Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзілася Мары Мадлен дэ Лафает (фр. Marie-Madeleine Pioche de La Vergne, графіня дэ Лафает; памерла 25 траўня 1693), французская пісьменніца. У юнацтве, зацікавіўшыся літаратурай, пачала наведваць найбольш значныя літаратурныя салоны таго часу – салон мадам дэ Рамбуе і салон мадам дэ Скюдэры, а ў сталым узросце заснавала свой уласны салон. Блізка сябравала з Ларашфуко, які пазнаёміў яе з самымі выбітнымі літаратарамі той эпохі. Першым надрукаваным яе творам была псіхалагічная навела “Прынцэса дэ Манпансье” (La Princesse de Montpensier, 1662), выдадзеная ананімна. Наступным выйшаў “маўрытанскі” раман “Заіда” (Zaïde, 1669 – 1671) за подпісам Жана Рэно дэ Сегрэ. Самы знакаміты твор Лафает – раман “Прынцэса Клеўская” – быў надрукаваны ў 1678, зноў ананімна. Лічыцца, што гэты раман папярэднічае еўрапейскаму псіхалагічнаму раману. Астатнія творы мадам дэ Лафает былі надрукаваныя пасля яе смерці.
Памёр Лорэнс Стэрн (анг. Laurence Sterne, нар. 24 лістапада 1713), ангельскі пісьменнік. Шырока вядомыя яго раманы “Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена” (Life and Opinions of Tristram Shandy, Gentleman; 1759 – 1767) і “Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі, апісанае містэрам Ёрыкам” (Sentimental journey through France and Italy by Mr. Yorick, 1768). Раман пра Трыстрама Шэндзі вылучаецца непаслядоўнасцю сюжэту: аўтар увесь час збіраецца расказаць пра ўсё жыццё героя, але ў дзявятым томе Трыстрам дасягае толькі 5-гадовага ўзросту, бо аўтар пастаянна адыходзіць ад тэмы, робіць лірычныя адступленні, дасціпныя заўвагі, збіваецца на размовы з чытачом ці расказвае пабочныя гісторыі. “Сентыментальнае падарожжа” ўвогуле абрываецца на сярэдзіне сказа: “Так што, калі я працягнуў руку, я схапіў fille de chambre за...” Некаторыя лічаць, што такі спосаб аповеду папярэднічае “плыні свядомасці”, якую пачалі выкарыстоўваць у далейшым Дж. Джойс, В. Вулф, Ў. Фолкнэр.
Нарадзіўся Стэфан Малармэ (фр. Stéphane Mallarmé, памёр 9 верасня 1898), французскі паэт-сімваліст. Спачатку зазнаў моцны ўплыў паэзіі Ш. Бадлера, Э. По, Т. Гацье і ўваходзіў у групу парнасцаў. Пазней адышоў ад Парнаскай школы і зрабіўся тэарэтыкам сімвалізму. З 1880 г. арганізоўваў у сваёй кватэры “літаратурныя аўторкі”, на якіх збіраліся самыя вядомыя еўрапейскія літаратары і мастакі таго часу. У 1896 г. пасля смерці Поля Вэрлена быў абраны “каралём паэтаў”. У 1897 г. выдаў эксперыментальную паэму “Удача ніколі не скасуе выпадку” (Un coup de dés jamais n'abolira le hasard) у выглядзе аднаго сказа без знакаў прыпынку, надрукаваную лесвічкай на дзвюх старонках розным шрыфтам. Тым не менш, Малармэ паўплываў на паэзію не толькі сваёй творчасцю, не такой ужо і вялікай па аб’ёме, але і сваімі тэарэтычнымі развагамі і ідэямі. На беларускую мову вершы Малармэ перакладаў Андрэй Хадановіч.
Нарадзіўся Ўілфрэд Оўэн (анг. Wilfred Edward Salter Owen, загінуў 4 лістапада 1918), ангельскі паэт, чыя творчасць у многім паўплывала на паэзію 1930-х. Асноўная тэма яго творчасці — жах і нікчэмнасць вайны. Вядомасць прыйшла да яго толькі пасля смерці. Пры жыцці паэта былі надрукаваныя ўсяго 4 ягоныя вершы; першы яго зборнік выйшаў у 1920-м.
Нарадзіўся Джон Апдайк (анг. John Hoyer Updike; памёр 27 студзеня 2009), амерыканскі пісьменнік, аўтар 28 раманаў і 45 іншых кніг: зборнікаў апавяданняў, вершаў, эсэ. Да найбольш вядомых яго твораў належаць серыя кніг пра Труса (дзве з іх прынеслі яму прэстыжную Пуліцэраўскую прэмію), трылогія пра Бэка, раманы “Кентаўр” (The Centaur,1963), “Іствікскія ведзьмы”(The Witches of Eastwick, 1984) і інш.
Памёр Адысеяс Элітыс (грэцк. Οδυσσέας Ελύτης, сапр. Адысеяс Алепудэліс, нар. 2 лістапада 1911), грэцкі паэт-мадэрніст, крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1979), які ўзяў сабе псеўданім Элітыс. дзе корань – Элас (Грэцыя), элпіда (надзея), элефтэрыя (свабода). Захапіўся сюррэалізмам падчас вывучэння права ва ўніверсітэце і пазней далучыўся да новага пакалення ў грэцкай літаратуры, якое аддавала перавагу выкарыстанню размоўнай мовы. Найбольш вядомыя кнігі Элітыса – зборнік вершаў “Арыентыры” (Προσανατολισμοί, 1939), духоўная аўтабіяграфія ў вершах і прозе “Варта быць” (Το Άξιον Εστί, 1959), паэма “Марыя Нэфелі” (Μαρία Νεφέλη, 1978). Рамантычнае стаўленне да жыцця і аптымістычны настрой твораў у Элітыса спалучаліся са скептычным стаўленнем да шлюбу – усё жыццё ён пражыў заўзятым халасцяком.