№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 19 сакавіка

  • 1721

    Нарадзіўся Тобіяс Смолет (анг. Tobias George Smollett, памёр 17 верасня 1771), шатландскі пісьменнік. Вядомым зрабіўся дзякуючы махлярскім раманам – “Прыгоды Родэрыка Рэндама” (The Adventures of Roderick Random, 1748), “Прыгоды Перэгрына Пікла” (The Adventures of Peregrine Pickle, 1751), “Жыццё і прыгоды сэра Лансэлота Грыўса” (The Life and Adventures of Sir Launcelot Greaves, 1760), “Падарожжа Хамфры Клінкера” (The Expedition of Humphry Clinker, 1771). Смолет таксама зрабіў новы пераклад “Дон Кіхота” Сервантэса на ангельскую (1755) і выдаў “Поўную гісторыю Англіі” (1757 – 1765), якая карысталася вялікай папулярнасцю. Яго творчасць звязаная з зараджэннем сентыменталізму ў ангельскай літаратуры і паўплывала на такіх раманістаў, як Ч. Дыкенс.

  • 1821

    Нарадзіўся сэр Рычард Фрэнсіс Бёртан (анг. Richard Francis Burton, памёр 20 кастрычніка 1890), брытанскі вандроўнік, пісьменнік, лінгвіст, перакладчык, этнограф, дыпламат. Здабыў славу сваімі даследаваннямі Азіі і Афрыкі і выключным веданнем розных моваў і культураў. Паводле некаторых звестак, Бёртан валодаў дваццаццю дзевяццю мовамі, прычым розных моўных сем’яў. Пераклаў на ангельскую казкі “Тысячы і адной ночы”, а таксама Камасутру. Бёртана неаднаразова цытаваў у сваіх творах Х. Л. Борхес.

  • 1887

    Памёр Юзаф Ігнацы Крашэўскі (польск. Józef Ignacy Kraszewski, нар. 28 ліпеня 1812, псеўданімы: Б. Балеславіта; Д-р. Амега; К. Пастарнак), беларускі і польскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Пісаў па-польску, лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Літаратурная спадчына складае каля 600 тамоў (проза, паэзія, драматургія, крытычныя артыкулы, працы па гісторыі, этнаграфіі i інш.). Аўтар паэтычнай трылогіі з гісторыі Літвы часоў Міндоўга і Вітаўта “Анафеляс” (1840 – 1845), якую рэцэнзаваў Я. Чачот. Агулам Юзафам Крашэўскім напісана 223 раманы, у т.л. “Апошняя са слуцкіх князёў”, “Кароль у Нясвіжы” (два апошніх пераклаў на беларускую мову Міхась Кенька), “Пане Каханку”. Аўтар навуковых прац “Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні” (1847 – 1850), “Мастацтва ў славян, асабліва ў Польшчы і дахрысціянскай Літве” (1860), “Адзенне мяшчан і сялян з ваколіц Берасця, Кобрына і Пружанаў” i інш. Меў таксама талент мастака: маляваў, рабіў ілюстрацыі, гравіраваў і аздабляў вокладкі да кніг.

  • 1933

    Нарадзіўся Філіп Рот (анг. Philip Roth), амерыканскі пісьменнік, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі, прэміі Ф. Кафкі (2001) і іншых. Аўтар каля 30 раманаў. Першая кніга “Бывай, Калумб” (Goodbye, Columbus, 1959) прынесла яму вядомасць і была ўганараваная Нацыянальнай кніжнай прэміяй. Выданне рамана “Выпадак Партнога” (Portnoy's Complaint, 1969) умацавала яго славу. Пулітцэра ён атрымаў за раман “Амерыканская пастараль” (American Pastoral, 1997). Раман “Змова супраць Амерыкі” (The Plot Against America, 2004), у якім апісваецца альтэрнатыўнае развіццё гісторыі Амерыкі, стаў бэстсэлерам. Рот прызнаны жывой літаратурнай легендай.

  • 1950

    Памёр Эдгар Райс Бероўз (англ. Edgar Rice Burroughs, нар. 1 верасня 1875), амерыканскі пісьменнік. Найбольш знакаміты цыклам раманаў пра Тарзана, а таксама серыяй кніг аб прыгодах Джона Картэра на Марсе. Першы раман пра Тарзана выйшаў у 1914 г. (усяго было напісана 26 кніг), яго поспех дазволіў пісьменніку набыць у 1918 г. ранча ў Каліфорніі, якое ён назваў Тарзаніяй, а потым адкрыць уласнае выдавецтва і кіраваць правамі на экранізацыі, коміксы і інш. Творчасць Бероўза значна паўплывала на развіццё жанраў навуковай фантастыкі і фэнтэзі ў XX стагоддзі. Яго ўплыў прызнавалі Рэй Брэдберы, Філіп Фармер, Джон Нортан.

  • 2008

    Памёр Артур Чарлз Кларк (анг. Arthur Charles Clarke, нар. 16 снежня 1917), ангельскі пісьменнік, навуковец-вынаходнік, футуролаг, найбольш вядомы сумеснай са Стэнлі Кубрыкам працай над культавым навукова-фантастычным фільмам “Касмічная адысея 2001” (1968). Кларка разам з Айзэкам Азімавым і Робертам Хайнлайнам доўгі час называлі “вялікай тройкай” навуковых фантастаў. Сярод раманаў найбольш вядомыя “Канец дзяцінства” (Childhood's End, 1953), “Горад і зоркі” (The City and the Stars, 1956), “Спатканне з Рамай” (Rendezvous with Rama, 1972), “Фантаны Раю” (The Fountains of Paradise, 1979). У 1956 Кларк пераехаў жыць на Шры-Ланку — часткова таму, што захапляўся падводным плаваннем з аквалангам, але, магчыма, і праз жаданне схаваць сваю нетрадыцыйную арыентацыю. У Шры-Ланцы ён пражыў да смерці, у апошнія гады беручы ўдзел у стварэнні тэлеперадач, прысвечаных легендам і міфам сучаснасці.