Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейЗабіты Аўгуст Фрыдрых Фердынанд фон Кацэбу (ням. August Friedrich Ferdinand von Kotzebue, нар. 3 траўня 1761), нямецкі драматург і раманіст. Дзякуючы сваім п’есам, якія адпавядалі густам тагачаснай публікі, у свой час быў папулярнейшы за Гётэ і Шылера. Служыў у Расійскай імперыі, быў арыштаваны і сасланы у Сібір, аднак памілаваны Паўлам І, які, прачытаўшы адну з яго п’есаў, падараваў яму маёнтак у Эстоніі і прызначыў на пасаду прыдворнага дарадцы і дырэктара нямецкага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. Ад імя Кацэбу ў рускай мове з’явілася абазначэнне “кацэбяціна”, што адлюстроўвае нізкапробную драматургію, засілле якой на сцэнах расійскіх тэатраў выклікала пратэсты крытыкаў у пачатку ХІХ стагоддзя.
Памёр Стэндаль (фр. Stendhal, сапр. Анры-Мары Бэйль; нар. 23 лютага 1783), французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага рамана. Асабліва вядомыя яго раманы “Чырвонае і чорнае” (Le Rouge et le Noir, 1830) і “Пармскі манастыр” (La Chartreuse de Parme, 1839). Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі ў вайне 1812 году Стэндаль служыў вайсковым інтэндантам у Оршы.
Нарадзіўся Ражэ Мартэн дзю Гар (фр. Roger Martin du Gard, памёр 22 жніўня 1958), французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1937). Галоўны твор — шматтомны раман “Сям’я Тыбо” (Les Thibault, 1922 — 1940), які, распачаты ў жанры сямейнай хронікі, перарос у палітычны раман, шырокую карціну французскай рэчаіснасці пачатку ХХ ст.
Нарадзіўся Ёзэф Чапэк (чэшск. Josef Čapek, памёр у красавіку 1945), чэшскі мастак, пісьменнік, вынаходнік тэрміна “робат”. Супрацоўнічаў са сваім братам Карэлам у напісанні шэрагу п’есаў і кароткіх апавяданняў, аўтар утапічнай п’есы “Зямля шматлікіх імёнаў” (Země mnoha jmen, 1923), шэрагу навелаў, крытычных артыкулаў. Яго ілюстраваныя “Апавяданні пра сабачку і коціка” (Povídání o pejskovi a kočičce, 1929) лічацца класікай чэшскай дзіцячай літаратуры. За крытыку нацызму і Гітлера быў арыштаваны пасля нямецкай акупацыі Чэхіі ў 1939 г. і сасланы ў канцэнтрацыйны лагер Берген-Бельсэн, дзе перад смерцю напісаў “Вершы з канцлагера” (Básně z koncentračního tabora, 1946).
Нарадзіўся Рэйш Вентура (парт. Reis Ventura, памёр 29 студзеня 1988), партугальскі паэт і празаік, знакаміты творамі на каланіяльную тэматыку. Большую частку жыцця пражыў у Анголе, якая і зрабілася асноўнай тэмай яго творчасці, напаўзабытай пасля “рэвалюцыі гваздзікоў” 1974 г. Асноўныя творы — зборнік вершаў “Паломніцтва” (A Romaria, 1934), раманы “Пракляты збег абставінаў” (Engrenagens malditas, 1964), “Сотая спецыяльная рота” (A 100.ª Companhia de Comandos, 1970), якія прынеслі аўтару тры літаратурныя прэміі.
Памерла Ана дэ Каштру Асорыю (парт. Ana de Castro Osório, нар. 18 чэрвеня 1872), партугальская дзіцячая пісьменніца, адна з першых актывістак фемінісцкага руху ў Партугаліі. Вядомая як аўтар першага фемінісцкага маніфесту “Жанчыны Партугаліі” (Mulheres Portuguesas, 1905). Пасля публікацыі апавяданняў “Для дзяцей” (Para as crianças, 1897 — 1935) лічыцца пачынальніцай дзіцячай літаратуры Партугаліі.
Нарадзіўся Муасір Скляр (парт. Moacyr Jaime Scliar, памёр 27 лютага 2011), бразільскі пісьменнік, аўтар раманаў, апавяданняў, эсэ, дзіцячых кніг. Дзеянне большасці яго твораў адбываецца сярод габрэйскіх эмігрантаў у Бразіліі. Раман Скляра “Кентаўр у садзе” (O centauro no jardim, 1980) быў уключаны ў спіс 100 найлепшых твораў сучасных габрэйскіх аўтараў.
Нарадзіўся Кім Стэнлі Робінсан (анг. Kim Stanley Robinson), амерыканскі пісьменнік-фантаст, найбольш вядомы сваёй “Марсіянскай трылогіяй” (Mars trilogy), якая была ўзнагароджаная шматлікімі прэміямі, у т.л. Х’юга і Нэб’юла. Прызнаецца адным з найлепшых сучасных пісьменнікаў у жанры навуковай фантастыкі.
Памерла Елісавета Баграна (балг. Елисавета Багряна, сапр. Бэлчава, нар. 16 красавіка 1893), балгарская паэтка, адна са значных постацяў балгарскай літаратуры. Па адукацыі настаўніца, выкладала балгарскую філалогію ў Сафійскім універсітэце. Друкавацца пачала ў 1915 у літаратурна-грамадскіх часопісах. Аўтар лірычных зборнікаў “Вечная і святая” (“Вечната и святата”, 1927), “Сэрца чалавечае” (“Сърце човешко”, 1936), “Ад берага да берага” (“От бряг до бряг”, 1963), “На беразе часу” (На брега на времето, 1983) і інш.