Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПаводле Шэкспіра, у гэты дзень заручыліся Рамэа і Джульета.
Нарадзіўся Тарквата Таса (іт. Torquato Tasso, памёр 25 красавіка 1595), адзін з найбуйнейшых італьянскіх паэтаў. Галоўны твор Таса — рыцарская паэма “Вызвалены Ерусалім” (La Gerusalemme liberata, 1575), што складаецца з 20 песняў, напісаных актавамі. У аснове паэмы ляжаць падзеі Першага крыжовага паходу, узначаленага Готфрыдам Бульёнскім. Паход завяршыўся ўзяццем Ерусаліма і заснаваннем на Блізкім Усходзе хрысціянскага каралеўства. Таса вельмі доўга адмаўляўся друкаваць паэму, урыўкі якой тым часам распаўсюджвалася ў спісах з велізарнай колькасцю памылак і недакладнасцяў. Знаходзячыся ў шпіталі Св. Ганны як “небяспечны шаленец”, Таса дазволіў надрукаваць свой твор пад новай назвай (раней паэма называлася проста “Ерусалім”), а ў 1593 годзе ўвогуле радыкальна яе перапрацаваў і назваў “Зваяваны Ерусалім” (La Gerusalemme conquistata). Гэтая версія паэмы не была прынятая ні чытачамі, ні крытыкамі.
Нарадзіўся Алесь Гарун (сапр. Аляксандр Прушынскі, памёр 28 ліпеня 1920), беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Пачаў публікавацца з 1907 у газеце "Наша ніва". Арыштаваны 4 сакавіка 1907 у падпольнай друкарні на вуліцы Шырокай у Мінску, дзе ў той момант друкавалася адозва “Да ўсіх працоўных”. У ліпені 1908 Віленскай судовай палатай асуджаны на высылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працуючы на рацэ Лене, падрыхтаваў зборнік “Матчын дар” і ў 1914 пераслаў яго ў Вільню (выйшаў у 1918). Хворы на сухоты, вярнуўся ў Мінск у верасні 1917. Віцэ-старшыня Усебеларускага з'езда 1917; удзельнічаў у стварэнні БНР. Рэдагаваў газету “Беларускі шлях”, актыўна выступаў у ёй як публіцыст. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве. Яго магіла была адшуканая ў 1988. У 1991 пра Алеся Гаруна быў зняты дакументальна-публіцыстычны фільм “Праз сваю хату ўбачыць бацькаву”.
Нарадзіўся Дуглас Адамс (анг. Douglas Noël Adams, памёр 11 траўня 2001), брытанскі пісьменнік, драматург і сцэнарыст, суаўтар легендарнай комік-групы “Монці Пайтан”, аўтар гумарыстычных і фантастычных кніг, сярод якіх – “Усяго добрага і дзякуй за рыбу” (So Long And Thanks For All The Fish), “Ласось сумневу” (The Salmon of Doubt), “Сэнс жытця” (The Meaning Of Liff, разам з Джонам Лойдам). Самы вядомы раман Адамса “Аўтаспынам па Галактыцы” (The Hitch-Hiker’s Guide To The Galaxy) на беларускую мову перакладае Павал Касцюкевіч.
Памёр Эрл Стэнлі Гарднэр (анг. Erle Stanley Gardner, нар. 17 ліпеня 1889), амерыканскі пісьменнік, класік дэтэктыўнага жанру. Выдаў больш за 100 раманаў і мноства апавяданняў. Галоўны герой 72 раманаў Гарднэра, напісаных на працягу сарака гадоў, — адвакат Пэры Мэйсан. Да пачатку літаратурнай кар’еры Гарднэр сам працаваў адвакатам, а ў 1946—1960 гг. быў удзельнікам камітэта “Суд апошняй надзеі”, праваабарончай арганізацыі па пераглядзе смяротных выракаў. За дакументальную кнігу пра гэтую арганізацыю яму была прысуджаная прэмія Эдгара По Амерыканскай асацыяцыі дэтэктыўных пісьменнікаў (1962).