Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Міхал Карыцкі (нар. 4 верасня 1714), паэт-лацініст, манах-езуіт, філосаф, педагог. Падзяляў ідэі Асветніцтва, быў рэктарам Нясвіжскага езуіцкага калегіюма, чытаў лекцыі ў калегіюмах і школах Мінска, Слуцка, Пінска, Бабруйска. Міхал Карыцкі лічыцца адным з пачынальнікаў класіцызму ў Беларусі. Пісаў вершаваныя творы на лацінскай мове, прысвечаныя грамадскім і культурным дзеячам і значным падзеям, перадусім байкі, элегіі, пародыі. Найбольш вядомы эпічнай паэмай “Птушыны сойм”. Пры жыцці паэта было выдадзена толькі 25 яго вершаў, аднак праз 36 гадоў пасля смерці ў Полацкай езуіцкай акадэміі быў выдадзены зборнік Carmina М. Korycki.
Памёр Тарас Шаўчэнка (укр. Тарас Шевченко, нар. 9 сакавіка 1814), украінскі пісьменнік, мастак, грамадскі дзеяч, пачынальнік новай украінскай літаратуры. Сярод перакладчыкаў твораў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову – Янка Купала (які, між іншым, наследаваў яму ў пачатковы перыяд арыгінальнай творчасці), А. Куляшоў, П. Броўка, К. Крапіва, В. Стралко, В. Рыч і інш. У беларускім перакладзе выйшлі кнігі "Наймічка" (пер. К. Крапівы, 1940), "Выбраныя вершы і паэмы" (1948), "Кабзар" (2-е выд., 1952), "Кацярына" (пер. Я, Купалы, 1964), "Вершы. Паэмы" (Скарбы сусветнай літаратуры; Уклад.і камент. Э. М. Мартынавай, 1989), "Вершы. Паэмы" (пер. Я. Купалы, 1995), "Кабзар: Выбранае" (пер. Т. Мельчанкі, 2004).
Нарадзіўся Барыс Віян (фр. Boris Vian, памёр 23 чэрвеня 1959), французскі паэт, празаік, джазавы музыка і спявак. Аўтар шэрагу мадэрнісцкіх эпатажных твораў, Віян зрабіўся класікам французскай літаратуры, прадказаўшы бунт нонканфармісцкіх твораў 1960-х гг. Пісаў не толькі пад сваім імем, але і пад 24 псеўданімамі, самы вядомы з якіх – Вернан Саліван. Прозу Б. Віяна на беларускую мову перакладалі А. Асташонак (“Ваўкалак”), С. Шупа (“Сюрпрыз – вечарынка ў Леабіля”).
Памёр Яўгеній Замяцін (рус. Евгений Замятин, нар. 1 лютага 1884), рускі пісьменнік. Найбольш вядомы сваім раманам-антыўтопіяй “Мы” (1920), які стаў першым у чарадзе еўрапейскіх антыўтопій О. Хакслі, Дж. Оруэла, Р. Брэдберы. У СССР раман не выходзіў у друк, упершыню ён быў апублікаваны па-ангельску ў 1924 г. у Нью-Ёрку, а на рускай мове выйшаў толькі ў 1952 г. таксама ў ЗША.
Памёр Міхаіл Булгакаў (руск. Михаил Булгаков, нар. 15 траўня 1891), рускі пісьменнік, драматург і тэатральны рэжысёр. Аўтар раманаў, аповесцяў, апавяданняў, фельетонаў, п'есаў, інсцэніровак, кінасцэнарыяў і оперных лібрэта. П'есу “Дні Турбіных” упадабаў Сталін, хаця і заўважаў: “Дні Турбіных” – антысавецкая штука, і Булгакаў не наш”. Адначасова ў савецкай прэсе адбываецца інтэнсіўная і рэзкая крытыка творчасці Булгакава. Па ягоных уласных падліках, за 10 гадоў з'явілася 298 адмоўных рэцэнзій і 3 станоўчыя. З 1939 году ў яго абвастраецца хвароба, і апошні варыянт рамана “Майстар і Маргарыта” ён надыктоўвае жонцы. На магіле Булгакава ўсталяваны камень, які раней ляжаў на магіле Гогаля. На беларускую мову раман ”Майстар і Маргарыта” пераклаў А. Жук (1994, серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”).