№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 17 сакавіка

  • 1680

    Памёр Франсуа дэ Ларашфуко (фр. François VI, duc de La Rochefoucauld; нар. 15 верасня 1613), французскі пісьменнік і філосаф-мараліст. Аўтар шырокавядомага зборніка афарызмаў “Роздумы, або Маральныя выслоўі” (1665), больш вядомага як “Максімы” (Maximes). Яшчэ пры жыцці выйшла 5 выданняў “Максімаў”, кожнае з якіх нястомна дапаўнялася пісьменнікам. Другі значны яго твор – “Мемуары” (Mémoires sur la régence d’Anne d’Autriche, 1662), на падставе якіх пазней быў заснаваны сюжэт рамана “Тры мушкецёры” А. Дзюма (гісторыя аб падвесках каралевы Анны Аўстрыйскай). У “Мемуарах” падрабязна апісаныя гістарычныя падзеі часоў Фронды.

  • 1883

    Нарадзіўся Урмуз (рум. Urmuz, сапр. Дэметру Дэметрэску-Бузэў, рум. Demetru Demetrescu-Buzău; памёр 23 лістапада 1923), румынскі пісьменнік-авангардыст. Прызнаны папярэднікам дадаізму, сюррэалізму і тэатру абсурду, паўплываў на творчасць Э. Іянэска. Творы перакладзеныя на ангельскую, французскую, італьянскую, гішпанскую, нідэрландскую і чэшскую мовы. Скончыў жыццё самагубствам у абсурдысцкай манеры – застрэліўся без прычыны ў парку.

  • 1889

    Памёр Ёзэф Алберт Албердынк Тэйм (нід. Josephus Albertus (Joseph) Alberdingk Thijm, нар. 13 жніўня 1820), нідэрландскі паэт, празаік, мастацкі крытык і выдавец. У паэзіі наследаваў Вілему Білдэрдэйку. Значная частка яго крытычных працаў была прысвечаная творчасці Ёста ван дэн Вондэла, пра якога ён выдаў кнігу “Партрэты Вондэла” (Portretten van Josst van den Vondel, 1876), а затым працаваў над зборам ягоных твораў.

  • 1898

    Нарадзіўся Ізі Харык (ідыш איזי כאריק, расстраляны 29 лістапада 1937), беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 публікацыямі ў габрэйскіх газетах. У 1922 годзе ў Мінску выйшла яго першая кніга вершаў “Трапятанне”. З 1925 друкаваўся ў габрэйскiм часопісе “Штэрн”. З 1928 пачалі з’яўляцца пераклады вершаў Харыка на беларускую мову. Пераехаў у Мінск, працаваў рэдактарам часопіса “Штэрн”. Да 1936 году ў Мінску, Маскве і Кіеве выйшла 13 яго кніг на ідышы. З пачатку 1930-х гадоў выступаў з артыкуламі і нарысамі таксама ў беларускамоўных выданнях. Перакладаў на ідыш творы Я. Коласа, М. Чарота. Арыштаваны ў Мінску ў Доме спецыялістаў і прысуджаны пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 як “сябра трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі” да найвышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд быў выкананы 29 лістапада 1937 году ў турме НКВД. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 чэрвеня 1956. Асабістая справа № 6870-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Падборку вершаў Ізі Харыка ў перакладзе Ганны Янкута можна пачытаць тут.

  • 1926

    Нарадзіўся Зігфрыд Ленц (ням. Siegfried Lenz), нямецкі пісьменнік, драматург, лаўрэат прэміі Гётэ (2000). Уваходзіў у літаратурную суполку “Група 47” і разам з Гюнтэрам Грасам удзельнічаў у ажыццяўленні ўсходняй палітыкі Вілі Бранта. Як пісьменнік і грамадзянін заўжды адчуваў адказнасць за наступствы нацызму і лічыў сваім абавязкам рабіць папераджальныя захады супраць яго адраджэння. Найбольш вядомыя яго раманы – “Урок нямецкай” (Deutschstund, 1968), “Жывы прыклад” (Das Vorbild, 1973), “Краязнаўчы музей” (Heimatmuseum, 1978), Вучэбны пляц” (Exerzierplatz, 1981) і інш. Творы Ленца перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету.

  • 1948

    Нарадзіўся Ўільям Гібсан (англ. William Gibson), амерыканскі пісьменнік-фантаст. З 1967 г. жыве ў Канадзе, куды з'ехаў, па яго словах, каб пазбегнуць прызыву на в’етнамскую вайну. Гібсан – аўтар панятку “кіберпрастора” (cyberspace), першы ў літаратуры апісаў віртуальную рэальнасць. Лічыцца заснавальнікам стылю кіберпанк, але сам не любіць такога вызначэння і лічыць яго згубным для жанру. Вельмі папулярнай стала яго трылогія “Нейрамант” (Neuromancer, 1984), “Граф Нуль” (Count Zero, 1986 ); “Mona Lisa Overdrive” (1988). Па яго апавяданнях былі знятыя аднайменныя стужкі “Джоні-мнемонік” (1981, экранізаваны ў 1995) і “Гатэль “Новая ружа” (1981, экранізаваны ў 1998), таксама выкупленыя правы на экранізацыю іншых твораў. У суаўтарстве з Т. Мэдаксам напісаў сцэнары для двух серый серыяла “Сакрэтныя матэрыялы”.

  • 2005

    Памерла Андрэ Нортан (анг. Andre Alice Norton; нар. 17 лютага 1912), амерыканская пісьменніца, якую Амерыканская асацыяцыя пісьменнікаў-фантастаў прызнала “вялікім майстрам навуковай фантастыкі і фэнтэзі”. Лаўрэатка каля 20 прэмій і прызоў. Напісала больш за 130 раманаў. Найбольш знакамітыя з іх – серыя касмічных операў “Каралева Сонца”, цыклы “Вядзьмарскі свет” і “Эльфійская трылогія”.