№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 4 сакавіка

  • 1852

    Памёр Мікалай Гогаль (руск. Николай Гоголь, нар. 1 красавіка 1809), рускі празаік, драматург, паэт, крытык. Памёр пісьменнік ад знясілення і быў пахаваны на могілках Данілавага манастыра ў Маскве. У 1930 годзе Данілаў манастыр канчаткова закрылі, а магілу Гогаля ўскрылі 31 траўня 1931 году і перанеслі яго прах на Навадзевічыя могілкі. Туды ж перанеслі і Галгофу– бронзавы крыж, які стаяў на чорным пахавальным камяні на магіле Гогаля. Афіцыйны акт экспертызы, складзены супрацоўнікамі НКУС, аспрэчваюць няпэўныя і ўзаемавыключальныя ўспаміны ўдзельнікаў і сведкі эксгумацыі, пісьменніка Уладзіміра Лідзіна. Згодна з аднымі яго ўспамінамі, напісанымі праз пятнаццаць гадоў пасля падзеяў і надрукаванымі пасмяротна ў 1991 годзе, у магіле Гогаля адсутнічаў чэрап. Згодна з іншымі яго ўспамінамі, якія перадаваліся ў форме вусных аповедаў студэнтамі Літаратурнага інстытута, калі ён быў там прафесарам у 1970-я гады, чэрап Гогаля быў павернуты ўбок. Абедзве гэтыя версіі нарадзілі шмат легендаў, у тым ліку пра пахаванне Гогаля ў стане летаргічнага сну і крадзяжы чэрапу Гогаля для калекцыі знакамітага маскоўскага збіральніка тэатральнай даўніны А. Бахрушына.

  • 1932

    Нарадзіўся Рышард Капусціньскі (польск. Ryszard Kapuściński, памёр 23 студзеня 2007), сусветна вядомы польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт і фатограф. Капусціньскі двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію. Ягоныя шанцы букмекерская кантора “Лэдброкс” вызначала як 5:1. Вышэйшы рэйтынг меў толькі Архан Памук (5:2), які і атрымаў прэмію. “Адзін Капусціньскі варты тысяч пісакаў, што скуголяць і фантазіруюць”, – напісаў Салман Рушдзі. Памёр пісьменнік ад вострага інфаркту міякарда ў кардыяхірургічным аддзяленні шпіталя пры вуліцы Банаха ў Варшаве. У Пінску на доме, дзе жыў Капусціньскі, усталяваная мемарыяльная дошка.

  • 1958

    Нарадзіўся Лявон Баршчэўскі, беларускі перакладчык, грамадскі дзеяч і палітык. У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Мінску клуб маладых перакладчыкаў “Бабілён”. Перастварыў Эсхіла, Петрарку, Кафку, Брэхта, Ленаў, Бёля. Перакладае са старажытнагрэцкай, лацінскай, нямецкай, ангельскай, французскай, польскай, гішпанскай. Паводле ўласнага прызнання, паэзію перакладаў больш як з трыццаці моваў, прозу – больш як з дзесяці. Вольна размаўляе на сямі мовах.

  • 2003

    Памёр Себасцьян Жапрызо (фр. Sébastien Japrisot, нар. 4 ліпеня 1931), папулярны французскі пісьменнік і кінасцэнарыст. Першы яго раман “Купэ смяротнікаў” (Compartiment tueurs, 1962) лёг у аснову французскага фільма “Забойца ў спальным вагоне” (у галоўных ролях Сімона Сіньёрэ і Іў Мантан). Практычна ўсе яго раманы былі экранізаваныя. Сярод іх – “Пастка для Папялушкі” (Piège pour Cendrillon, 1963), “Бывай, сябра!” (Adieu l’ami, 1968), “Доўгія заручыны” (Un long dimanche de fiançailles, 1991) і іншыя.

  • 2005

    Памёр Карлас Шэрман (нар. 25 кастрычніка 1934), беларуска-гішпанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца, ганаровы віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Нарадзіўся ва Уругваі. Перакладаў і пісаў на гішпанскай (роднай), беларускай і рускай мовах. Быў сябрам Навукова-экспертнай рады Беларускага Калегіюма. Аўтар паэмы “Дождж у Каралішчавічах” (пераклад з гішпанскай Р. Барадуліна, 1984), зборніка вершаў “Сны” (пераклад з гішпанскай Р. Барадуліна і В.Сёмухі, 1989), кнігі крытыкі і эсэ “Таямніцы почырку” (1995), паэмы “Накірункі свету” (на гішпанскай мове і ў перакладах В. Рыч на ангельскую, Р. Барадуліна на беларускую і І. Бурсава на рускую, 2000). Уклаў шэраг выдадзеных на беларускай мове зборнікаў гішпанамоўных паэтаў (Ф. Гарсія Лоркі, П. Нэруды, Н. Гільена, Г. Містраль), анталогію сучаснай кубінскай паэзіі. У яго перакладзе на гішпанскую выйшлі выбраныя творы Я. Купалы і Я. Коласа “Папараць-кветка” (1982), кнігі А. Куляшова “Мая Бесядзь” (1976), Р. Барадуліна “Чорны вол маёй трывогі” (1985), раман І. Чыгрынава “Плач перапёлкі” (1988), аповесці В. Быкава “Дажыць да світання” (1980), “Абеліск” (1984), “У тумане” (1989) і інш.