№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 5 сакавіка

  • 1703

    Нарадзіўся Васіль Традзякоўскі (руск. Василий Тредиаковский, памёр 17 жніўня 1769), вядомы рускі навуковец і паэт. Вучыўся за мяжою, цярпеў нястачу. У 1730 годзе вярнуўся ў Расію і выдаў пераклад рамана Поля Тальмана “Едучы на выспу кахання”. Да перакладу былі дададзеныя вершы самога Традзякоўскага на рускай, французскай і лаціне. Традзякоўскі быў прыдворным паэтам Ганны Іяанаўны. Таксама ён адзін першых паэтаў у Расіі, якія пачалі выкарыстоўваць сілаба-танічнае вершаскладанне. У 1735 годзе ён выдаў “Новы і кароткі спосаб да складання вершаў Расійскіх” (“Новый и краткий способ к сложению стихов Российских”), дзе ўвёў панятак вершаванай страфы, а на яе аснове – паняткі ямба і харэя. Тамсама Традзякоўскі даў азначэнне розным жанрам: санэту, рандо, эпістале, одзе і іншым. З крытыкай гэтага твора выступіў Ламаносаў, і з яго сістэмай Традзякоўскі пагадзіўся.

  • 1777

    Нарадзіўся Юзаф Маралёўскі (памёр 12 жніўня 1845), беларускі паэт і педагог. Пісаў на польскай, лацінскай, рускай мовах. Друкаваўся ў часопісах “Полацкі штомесячнік”, “Вестник Европы”. Творчасць Ю. Маралёўскага насіла характэрныя прыкметы літаратуры часоў пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамантычным стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманістычных і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі.

  • 1895

    Памёр Мікалай Ляскоў (руск. Николай Лесков, нар. 16 лютага 1831), рускі пісьменнік. Самыя знакамітыя яго творы – аповесці “Лэдзі Макбет Мцэнскага ўезда” (“Леди Макбет Мценского уезда”, 1864), “Сказ пра тульскага ляўшу і яго сталёвую блыху” (“Сказ о тульском косом левше и о стальной блохе”, 1881), раманы “На нажах” (“На ножах”, 1870), “Саборцы” (“Соборяне”, 1872) і інш.

  • 1896

    Нарадзіўся Кандрат Крапіва (сапр. Кандрат Атраховіч, памёр 7 студзеня 1991), беларускі паэт, празаік і літаратуразнавец. Пісаў сатырычна-гумарыстычныя вершы, байкі, п’есы, выдаў некалькі зборнікаў прозы, у тым ліку раман “Мядзведзічы”. Адзін з навуковых рэдактараў (з Я. Коласам і П. Глебкам) “Русско-белорусского словаря” (1953), навуковы рэдактар “Беларуска-рускага слоўніка” (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988 – 1989), “Русско-белорусского словаря” (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў 5 тамах (1977 – 1984) і інш. На беларускую мову пераклаў асобныя працы К. Маркса, Ф. Энгельса, У. Леніна, творы Дз. Фанвізіна, І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага. А. Твардоўскага, Т. Шаўчэнкі і інш.

  • 1922

    Нарадзіўся П’ер Паола Пазаліні (іт. Pier Paolo Pasolini, забіты 2 лістапада 1975), італьянскі паэт, празаік і кінарэжысёр. Сімпатыі да марксізму і камунізму, нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя – усё гэта знаходзіла адлюстраванне ў яго літаратурных і кінематаграфічных творах, у якіх ён выказваўся на тэмы палітыкі, рэлігіі і ідэалогіі, эпатуючы публіку арыгінальным прачытаннем класічных міфаў і парадаксальным чынам спалучаючы марксізм з вучэннем Хрыста і чалавечай сэксуальнасцю ў самых разнастайных і нечаканых яе праявах. Раніцай 2 лістапада 1975 года цела Пазаліні знайшлі ў лужыне крыві. У яго былі пераламаныя 10 рэбраў, раздушанае сэрца, разбітая сківіца, зламаная левая рука і напалову выдраныя вушы. Па яго целе некалькі разоў праехала машына. 17-гадовы Піна Пелозі быў арыштаваны і асуджаны за гэтае забойства, але 7 траўня 2005 адмовіўся ад свайго добраахвотнага прызнання, і расследаванне было адноўленае. Злачынства ўчынілі чатыры забойцы, а не адзін Пелозі. Паводле дадзеных часопіса Oggi, акрамя Пелозі ў забойстве Пазаліні ўдзельнічалі яшчэ два падлеткі, браты Франка і Джузэпэ Барселіна, якія пасля памерлі ад СНІДу. Асоба чацвертага зламысніка не высветленая. Гэтае злачынства лічыцца адной з самых загадкавых таямніцаў Італіі XX стагоддзя.

  • 1944

    Памёр Макс Жакоб (фр. Max Jacob, нар. 12 ліпеня 1876), французскі паэт і празаік. Пачынаў з кніг для дзяцей. Яго паэзія, поўная гратэску і слоўных розыгрышаў, блізкая да кубізму і сюррэалізму. На яго вершы пісалі музыку Эрык Саці, Франсіс Пуленк, Анры Саге. 24 лютага 1944 як габрэй і гомасэксуаліст Жакоб быў арыштаваны гестапа, адпраўлены ў турму Арлеана, затым у лагер Дрансі, дзе праз некалькі дзён памёр ад запалення лёгкіх. Брат і сястра Жакоба загінулі ў нацысцкіх канцлагерах. У 1949 яго парэшткі былі перанесеныя на могілкі ў Сэн-Бенуа-сюр-Луар, у 1960 яго афіцыйна прылічылі да паэтаў, якія загінулі за Францыю; ягонае імя напісанае на мемарыяльнай дошцы загінулым у 1939 – 1945 гг. пісьменнікам у парыжскім Пантэоне.

  • 1953

    Нарадзілася Катарына Фростэнсан (шведск. Katarina Frostenson), шведская паэтка, перакладчыца, сябра Шведскай акадэміі з 1992 году, лаўрэат шэрагу літаратурных прэміяў. Дэбютавала ў 1978 годзе са зборнікам “Паміж” (I mellan). Яе вершы вельмі часта клалі на музыку. Творчасць Фростэнсан адметная для шведскай паэзіі. У сваіх вершах аўтарка паслядоўна пазбягае метафорыкі і некаторых іншых прыёмаў, тыповых для паэзіі. У ранніх творах Фростэнсан арыентавалася на само гучанне верша безадносна яго зместу, зразумець які было б даволі цяжка. У пачатку 1990-х Фростэнсан пачынае ўжываць у вершах элементы аповеду міфаў, легендаў, казак. Акрамя вершаў Катарына Фростэнсан піша прозу і драматургічныя творы для сцэны і радыё. Па-беларуску выйшаў зборнік вершаў Катарыны Фростэнсан “Чыстая краіна” ў перакладах Дзмітрыя Плакса (2011).

  • 1966

    Памерла Ганна Ахматава (руск. Анна Ахматова, сапр. Гарэнка, нар. 23 чэрвеня 1889), руская паэтка, празаік, літаратуразнаўца і крытык, першая жонка Мікалая Гумілёва. Чалец Палітбюро ЦК ВКП (б) Андрэй Жданаў у 1946 годзе наступным чынам пісаў пра Ахматаву: “<...> Ці то манашка, ці то блудніца, а дакладней, блудніца і манашка, у якой блуд змяшаны з малітвай. <...> Такая Ахматава з яе маленькім, вузкім асабістым жыццём, нікчэмнымі перажываннямі і рэлігійна-містычнай эротыкай. Ахматаўская паэзія зусім далёкая ад народа”. Прызнаная класікам рускай паэзіі яшчэ ў 1920-я гады, Ахматава спазнала замоўчванне, цэнзуру і цкаванне. Шматлікія яе творы не друкаваліся не толькі пры яе жыцці, але і практычна два дзесяцігоддзі пасля яе смерці.