Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Тарас Шаўчэнка (укр. Тарас Шевченко, памёр 10 сакавіка 1861), украінскі пісьменнік, мастак, грамадскі дзеяч, пачынальнік новай украінскай літаратуры. Сярод перакладчыкаў твораў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову – Янка Купала (які, між іншым, наследаваў яму ў пачатковы перыяд арыгінальнай творчасці), А. Куляшоў, П. Броўка, К. Крапіва, В. Стралко, В. Рыч і інш. У беларускім перакладзе выйшлі кнігі "Наймічка" (пер. К. Крапівы, 1940), "Выбраныя вершы і паэмы" (1948), "Кабзар" (2-е выд., 1952), "Кацярына" (пер. Я, Купалы, 1964), "Вершы. Паэмы" (Скарбы сусветнай літаратуры; Уклад.і камент. Э. М. Мартынавай, 1989), "Вершы. Паэмы" (пер. Я. Купалы, 1995), "Кабзар: Выбранае" (пер. Т. Мельчанкі, 2004).
Нарадзіўся Францішак Аляхновіч (забіты 3 сакавіка 1944), беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст, празаік. Лічыцца першым беларускім тэатразнаўцам і пачынальнікам беларускага тэатру. У 1927 годзе ў Віцебску быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення на Салаўках. У верасні 1933 абменены ўладамі на вязня польскай турмы Браніслава Тарашкевіча. Пасля вяртання ў Вільню напісаў свой самы вядомы твор – успаміны пра знаходжанне ў савецкіх лагерах “У капцюрох ГПУ”. Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газеце Słowo; рускі пераклад успамінаў апублікавала парыжская газета “Возрождение”. У 1935 у Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай Siedem lat w szponach G.P.U. У 1937 у Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай Prawda o Sowietach. Твор перакладаўся на італьянскую мову (La verita sulla Russia Bolscevica) і на партугальскую ў Бразіліі (Sete annos nas garras sovieticas). Украінскі пераклад друкавала газета “Діло”, рэдакцыя якой затым выпусціла ўспаміны асобнай кнігай “7 літ на Соловках”. Толькі ў канцы 1937-га аўтар здолеў выдаць кнігу на беларускай мове. Быў застрэлены на сваёй кватэры савецкімі дыверсантамі, засланымі з-за лініі фронту.
Памёр Леапольд фон Захер-Мазох (ням. Leopold Ritter von Sacher-Masoch, нар. 27 студзеня 1836), аўстрыйскі пісьменнік, дзякуючы творам якога ў псіхіятрыі і сэксапаталогіі з’явілася новае слова – мазахізм, уведзенае ў 1886 годзе псіхіятрам і неўролагам Рыхардам фон Крафт-Эбінгам. Уласныя перажыванні аўтара знайшлі адбітак у яго найбольш вядомых творах “Венера ў футры” і “Разведзеная жанчына”. У 1885 Захер-Мазох ананімна апублікаваў раман "Адна галіцыйская гісторыя. Год 1846" і з таго часу штогод пісаў па кнізе, эксперыментуючы з самымі разнастайнымі літаратурнымі жанрамі – пісаў гістарычныя даследаванні, п'есы, фельетоны, літаратурна-крытычныя тэксты і інш. Леапольд фон Захер-Мазох ажаніўся са сваёй жарснай прыхільніцай Аўрорай фон Румслін, якая таксама пачала пісаць, узяўшы сабе псеўданім "Ванда фон Дунаева" (імя гераіні "Венеры ў футры" (Venus im Pelz, 1870)). Пасля яны разам падпісваліся пад навэламі прозвішчам Захер-Мазох (без імені). Вялізныя патрабаванні жонкі, сквапнай да грошай, прымусілі пісьменніка заняцца больш прыбытковым заробкам. Тады Захер-Мазох пачаў пісаць парнаграфічныя навэлы, апранаючы сваіх гераіняў у гуцульскія строі і даючы ў рукі бізуны. Праз яго творы праходзіць тэма здзекаў дэспатычнай жанчыны са слабога мужчыны. У Львове, родным горадзе пісьменніка, яму пастаўлены помнік.
Памёр Франк Ведэкінд (сапр. Беньямін Франклін Ведэкінд, ням. Benjamin Franklin Wedekind, нар. 24 ліпеня 1864), нямецкі паэт і драматург, папярэднік экспрэсіянізму. Яго драмы былі пастаўленыя ў многіх тэатрах свету. У Ведэкінда была інтымная сувязь з аўстрыйскай пісьменніцай Фрыдай Уль, былой жонкай Аўгуста Стрындберга, ад якой нарадзіўся сын.
Памёр Чарлз Букоўскі (анг. Charles Bukowski, сапр. Генрых Карл Букоўскі, нар. 16 жніўня 1920), амерыканскі паэт і празаік. Букоўскі літаральна з дзяцінства хацеў стаць пісьменнікам, але першы яго досвед скончыўся сумна – у 1941 годзе Чарлз сыходзіць з дому, пасля таго як бацька, прачытаўшы яго апавяданні, літаральна выкідвае рэчы сына на двор. Першае апавяданне Букоўскі было надрукаванае ў 1944 г., праз два гады наступнае. Але Букоўскі расчароўваецца ў пісьменніцкай дзейнасці і амаль дзесяць гадоў нічога не піша. У 1955 Бук трапляе ў клініку з дыягназам крываточная язва, прычына якой – празмернае ўжыванне алкаголю. Яго выратоўваюць ад смерці, але забараняюць піць. Забарону Букоўскі ігнаруе. Пісьменнік памёр ад лейкеміі, у хуткім часе пасля таго, як скончыў свой апошні раман “Макулатура” (Pulp). Цырымонію пахавання ажыццявілі будысцкія манахі. На яго магільнай пліце напісана “Не спрабуй” (Don’t try). На беларускую мову вершы Букоўскі перакладала Юля Цімафеева, прозу – Наста Гвоздзева, Ігар Кулікоў, Людміла Бузук, Аляксей Знаткевіч і Яўгенія Манцэвіч.