Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Хэльмэр Грундстрэм (шведск. Helmer Grundström, памёр 29 траўня 1986), шведскі пралетарскі празаік і паэт, аўтар раманаў і зборнікаў вершаў і навелаў, у тым ліку празаічнага зборніка “Драўлянае сэрца” (Trähjärtat, 1952). Першай сярод яго найбольш значных кніг лічыцца паэтычны зборнік “Гэта мой край” (Detta är mitt land), выдадзены ў 1939 годзе. Паэзія Грундстрэма балансуе на мяжы традыцыяналізму і мадэрнізму. Рытмічнасць яго вершаў паспрыяла таму, што многія з іх пакладзеныя на музыку.
Памёр Эдвард Фрэдэрык Бэнсан (анг. Edward Frederic Benson, нар. 24 ліпеня 1867), ангельскі празаік, біёграф, мемуарыст, спартовец (прадстаўляў Англію на міжнародных спаборніцтвах па фігурным катанні). Першую кнігу апублікаваў яшчэ студэнтам. У наш час яго ведаюць найбольш па серыі гумарыстычных раманаў “Мап і Люсія” (Mapp and Lucia) пра жыццё прадстаўнікоў буйной буржуазіі ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя. Акрамя гумарыстычнай прозы Бэнсан пісаў гісторыі пра прывідаў. За дзесяць дзён да сваёй смерці Бэнсан адправіў свайму выдаўцу рукапіс аўтабіяграфіі пад назвай “Апошняя рэдакцыя” (Final Edition). Памёр ад раку. Г. Ф. Лаўкрафт высока ацэньваў творчасць Бэнсана ў сваёй працы “Звышнатуральная вусціш у літаратуры”, асабліва адзначыўшы яго апавяданне “Чалавек, што зайшоў занадта далёка” (The Man Who Went Too Far).