Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Нікаля Буало-Дэпрэо (фр. Nicolas Boileau-Despréaux, нар. 1 лістапада 1636), французскі паэт, крытык, тэарэтык класіцызму. Здабыў вядомасць кнігай “Сатыры” і ў 1677 годзе быў прызначаны Людовікам XIV прыдворным гістарыёграфам (разам з Расінам). Самы вядомы твор Буало – паэма-трактат “Паэтычнае мастацтва” (L’art poétique), у якім выкладаюцца прынцыпы класіцыстычнай паэтыкі.
Памёр Тэадор дэ Банвіль (фр. Théodore de Banville, поўнае імя – Эцьен Жан Батыст Клод Тэадор Фален дэ Банвіль; нар. 14 сакавіка 1823), французскі паэт-парнасец, драматург, журналіст, крытык. Сябраваў з Бадлерам, Гюго, Гацье, ад якога ўспрыняў ідэю “мастацтва дзеля мастацтва”. Аўтар зборнікаў “Карыятыды” (Les Cariatides, 1842), “Сталактыты” (Les Stalactites, 1846), “Акрабатычныя оды” (Odes funambulesques, 1857), “Выгнаннікі” (Les Exilés, 1867), “Маленькі трактат пра французскую паэзію” (Petit traité de poésie française, 1872) і інш. На вершы Банвіля першыя свае рамансы напісаў Клод Дэбюсі.
Нарадзіўся Ян Лехань (польск. Jan Lechoń, сапр. Лешак Сэрафіновіч, памёр 8 чэрвеня 1956), польскі паэт і дыпламат. Продкі Леханя былі туркамі, што хрысціліся і з часам апалячыліся. Лехань быў адным з заснавальнікаў літаратурнай групы “Скамандр” (і прыдумаў ёй назву – у гонар ракі Скамандр, што цякла каля Троі), куды ўваходзілі таксама Юльян Тувім, Антоній Слонімскі, Яраслаў Івашкевіч; менавіта Лехань казаў уступнае слова на першым публічным выступе групы 6 снежня 1919 году. Вядомасць паэту прынёс зборнік вершаў “Пурпуровая паэма” (Karmazynowy poemat, 1920). Аднак хутка пасля гэтага праз рознага кшталту праблемы, у тым ліку праблемы ў прыватным жыцці, паэт робіць у 1921 годзе спробу самагубства, пасля чаго пэўны час лечыцца ў псіхіятрычным шпіталі. З 1930 па 1939 гады працуе культурным аташэ ў польскай амбасадзе ў Парыжы. Пасля капітуляцыі Францыі пераязджае ў Бразілію, пазней – у Нью-Ёрк, дзе робіцца сувыдаўцом многіх польскіх газетаў і часопісаў, а ў 1942 годзе – адным з заснавальнікаў Польскага інстытута навукі і мастацтва ў Амерыцы. 8 чэрвеня 1956 Лехань учыняе самагубства, скочыўшы з 12-га паверха гатэля “Гудзон”. Сярод прычынаў гэтага самазабойства адны называюць узмацненне камуністычнага рэжыму ў Польшчы, іншыя – дэпрэсію з прычыны нападкаў палякаў на паэта праз яго сэксуальную арыентацыю. Прах паэта ў 1991 годзе быў перавезены з Нью-Ёрка ў Варшаву і пахаваны на Лясных могілках у Лясках, у сямейным склепе побач з бацькамі.
Нарадзіўся Ёргас Сеферыс (грэцк. Γιώργος Σεφέρης, сапр. Георгіяс Сеферыядыс; памёр 20 верасня 1970), грэцкі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1963). Сын універсітэцкага прафесара, найлепшага перакладчыка Байрана на навагрэцкую. Вучыўся на юрыдычным факультэце Сарбоны. Пасля турэцкай акупацыі 1922 году і разні ў Смірне разам з іншымі бежанцамі перасяліўся ў Афіны, потым з’ехаў за мяжу і да 1950 году ў Грэцыю не вяртаўся. Прафесійны дыпламат, служыў у замежных грэцкіх прадстаўніцтвах, у 1957 – 1962 гг. быў паслом у Вялікабрытаніі. На паэзію Сеферыса зрабілі моцны ўплыў Канстанцінас Кавафіс, Эзра Паўнд, Т. С. Эліят, паэму якога “Бясплодная зямля” Сеферыс пераклаў на навагрэцкую.
Нарадзіўся Мірча Эліядэ (рум. Mircea Eliade, памёр 22 красавіка 1986), румынскі пісьменнік, рэлігіязнаўца, даследчык міфалогіі. Аўтар больш чым 30 навуковых працаў, перакладзеных на 18 моваў свету. Свабодна валодаў дзесяццю мовамі – румынскай, французскай, нямецкай, італьянскай, ангельскай, іўрытам, фарсі, санскрытам, палі, бенгалі. Акрамя навуковых працаў Эліядэ напісаў шмат фантастычных твораў з такімі характэрнымі элементамі, як вампіры, злыя духі, прывіды, скрыўленне часу, пошукі бессмяротнасці. За раман “Дзяўчына Крысціна” (Domnişoara Christina, 1936), прысвечаны эротыцы і смерці ў чалавечым жыцці, галоўным героем якога з’яўляецца вурдалак (рум. strigoi) Эліядэ быў абвінавачаны ў распаўсюдзе парнаграфіі і адхілены ад выкладчыцкай дзейнасці. Большасць літаратурных твораў Эліядэ так ці іначай звязаныя з ідэяй “іншага свету”, схаванага за паўсядзённай рэчаіснасцю. Грамадзянін ЗША з 1966, памёр у Чыкага.
Нарадзіўся Юрый Андруховіч (укр. Юрій Андрухович), украінскі паэт, празаік, перакладчык, эсэіст. Жыве і працуе ў Івана-Франкоўску. Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі украінскіх пісьменнікаў. У 1985 разам з Віктарам Небаракам і Аляксандрам Ірванцом заснаваў паэтычную групу “Бу-Ба-Бу”, якая адной з першых пачала адраджаць ва ўкраінскай літаратуры карнавальныя і буфанадныя традыцыі. Творчасць Андруховіча мае значны ўплыў на сённяшні літаратурны працэс ва Украіне, з яго імем звязаныя першыя факты зацікаўленасці сучаснай украінскай літаратурай на Захадзе. Творы Андруховіча перакладзеныя на 12 моваў, у тым ліку на беларускую: у 2006 годзе ў выдавецтве “Логвінаў” выйшаў зборнік “Уводзіны ў геаграфію” (паэзія, проза, эсэістыка; пераклад М. Шоды і А. Хадановіча).
Памёр Іва Андрыч (сербск. Иво Андрић, нар. 9 кастрычніка 1892), югаслаўскі празаік, эсэіст, дыпламат баснійскага паходжання, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1961). У ліпені 1914 быў арыштаваны як “югаслаўскі нацыяналіст” і амаль год правёў у турме, а па выхадзе з яе да лета 1917 году знаходзіўся пад хатнім арыштам. Зрабіў паспяховую дыпламатычную кар’еру, служыў у Ватыкане, Бухарэсце, Трыесце, Марсэлі, Парыжы, Мадрыдзе, быў сакратаром пастаяннай дэлегацыі Каралеўства Югаславіі пры Лізе Нацый у Жэневе. Першым падпісаў у 1954 годзе Навісадскую дамову пра адзінства сербскахарвацкай літаратурнай мовы. У перакладзе на беларускую выйшла дзве кнігі Андрыча: зборнікі “Трывожны год” (Аповесці і апавяданні. Мн.: Мастацкая літаратура, 1978; пераклад Б. Сачанкі) і “Мост на Дрыне: Раман; Пракляты двор: Апавяданні” (пераклад Б. Сачанкі, І. Чароты. Мн.: Мастацкая літаратура, 1993).