, так і на лаціне, чыталіся, апроч усяго іншага, творы Платона і Арыстоцеля. Універсітэт праіснаваў да самага падзення Канстанцінопаля. Некаторыя навукоўцы лічаць гэты ўніверсітэт першым у Еўропе, хаця яшчэ раней падобныя ўстановы дзейнічалі ў Антыёхіі, Александрыі і Рыме.

  • 1734

    Нарадзіўся князь Караль Станіслаў Радзівіл, “Пане Каханку” (памёр 21 лістапада 1790), сын пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл. Пра князя хадзіла нямала показак – так, паводле адной з іх, ён, захацеўшы летам пакатацца на санях, засыпаў нясвіжскі дзядзінец соллю. Князь зрабіўся правобразам стольніка Гарэшкі ў “Пане Тадэвушы” Міцкевіча, а таксама з’явіўся на старонках шэрагу твораў рамантычнае літаратуры (Г. Равускі, Ю. Крашэўскі, І. Ходзька).

  • 1735

    Памёр Джон Арбэтнот (анг. John Arbuthnot, нар. 1667, дакладная дата невядомая, дата хрышчэння – 29 красавіка), ангельскі навуковец і пісьменнік-сатырык. Найбольш знакаміты сваім унёскам у матэматыку, а таксама персанажам Джонам Булем. Імя Джон Буль зрабілася сінонімам тыповага ангельца, праставатага фермера, якога Арбэтнот вывеў у памфлеце “Гісторыя Джона Буля” (1727). Апроч палітычных сатыраў і памфлетаў, а таксама працаў па матэматыцы, напісаў шэраг працаў па медыцыне.

  • 1807

    Нарадзіўся Генры Водсварт Лангфэла (анг. Henry Wadsworth Longfellow, памёр 24 сакавіка 1882), амерыканскі паэт, вядомы перадусім дзякуючы “Спеву аб Гаяваце”. Памер “Спеву” адпавядае памеру, якім напісаная “Калевала”, – твор мусіў стаць і стаў індзейскім эпасам. Вядомы Лангфэла і як перакладчык – так, ён пераклаў з італьянскай “Боскую камедыю”, і пераклад гэты лічыцца даследчыкамі вельмі дакладным і мастацкім, нягледзячы на адсутнасць рыфмаў. На беларускую мову “Спеў аб Гаяваце” пераклаў А. Куляшоў, асобныя творы таксама перакладалі Ю. Гаўрук і А. Мардвілка.

  • 1814

    Памёр Жульен Луі Жафруа (фр. Julien Louis Geoffroy, нар. 17 жніўня 1743), французскі літаратурны крытык. Зрабіўся вядомым пасля таго, як пачаў жорстка крытыкаваць Вальтэра, чым нажыў сабе шмат ворагаў. Артыкулы Жафруа былі досыць папулярнымі, але хутка забыліся – яго пяцітомны збор раскупаўся слаба. Адна з самых вядомых працаў крытыка – каментары да твораў Расіна.

  • 1902

    Нарадзіўся Джон Стэйнбек (анг. John Steinbeck, памёр 20 снежня 1968), амерыканскі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат 1962 году. Пры жыцці быў вельмі папулярны, многія творы выходзілі вялікімі тыражамі і рабіліся бэстсэлерамі, аднак пасля смерці папулярнасць яго памяншаецца – асобныя даследчыкі пачынаюць сцвярджаць, што ў гісторыі літаратуры ён застаўся як аўтар важкіх раманаў пра час Вялікай Дэпрэсіі. Адзін з самых значных твораў Стэйнбека, раман “Гронкі гневу”, на беларускую мову пераклаў Сямён Дорскі. “Пісьмо пра крытыку” пераклаў М. Котаў (“Далягляды”, 1989).

  • 1903

    Нарадзіўся Міхась Явар (памёр 27 чэрвеня 1933), беларускі паэт, удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Друкаваўся ў часопісе “Шлях моладзі”, заходнебеларускіх газетах. Паэтычная спадчына Міхася Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У час Вялікай Айчыннай вайны, Вінцука шукалі немцы, і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў — засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку (напрыклад, паэмы “Шляхам цярністым”, “Думы ў адзіноце”, “За сэрцам”).

  • 1912

    Нарадзіўся Кусумаграй (маратхі कुसुमाग्रज, сапр. Вішну Ваман Шырвадкар, памёр 10 сакавіка 1999), індыйскі пісьменнік, які пісаў на мове маратхі. Творы Кусумаграя натхнялі пакаленне, якое змагалася за свабоду Індыі, і многія з іх зрабіліся класікай індыйскай літаратуры. Шмат сілаў аддаваў пісьменнік і тэатру – дзякуючы яго спрыянню на мове маратхі былі пастаўленыя п’есы Оскара Ўайлда, Мальера, Марыса Метэрлінка і Ўільяма Шэкспіра.

  • 1912

    Нарадзіўся Лорэнс Дарэл (анг. Lawrence Durrell, памёр 7 лістапада 1990), ангельскі пісьменнік, старэйшы брат пісьменніка-анімаліста Джэралда Дарэла. У 1933 годзе выходзіць (пад псеўданімам Гэфер Післейк) “Брома Бомбаст”, літаратурная пародыя на Бернарда Шоў. Нягледзячы на папулярнасць і прызнанне яго літаратурнага таленту ў свеце, на постсавецкай прасторы Лорэнс Дарэл больш вядомы па аўтабіяграфічных кнігах свайго брата.

  • 1913

    Нарадзіўся Ірвін Шоў (анг. Irwin Shaw, сапр. Ірвін Гілберт Шамфараў; памёр 16 траўня 1984), амерыканскі пісьменнік, драматург, сцэнарыст. Двойчы лаўрэат прэміі О. Генры, якая ўручаецца за апавяданні. Шоў пачаў пісаць сцэнарыі для радыё ў 21 год. Пасля займаўся напісаннем кінасцэнарыяў, і нарэшце ў 1949 г. выйшаў яго першы раман — “Маладыя ільвы”( The Young Lions), заснаваны на ўласным досведзе часоў Другой сусветнай вайны. Раман меў вялікі поспех і пазней быў экранізаваны (у 1958). Пасля выдання другога рамана, які апісваў уздым макартызму ў Штатах, Шоў абвінавацілі ў прыналежнасці да камуністаў, а яго імя трапіла ў чорны спіс Галівуду. У 1951 г. Шоў з’ехаў у Еўропу, дзе пражыў да смерці. У Еўропе былі напісаныя не менш паспяховыя кнігі: “Люсі Краўн” (Lucy Crown, 1956), “Два тыдні ў другім горадзе” (Two Weeks in Another Town, 1960), “Багаты, бедны” (Rich Man, Poor Man; 1970).

  • 1925

    Нарадзіўся Нафі Джусойты (асец. Нафи Джусойты), асецінскі пісьменнік і літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, які займаецца вывучэннем і падрыхтоўкай да друку твораў класікаў асецінскай літаратуры, а таксама перакладае на асецінскую мову рускіх, украінскіх, грузінскіх пісьменнікаў (у тым ліку пераклаў “Яўгенія Анегіна” Пушкіна).

  • 1934

    Нарадзіўся Наварэ Скот Мамадэй (анг. Navarre Scott Momaday), амерыканскі пісьменнік індзейскай народнасці каёва-чэрокі. У 1969 годзе Мамадэй атрымаў Пуліцэраўскую прэмію за раман “Дом, пабудаваны са світання” (House Made of Dawn). Асноўная тэма творчасці Мамадэя – культурная спадчына індзейцаў.

  • 1976

    Памёр Кальман Калачай (венг. Kalocsay Kalman, эсп. Kalomano Kalocajo, псеўд. Kopar, Alex Kay, Malice Pik, C.E.R. Bumy, Peter Peneter, -y, K. Stelov; нар. 6 кастрычніка 1891), венгерскі паэт і перакладчык на эсперанта, лінгвіст-тэарэтык. Аўтар зборнікаў паэзіі “Свет і сэрца” (Mondo kaj koro, 1921), “Партрэты ў рыфмах” (Rimportretoj, 1931), “Напятая струна” (Strecita kordo, 1931), апошні з якіх прызнаны найлепшым паэтычным зборнікам на эсперанта. Яму належыць знакаміты зборнік эратычных санэтаў Sekretaj sonetoj (“Сакрэтныя санэты”, 1932, псеўд. Peter Peneter). Пераклаў вялікую колькасць твораў сусветнай класікі, сярод якіх “Бура” і “Сон у летнюю ноч” Шэкспіра (La tempesto, 1970, і Somermeznokta songo, 1967), “Краскі зла” Бадлера (La floroj de l' malbono, 1957), першую частку “Боскай камедыі” Дантэ — “Пекла” (Infero, 1933) і шмат іншага.

  • 1992

    Памёр Альгірдас Жульен Грэймас (фр. Algirdas Julius Greimas, нар. 9 траўня 1917), французскі лінгвіст, фалькларыст і літаратуразнаўца літоўскага паходжання. Нарадзіўся Грэймас у Туле, скончыў універсітэт спачатку ў Літве, потым у Францыі, вывучаў стараправансальскія дыялекты. Адзін з заснавальнікаў Парыжскай семіятычнай школы. Стварыў слоўнік старафранцузскай мовы.