№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 12 сакавіка

  • 1851

    Памёр Ян Баршчэўскі (нар. 1794, па іншых звестках – 1790 або 1796), беларускі і польскі пісьменнік, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Пісаў па-польску. У 1844 – 1846 выдаў свой галоўны твор – празаічны зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” (Szlachcic Zawalnia, czyli Białoruś w fantastycznych opowiadaniach), які на беларускую мову пераклаў Мікола Хаўстовіч. Кампазіцыйна “Шляхціц Завальня” складаецца з 38 частак: апавяданняў-прыпавесцяў, устаўных навелаў, лірычных адступленняў і ўспамінаў, звязаных паміж сабой асобай слухача і каментатара апавяданняў шляхціца Завальні.

  • 1863

    Нарадзіўся Габрыэле д’Анунцыё (іт. Gabriele d'Annunzio, сапр. Гаэтана Рапаньета, памёр 1 сакавіка 1938), італьянскі паэт, празаік, драматург і палітычны дзеяч. У сваіх раманах, вершах і драмах д’Анунцыё выяўляў дух рамантызму, гераізму, эпікурэйства, эратызму, патрыятызму. Паўплываў на рускіх акмеістаў. Да пачатку Першай сусветнай вайны ён быў найбольш вядомым і папулярным італьянскім пісьменнікам. З 1919 году пачаў падтрымліваць Мусаліні. Д’Анунцыё вітаў ваенныя акцыі італьянскага фашызму, славіў яго каланіяльныя захопы (зборнікі артыкулаў і выступленняў “Трымаю цябе, Афрыка”, 1936), хаця ў 1921 – 1922 гг. ён і спрабаваў стварыць свой цэнтр палітычнай сілы, які канкураваў бы з фашысцкім. За фашызмам у 1924 атрымаў тытул князя, у 1937 узначаліў Каралеўскую акадэмію навук. Памёр ад апакалептычнага ўдару, і рэжым Мусаліні зладзіў яму шыкоўнае пахаванне.

  • 1922

    Нарадзіўся Джэк Керуак (анг. Jack Kerouac, сапр. Жан Луі Лебры дэ Керуак; памёр 21 кастрычніка 1969), амерыканскі паэт і празаік, адзін з галоўных прадстаўнікоў біт-пакалення, якога называлі “каралём бітнікаў” і “бацькам хіпі”. Самыя вядомыя яго раманы – “На дарозе” (On the Road, 1957) і “Бадзягі Дхармы” (The Darma Burns, 1958).

  • 1925

    Памёр Аркадзь Аверчанка (руск. Аркадий Аверченко, нар. 27 сакавіка 1881), рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пачатковай адукацыі не атрымаў, працаваць пачаў у 15 гадоў. У 1906 – 1907 гг. ён рэдагуе сатырычныя часопісы “Штык” і “Меч”, адкуль яго неўзабаве звальняюць з фармулёўкай “Вы добры чалавек, але ні да халеры не здатны”. У 1908 годзе Аверчанка робіцца спачатку сакратаром пецярбургскага гумарыстычнага часопіса “Стрекоза” (пазней перайменаванага ў “Сатирикон”), а потым і яго рэдактарам. Пасля рэвалюцыі 1917-га выехаў у Канстанцінопаль, потым у Парыж. Сафію, Бялград і ўрэшце ў Прагу, дзе ў 1925 г. памёр і быў пахаваны на Альшанскіх могілках.