№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 сакавіка

  • 1830

    Нарадзіўся Роберт Хамерлінг (ням. Robert Hamerling, памёр 13 ліпеня 1889), аўстрыйскі паэт і драматург. У зборніках вершаў “Венера ў выгнанні” (Venus im Exil, 1858), “Лебядзіная песня рамантызму” (Ein Schwanenlied der Romantik, 1862), вядомай сатыры “Гамункул” (Homunculus; 1888) — крытыка бурнага росту прамысловасці, звязанай з ім механізацыі жыцця, ідэалізацыя мінулага як царства прыгажосці і гармоніі. Творчасць Хамерлінга — пастаянная барацьба паміж песімізмам і жыццярадаснасцю, характэрнай для аўстрыйскай інтэлігенцыі 1860-х.

  • 1855

    Нарадзілася Аліў Шрайнер (анг. Olive Schreiner, памерла 11 снежня 1920), паўднёваафрыканская пісьменніца, актывістка антываеннага руху. Найбольш вядомая як аўтар аўтабіяграфічнага рамана “Гісторыя афрыканскай фермы” (The Story of an African Farm, 1883), у якім выказваліся смелыя погляды на незалежнасць, індывідуалізм і прафесійныя імкненні жанчын.

  • 1877

    Нарадзіўся Аляксей Новікаў-Прыбой (руск. Алексей Новиков-Прибой, сапр. Новікаў; памёр 29 красавіка 1944), рускі савецкі пісьменнік. Служыў матросам на Балтыйскім флоце, браў удзел у Цусімскай бітве падчас руска-японскай вайны, трапіў у палон. У 1908 — 1913 гг. — палітычны эмігрант (краіны Еўропы і Паўночная Афрыка). Найвышэйшым дасягненнем творчасці лічыцца гістарычная эпапея “Цусіма” (1932 — 1935), за якую ў 1941 пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Сябраваў з Я. Купалам. Асобныя яго творы на беларускую мову пераклалі С. Дарожны, Л. Маракоў і інш.

  • 1903

    Памёр Аляксандр Сухаво-Кабылін (руск. Александр Сухово-Кобылин, нар. 29 верасня 1817), рускі філосаф, драматург, перакладчык, аўтар трох п’есаў: “Вяселле Крэчынскага” (“Свадьба Кречинского”), “Смерць Тарэлкіна” (“Смерть Тарелкина”, 1859), “Справа” (“Дело”, 1861).

  • 1905

    Памёр Жуль Верн (фр. Jules Verne, нар. 8 лютага 1828), французскі пісьменнік-фантаст, адзін з вынаходнікаў і стваральнікаў новага літаратурнага жанру — навуковай фантастыкі. Сам сябе Жуль Верн лічыў аўтарам “навукова-павучальных раманаў”, часам цэлыя раздзелы яго раманаў прысвечаныя інфарматыўным экскурсам. Шматлікія вынаходніцтвы аўтара — не проста прадукты фантазіі, а дасканала даследаваныя Вернам магчымасці. Ён прадказаў навуковыя адкрыцці ў розных галінах: з’яўленне тэлевізара, акваланга, верталёта, самалёта, палёты у космас. Аўтар раманаў з элементамі ўтопіі і антыўтопіі “Падарожжа да цэнтру Зямлі” (Voyage au centre de la Terre, 1864), “Дзеці капітана Гранта” (Les enfants du capitaine Grant, 1867 — 1868), “20 000 льё пад вадой” (20,000 lieues sous les mers, 1869 — 1870), “За 80 дзён вакол свету” (Le tour du monde en quatre-vingts jours, 1872), “Таямнічы востраў” (L'Ile mystérieuse, 1875), “Пятнаццацігадовы капітан” (Un capitaine de quinze ans, 1878) і інш.

  • 1907

    Нарадзілася Лідзія Чукоўская (руск. Лидия Чуковская, памерла 7 лютага 1996), руская пісьменніца, публіцыст, мемуарыст, дысідэнт. Дачка пісьменніка Карнея Чукоўскага. Значную ролю ў выхаванні пісьменніцы адыграла творчая атмасфера бацькоўскага дома ў Санкт-Пецярбурзе, знакамітыя знаёмыя бацькі — выбітныя дзеячы культуры і мастацтва. Навучалася ў найлепшых пецярбургскіх установах. Прайшла праз сталінскі тэрор. Муж Чукоўскай, фізік П. Бранштэйн, быў арыштаваны і расстраляны. Асноўныя творы — аповесці “Соф’я Пятроўна (“Софья Петровна”, 1939 — 1940, апублікаваная за мяжой у 1965, у СССР у 1988) і “Спуск пад ваду” (“Спуск под воду”, Нью-Ёрк, 1972) — абедзве прысвечаныя выкрыццю сталінскіх рэпрэсій. Лаўрэат міжнародных і расійскіх прэмій: Прэмія свабоды (Французская Акадэмія, 1980), Прэмія імя акадэміка А. Сахарава “За грамадзянскую мужнасць пісьменніка” (1990), Дзяржаўная прэмія (1995).

  • 1926

    Нарадзіўся Дарыё Фо (італ. Dario Fo), італьянскі драматург, рэжысёр. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1997). Аўтар сцэнічных фарсаў, дакументальных палітычных драмаў у традыцыях брэхтаўскага тэатру, гратэскна-сатырычных п’есаў “Містэрыя-буф” (Mistero Buffo, 1969), “Смерць анархіста ад няшчаснага выпадку” (Morte accidentale di un anarchico, 1970), “Не можаш плаціць — не плаці” (Non Si Paga! Non Si Paga!, 1981). У мінскім тэатры імя Горкага ідзе п’еса Фо “Свабодны шлюб”.

  • 1935

    Нарадзіўся Петэр Біксель (ням. Peter Bichsel), папулярны швейцарска-нямецкі пісьменнік і журналіст. Па словах вядомага швейцарскага германіста і літаратурнага крытыка Петэра фон Мата, “з Петэрам Бікселем сумаваць не даводзіцца. Тое, што ў іншых успрымаецца з лёгкасцю, у яго даецца з намаганнямі, а што ў іншых — з намаганнямі, у яго — з лёгкасцю. […] Простае робіцца ў гэтага пісьменніка складаным, а складанае — простым. Гэта датычыць яго сказаў, яго апавяданняў, яго мастацтва наогул”.

  • 1979

    Памёр Уле Лунд К’еркегор (дацк. Ole Lund Kirkegaard, нар. 29 ліпеня 1940), дацкі дзіцячы пісьменнік і ілюстратар, марак і настаўнік. Пасля перамогі ў конкурсе дзіцячых апавяданняў выдавецтва Gyldendal пажадала, каб ён напісаў яшчэ некалькі гісторый для дзяцей, і ў 1967 годзе выйшла першая кніга К’еркегора “Малы Віргіль” (Lille Virgil). За кнігу “Альберт” (Albert) пісьменнік атрымаў прэмію Міністэрства культуры. У 1973 сям’я К’еркегора пераязджае на іншае месца. Уле Лунд, кінуўшы выкладаць у школе, страчвае натхненне. Аднойчы, напіўшыся ў карчме, ён заснуў у снезе на марозе і памёр.