№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 20 сакавіка

  • 1770

    Нарадзіўся Фрыдрых Гёльдэрлін (ням. Johann Christian Friedrich Hölderlin, памёр 7 чэрвеня 1843), нямецкі паэт-рамантык. Творчасць і асоба Гёльдэрліна паўплывалі ў далейшым не толькі на пісьменнікаў (С. Цвайг, Г. Гайм), але і на філосафаў і тэолагаў (В. Дыльтэй, Ф. Ніцшэ, К. Ясперс, М. Хайдэгер, М. Бланшо). Яшчэ ва ўніверсітэце ён зацікавіўся антычнасцю і філасофіяй, вывучэнне якіх зблізіла яго з аднакурснікамі Г. Гегелем і Ф. Шэлінгам. Акрамя лірычных вершаў Гёльдэрлін таксама пакінуў пасля сябе раман “Гіперыён, або Пустэльнік у Грэцыі” (Hyperion oder Der Hermit in Griechenland, тт. 1 — 2, 1797 — 1799). Няскончанай засталася трагедыя “Смерць Эмпедокла” (Der Tod des Empedokles, 1797 — 1800). Сярод апошніх твораў былі таксама пераклады “Антыгоны”, “Эдыпа-цара” і некалькіх гімнаў Піндара. З маладосці паэт пакутаваў на псіхічнае захворванне.

  • 1828

    Нарадзіўся Генрык Ібсэн (нарв. Henrik Johan Ibsen, памёр 23 траўня 1906), найбуйнейшы нарвежскі драматург XIX стагоддзя, заснавальнік “новай драмы”, тэатральны рэжысёр і паэт. Пісаў на дацкай мове (яе нарвежскім варыянце), якая ў той час была літаратурнай мовай Нарвегіі. Жыццё і творчасць Ібсэна поўныя дзіўных супярэчнасцяў: моц яго таленту дазволіла арганічна спалучыць самыя розныя, нярэдка палярныя тэмы, ідэі, сродкі мастацкага выражэння. Прадстаўнікі розных эстэтычных плыняў залучаюць яго ў свае шэрагі. Некаторыя называлі яго “Фройдам у драматургіі”. Адной з самых папулярных п'есаў Ібсэна быў “Лялечны дом” (Et Dukkehjem, 1879). Да ліку найлепшых залічваюцца п’есы “Бранд” (Brand, 1865), “Пэр Гюнт” (Peer Gynt, 1867), “Вораг народа” (En Folkefiende, 1882), “Дзікая качка” (Vildanden, 1884), “Будаўнік Сольнэс” (Bygmester Solness, 1892). Шматлікія творы Ібсэна пастаўленыя ў тэатрах і экранізаваныя.

  • 1833

    Выйшла першае поўнае выданне рамана ў вершах “Яўгеній Анегін” А. Пушкіна.

  • 1852

    Надрукаваны раман Г. Бічэр-Стоў “Хаціна дзядзькі Тома” (Uncle Tom's Cabin)

  • 1976

    Памёр Уладзімір Дубоўка (нар. 15 ліпеня 1900), беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”, першым рэдактарам часопіса “Беларускі піянер” (цяпер “Бярозка”). У 1930 г. рэпрэсаваны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Пасля рэабілітацыі (з 1957) жыў у Маскве. Перакладаў Шэспіра (“Санеты”, 1964), Байрана (паэмы “Шыльёнскі вязень”, “Бронзавы век”, містэрыя “Каін” у зборніку “Выбранае”, 1963), В. Брусава, А. Пракоф'ева, П. Тычыну, Ю. Яноніса, С. Шырвані, М. Ардубаду, К.Каладзэ, Е. Чарэнца, У. Бранеўскага, Ю. Славацкага, У. Сыракомлю, Ду Фу і інш.

  • 1997

    Памёр Віктар Содэн Прытчэт (анг. Victor Sawdon Pritchett, нар. 16 снежня 1900), ангельскі пісьменнік, літаратуразнаўца. Найбуйнейшы майстар ангельскай навелы пасля Р. Кіплінга. Напісаў некалькі раманаў, але вядомым зрабіўся, выдаўшы зборнік апавяданняў “Гішпанская дзяўчына і іншыя гісторыі” (The Spanish Virgin and Other Stories, 1932). Знакаміты таксама сваімі мемуарамі і крытычнымі эсэ. Карысталіся поспехам напісаныя ім біяграфіі Бальзака (1973), Тургенева (1977) і Чэхава (1988). Вядома, што ён не любіў свайго імені, атрыманага ў гонар ангельскай каралевы, і нават найбліжэйшыя сябры называлі яго па ініцыялах — ВСП.