Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Бернардына дэ Рэбаледа (гішп. Bernardino de Rebolledo, дакладная дата нараджэння невядомая, ахрышчаны 31 траўня 1597), гішпанскі паэт, салдат і дыпламат, адзін з самых цікавых паэтаў Гішпаніі XVII ст. Доўгі час жыў за межамі свае краіны (папа Пій IV адправіў яго як свайго сакрэтнага агента ў Паўночную Еўропу), а таму творы дэ Рэбаледа значна адрозніваюцца ад твораў гішпанцаў-сучаснікаў.
Нарадзіўся Майкл Брус (анг. Michael Bruce, памёр 15 ліпеня 1767), шатландскі паэт. Памёр ад хваробы ва ўзросце 21 году, яго творы хутка пасля гэтага трапілі ў друк і праславілі Бруса (часткова дзякуючы маладому ўзросту творцы). Самы вядомы верш Бруса “Элегія, напісаная ўвесну” (Elegy written in Spring) — апошні твор, напісаны паэтам.
Нарадзіўся Альфрэд дэ Віньі (фр. Alfred de Vigny, памёр 17 верасня 1863), французскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў французскага рамантызму. Віньі пачынае як паэт, але з 1826 году звяртаецца да жанраў рамана (“Сэн-Мар”, “Stello”) і п’есы (“Парыж”, “Чатэртан”), перакладае “Венецыянскага купца” і “Атэла” Шэкспіра. П’еса “Чатэртан” (апошняя п’еса дэ Віньі, 1833) прысвечаная ангельскаму паэту Томасу Чатэртану, аднак прататыпам яе зрабіўся хутчэй гётэўскі Вэртэр; твор выклікаў шмат спрэчак, аўтара нават абвінавачвалі, што ён прапагандуе самагубства. Пасля гэтай п’есы дэ Віньі напісаў свой апошні твор — мемуарнае “Рабства і веліч ваеннага жыцця”. У 1842 годзе быў выбраны ў Акадэмію, але ў літаратурным жыцці больш не ўдзельнічаў.
Памёр Дзмітрый Веневіцінаў (руск. Дмитрий Веневитинов, нар. 26 верасня 1805), рускі паэт рамантычнага кірунку, перакладчык і філосаф. Будучы паэт атрымаў класічную адукацыю, вывучыў французскую, нямецкую, лаціну і грэцкую мовы. Разам з князем Ул. Адоеўскім заставаў таемную філасофскую “Суполку любамудрыя”, напісаў каля 50 вершаў. Памёр, не дажыўшы да 22 гадоў. На пахаванні паэта прысутнічалі А. Пушкін і А. Міцкевіч.
Нарадзіўся Генрых Ман (ням. Heinrich Mann, памёр 11 сакавіка 1950), нямецкі пісьменнік, старэйшы брат Томаса Мана. Самыя вядомыя раманы Мана — “Настаўнік Гнюс” (Professor Unrat oder Das Ende eines Tyrannen, 1905) і “Вернападданы” (Der Untertan, 1918). У творах Мана моцная сацыяльная тэматыка, пісьменнік шмат крытыкаваў аўтарытарнае нямецкае грамадства напярэдадні Другой сусветнай вайны. Кнігі Мана паліліся нацыстамі на вогнішчы 10 траўня 1933 разам са многімі іншымі творамі, што “супярэчаць духу Германіі”. З 1953 году Берлінская акадэмія мастацтваў уручае штогадовую прэмію Генрыха Мана.
Нарадзіўся Аркадзь Аверчанка (руск. Аркадий Аверченко, памёр 12 сакавіка 1925), рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пачатковай адукацыі не атрымаў, працаваць пачаў у 15 гадоў. У 1906 – 1907 гг. ён рэдагуе сатырычныя часопісы “Штык” і “Меч”, адкуль яго неўзабаве звальняюць з фармулёўкай “Вы добры чалавек, але ні да халеры не здатны”. У 1908 годзе Аверчанка робіцца спачатку сакратаром пецярбургскага гумарыстычнага часопіса “Стрекоза” (пазней перайменаванага ў “Сатирикон”), а потым і яго рэдактарам. Пасля рэвалюцыі 1917-га выехаў у Канстанцінопаль, потым у Парыж. Сафію, Бялград і ўрэшце ў Прагу, дзе ў 1925 г. памёр і быў пахаваны на Альшанскіх могілках.
Нарадзілася Марыя Ундэр (эст. Marie Under, памерла 25 верасня 1980), адна з найбуйнейшых нацыянальных паэтак, “эстонская Ахматава”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Санеты” (1917), “Іскры ў попеле”, “На ўскрайках”.
Нарадзіўся Валерый Маракоў (расстраляны 29 кастрычніка 1937), беларускі паэт і перакладчык. Дэбютаваў вершамі ў чэрвені 1925. Аўтар зборнікаў паэзіі “Пялёсткі” (1926), “На залатым пакосе” (1927), “Вяршыні жаданняў” (1930), “Права на зброю” (1933), “Лірыка” (1959), “Вяршыні жаданняў” (вершы і паэмы, 1989). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “сябра контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі”. Рэабілітаваны 23 красавіка 1957.
Нарадзіўся Сюсаку Энда (яп. 遠藤 周作, памёр 29 верасня 1996), японскі пісьменнік, значны прадстаўнік пакалення “трэціх новых”. Асноўная тэма творчасці пісьменніка — асэнсаванне магчымасці існавання ў Японіі хрысціянства. Крытыкі часта называюць Сюсаку Энда “японскім Грэмам Грынам”.
Памёр Арнольд Бэнэт (анг. Arnold Bennett, нар. 27 траўня 1867), ангельскі пісьменнік. Перадусім вядомы як раманіст, аднак многія яго дакументальныя кнігі таксама былі і застаюцца надзвычай папулярнымі, напрыклад, кніга “Як жыць напоўніцу 24 гадзіны ў суткі” (How to Live on 24 Hours a Day); дзённікі Бэнэта часта цытаваліся брытанскай прэсай. Аднак многія пісьменнікі, напрыклад, Вірджынія Вулф, лічылі Бэнэта слабым творцам “старой гвардыі”, і цягам ХХ ст. гэтае меркаванне набывала ўсё большую вагу, пакуль у 1990-х крытыкі не перагледзелі сваёй стаўленне да творчай спадчыны Бэнэта і не вярнулі яму сваю прыхільнасць.
Нарадзіўся Абелярда Кастыла (гішп. Abelardo Castillo), аргентынскі пісьменнік, аўтар шэрагу раманаў і рэдактар часопісаў El Escarabajo de Oro і El Ornitorrinco.
Памёр Рыгор Крушына (сапр. Рыгор Казак, нар. 3 снежня 1907), беларускі паэт, празаік і крытык. У пачатку Другой сусветнай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі, у 1944 пераехаў у Германію, дзе працаваў на “Радыё Свабода”, потым выправіўся ў ЗША. У 1951 годзе заснаваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс “Конадні”. Друкаваўся ў многіх эмігранцкіх выданнях. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы. Займаўся фарматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша, як паліндром, туюг, газэль, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам. Р. Крушына стаў першым беларускім пісьменнікам, які быў прыняты ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба. Перакладаў на беларускую мову польскамоўных паэтаў Заходняй Беларусі, вершы А. Міцкевіча, Л. Украінкі, У. Маякоўскага, Б. Пастарнака, а таксама Песню Песняў.
Памёр Мао Дунь (кіт. 茅盾, сапр. Шэнь Ян-бін; нар. 4 ліпеня 1896), кітайскі пісьменнік і журналіст, які з 1949 па 1965 гады быў кітайскім міністрам культуры. Самыя вядомыя раманы гэтага пісьменніка, што на сённяшні дзень лічыцца найбуйнейшым раманістам сучаснага Кітая, — “Апоўначы” і “Вясновыя шаўкапрады”. У гонар пісьменніка названая адна з самых прэстыжных літаратурных прэміяў Кітая.
Памёр Станіслаў Лем (польск. Stanisław Lem, нар. 12 верасня 1921), польскі пісьменнік-фантаст і філосаф. Шмат пісаў пра стасункі чалавецтва з незямнымі цывілізацыямі і ўвогуле праблемы існавання чалавека, якому няма чаго рабіць у тэхнагенным свеце. Таму не дзіўна, што імем Лема названая малая планета 3836 Lem, адкрытая 22 верасня 1979 году. У 1992 годзе выйшла кніга беларускамоўных перакладаў “Прыгоды Піркса”, у 1994 — “Салярыс” (пер. А. Бутэвіч пад псеўданімам Максім Валошка). Асобныя апавяданні і эсэ С. Лема перакладалі В. Буйвал, Р. Равяка, А. Кудраўцаў, М. Татур.