№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 29 сакавіка

  • 1553

    Нарадзіўся Вінчэнтас Карнарас (грэцк. Βιτσέντζος Κορνάρος, памёр каля 1613 — 1614), крыцкі пісьменнік, аўтар паэмы “Эратакрытас”, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Крыцкай школы. Пра жыццё паэта вядома няшмат, у асноўным навукоўцы карыстаюцца звесткамі, якія паэт пакінуў у сваёй галоўнай паэме. Пазней яго “Эратакрытас” стаў крыніцай натхнення для Дыянісіяса Саломаса і зрабіў уплыў на іншых грэцкіх паэтаў.

  • 1735

    Нарадзіўся Ёган Карл Аўгуст Музэўс (ням. Johann Karl August Musäus, памёр 28 кастрычніка 1787), нямецкі пісьменнік, літаратурны крытык, філолаг і педагог. Аўтар пяцітомнага зборніка літаратурных казак “Народныя казкі немцаў”.

  • 1891

    Нарадзіўся Іван Голь (ням., фр. Yvan Goll, Iwan Goll, Ivan Goll; сапр. Ісаак Ланг, памёр 27 лютага 1950), нямецка-фрацузскі паэт, адзін з прадстаўнікоў экспрэсіянізму. У нямецкім экспрэсіянізме Голь быў правадніком французскага сюррэалізму. Адзін з галоўных яго твораў — цыкл вершаў “Іяан Беззямельны” (ням. Johann Ohneland, фр. Jean sans terre). У ім прасочваюцца аўтабіяграфічныя элементы, хаця прысвечаны цыкл беспрытульнасці чалавека наагул. Яго творы адыгралі значную ролю ў гісторыі экспрэсіянізму. Пісаў Голь на трох мовах — нямецкай, французскай і ангельскай.

  • 1902

    Нарадзіўся Марсэль Эмэ (фр. Marcel Aymé, памёр 14 кастрычніка 1967), французскі празаік, драматург, аўтар камедый, раманаў, казак і навелаў. Збольшага творы Эмэ —дзіўнаватыя трагікамедыі, у якіх выкшталцона пераплятаюцца гратэск і сацыяльная завостранасць, сарказм і філасофія, рэалізм і фантастыка, іронія і трагедыя. Помнік Марсэлю Эмэ пад назвай “Той, што праходзіць праз сцены” (Le Passe-muraille, па назве адной з навелаў Эмэ, дзе герой спачатку атрымлівае незвычайны дар, а потым гэтак жа раптоўна яго страчвае, застаючыся ў сцяне навечна) выканаў французскі актор, мастак і скульптар Жан Марэ.

  • 1929

    Нарадзіўся Ленарт Мэры (эст. Lennart-Georg Meri, памёр 14 сакавіка 2006), эстонскі пісьменнік, перакладчык і грамадскі дзеяч, прэзідэнт Эстоніі ў 1992 — 2001 гг. У сваіх кнігах ён апісваў вандроўкі, а таксама гісторыю Эстоніі і Балцкага рэгіёну. Перакладаў на эстонскую творы Рэмарка, Грэма Грына, Салжаніцына.