№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 28 лютага

  • 1533

    Нарадзіўся Мішэль дэ Мантэнь (фр. Michel de Montaigne, памёр 13 верасня 1592), французскі пісьменнік і філосаф эпохі Адраджэння, аўтар “Доследаў” (Essais). Настаўнік Мантэня, немец, абсалютна не валодаў французскай мовай і размаўляў з будучым пісьменнікам на лаціне: бацька Мантэня хацеў, каб сын атрымаў ліберальна-гуманістычную адукацыю. Мантэнь лічыцца заснавальнікам жанру эсэ.

  • 1616

    Памёр Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка (нар. 2 жніўня 1549), дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, аўтар “Перэгрынацыі, або Паломніцтва Ясна Асветленага Князя Ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю”, напісанай на аснове ўспамінаў Радзівіла пра яго пілігрымку ў Святую зямлю і выдадзенай у Брунзбергу ў 1601 годзе. Падчас сваёй пілігрымкі Радзівіл пабываў у Егіпце і досыць дакладна апісаў гэтую краіну, таму фактычна можа лічыцца першым беларускім егіптолагам. На беларускую мову “Перэгрынацыю” пераклаў Сяргей Шупа.

  • 1823

    Нарадзіўся Жазэф Эрнэст Рэнан (фр. Joseph Ernest Renan, памёр 2 кастрычніка 1892), французскі пісьменнік, гісторык і ўсходазнаўца. Займаўся археалагічнымі даследаваннямі старажытнай Фінікіі, і хаця не зрабіў у гэтай галіне значных адкрыццяў, уражанні ад убачанага натхнілі яго на напісанне “Жыцця Ісуса” (Vie de Jésus), аднаго з самых значных і вядомых твораў Рэнана.

  • 1869

    Памёр Альфонс дэ Ламарцін (фр. Alphonse de Lamartine, нар. 21 кастрычніка 1790), французскі паэт-рамантык. Сучаснікі прызнавалі, што талент Ламарціна не саступае таленту Гюго, аднак паэт не змог і не захацеў стаць на чале рамантычнай школы – ён не меў вялікіх амбіцыяў і больш ганарыўся сваёй прывабнасцю, чым літаратурным поспехам, і называў сябе літаратурным дылетантам.

  • 1882

    Нарадзіўся Патрык О’Конар (ірл. Pádraic Ó Conaire, памёр 6 кастрычніка 1928), ірландскі пісьменнік і журналіст, які пераважна пісаў па-ірландску. Актыўны ўдзельнік руху за ірландскае адраджэнне і Гэльскай лігі, О’Конар зрабіўся адным з самых значных ірландскамоўных пісьменнікаў пачатку ХХ ст. Важнае месца ў творчасці пісьменніка займала тэма ірландскіх эмігрантаў у Англіі. Самы вядомы твор О’Конара – яго адзіны раман “Дыяспара” (Deoraíocht).

  • 1916

    Памёр Генры Джэймс (анг. Henry James, нар. 15 красавіка 1843), амерыканскі пісьменнік і філосаф, які за год да смерці атрымаў брытанскае грамадзянства. Пісьменнік пачаў пісаць у рэалістычным жанры, аднак потым звярнуўся да жанру містычнага апавядання пра прывідаў, якому надаў адмысловую вусцішнасць, выкарыстаўшы прыём “ненадзейнага апавядальніка”. Самы вядомы твор Джэймса ў гэтым жанры – аповесць “Паварот вінта” (1989). Джэймс лічыцца папярэднікам мадэрнізму – складаная, суб’ектыўная проза Джэймса мяжуе з “плынню свядомасці”.

  • 1922

    Нарадзіўся Юрый Лотман (руск. Юрий Лотман, памёр 28 кастрычніка 1993), рускі літаратуразнаўца, культуролаг і семіётык. Пасля заканчэння ўніверсітэта да канца жыцця жыў і працаваў у Эстоніі, у Тартускім універсітэце ў сувязі з больш ліберальнай атмасферай у эстонскіх акадэмічных колах. Напісаў шэраг навуковых працаў, прысвечаных рускай літаратуры і тэорыі літаратуры.

  • 1964

    Нарадзілася Лота Лотас (шведск. Lotta Lotass), шведская пісьменніца, культурны аглядальнік, літаратуразнаўца. Сябра Шведскай акадэміі, супрацоўнік рэдакцыі электроннага рэсурсу “Літаратурны банк” (Litteraturbanken). Лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў у сябе на радзіме.

  • 2004

    Памерла Кармэн Лафарэт (гішп. Carmen Laforet, нар. 6 верасня 1921), гішпанская пісьменніца. Даследчыкі разглядаюць творы Лафарэт у рэчышчы літаратуры экзістэнцыялізму, а яе раман “Нада” (Nada, 1944) параўноўваюць з “Лаўцом у жыце” Сэлінджэра.

  • 2011

    Памёр Свэн Лідман (шведск. Sven Lidman, нар. 2 снежня 1921), шведскі пісьменнік і лексікограф. Ліндман быў складальнікам многіх слоўнікаў. У 1988 годзе былі апублікаваныя яго прафесійныя мемуары “Энцыклапедыя і я” (Uppslagsboken och jag), у 2006 — успаміны “Бацька, сын і цудоўная кніжная прамысловасць” (Fadern, sonen och den härliga bokbranschen).