Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейЛічыцца, што паміж 1 і 19 красавіка нарадзіўся Франсуа Віён (фр. François Villon, імя пры нараджэнні — Франсуа дэ Манкарб’е; знік пасля 1463), знакаміты французскі паэт позняга Сярэднявечча. Магістр мастацтваў Парыжскага ўніверсітэта, Віён, які ўжо ў 1450-х дасягнуў вядомасці як паэт, таксама браў актыўны ўдзел у разгульным студэнцкім жыцці і ў хуткім часе быў уцягнуты ў крымінальныя злачынствы. У 1455 годзе Віён з нажом напаў на святара (прычынай бойкі хутчэй за ўсё была жанчына), смяротна яго параніўшы. Хаваючыся ад суду, Віён уцёк з Парыжу. Тым часам Каралеўскі суд прызнаў яго невінаватым. Аднак за сем месяцаў бадзянняў Віён звязаўся з прафесійнымі злачынцамі і быў падазраваным ужо ў двух рабаваннях. Вярнуўшыся ў Парыж у 1456 годзе, ён узяў удзел у рабаванні Наварскага калежа, віноўнікі былі выкрытыя, і Віён зноў уцёк з Парыжу. Некалькі разоў арыштаваны, ён толькі цудам пазбягаў смяротнага прысуду. Уплыў Віёна на паслядоўнікаў велізарны. Першай кнігай французскай лірыкі, надрукаванай тыпаграфскім чынам, быў зборнік вершаў Віёна (1489). Наступная рэдакцыя зборніка, выдадзеная намаганнямі паэта Клемана Маро, за паўстагоддзя перавыдавалася 32 разы. На беларускую мову вершы Віёна перакладалі Андрэй Хадановіч і Зміцер Колас.
Нарадзіўся Джон Ўілмат, другі граф Рочэстэр (анг. John Wilmot, 2nd Earl of Rochester, памёр 26 ліпеня 1680), адзін з самых значных ангельскіх паэтаў эпохі Рэстаўрацыі. Вядомы як моцны сатырык (паэма “Сатыр супраць чалавецтва”, A Satyr Against Mankind) і аўтар лірычных, эратычных вершаў, а таксама вершаў наўпрост непрыстойнага характару. Увайшоў у гісторыю як адзін з прадстаўнікоў лібертынажу і праславіўся сваімі вясёлымі гулянкамі, выбрыкамі, мноствам любоўных гісторыяў.
Нарадзіўся Антуан-Франсуа Прэво (фр. Antoine-François Prévost d'Exiles, памёр 23 лістапада 1763), адзін з найбуйнейшых французскіх пісьменнікаў XVIII ст., аўтар рамана “Манон Леско”. У падлеткавым узросце Прэво — езуіцкі паслушнік, затым вайсковец. Не вытрымаўшы дысцыпліны, вяртаецца да царквы, гэтым разам уступіўшы ў бенедыктынскі ордэн, потым бяжыць з Францыі. Жыве то ў Англіі, то ў Нідэрландах, займаючыся літаратурнай дзейнасцю. У Нідэрландах выдае “Успаміны знатнага чалавека” (Mémoires d’un homme de qualité, 1728 — 1732), а таксама ўступае ў сувязь з маладой пратэстанткай, з якой, аднак, не жэніцца. У Англіі піша свае самыя вядомыя творы — раманы “Ангельскі філосаф” (Histoire de M. Cleveland, fils naturel de Cromwell, philosophe anglais, 1732 — 1739) і “Манон Леско” (Histoire du chevalier de Grieux et de Manon Lescaut). У 1734 годзе вяртаецца ў Францыю. 23 лістапада 1763 году ў лесе Шанцільі з ім здараецца ўдар, ад якога пісьменнік і памірае. Па іншай версіі, Прэво не памёр ад удару, а толькі страціў прытомнасць. Яго палічылі мёртвым, але падчас ускрыцця ён ачуняў і тут жа памёр ад смяротнага ўдару скальпеля. Аднак па некаторых звестках, гэта толькі легенда.
Нарадзіўся Мікалай Гогаль (руск. Николай Гоголь, памёр 4 сакавіка 1852), рускі празаік, драматург, паэт, крытык. Памёр пісьменнік ад знясілення і быў пахаваны на могілках Данілавага манастыра ў Маскве. У 1930 годзе Данілаў манастыр канчаткова закрылі, а магілу Гогаля ўскрылі 31 траўня 1931 году і перанеслі яго прах на Навадзевічыя могілкі. Туды ж перанеслі і Галгофу — бронзавы крыж, які стаяў на чорным пахавальным камяні на магіле Гогаля. Афіцыйны акт экспертызы, складзены супрацоўнікамі НКУС, аспрэчваюць няпэўныя і ўзаемавыключальныя ўспаміны ўдзельнікаў і сведкі эксгумацыі, пісьменніка Уладзіміра Лідзіна. Згодна з аднымі яго ўспамінамі, напісанымі праз пятнаццаць гадоў пасля падзеяў і надрукаванымі пасмяротна ў 1991 годзе, у магіле Гогаля адсутнічаў чэрап. Згодна з іншымі яго ўспамінамі, якія перадаваліся ў форме вусных аповедаў студэнтамі Літаратурнага інстытута, калі ён быў там прафесарам у 1970-я гады, чэрап Гогаля быў павернуты ўбок. Абедзве гэтыя версіі нарадзілі шмат легендаў, у тым ліку пра пахаванне Гогаля ў стане летаргічнага сну і крадзяжы чэрапу Гогаля для калекцыі знакамітага маскоўскага збіральніка тэатральнай даўніны А. Бахрушына.
Нарадзіўся Эдмон Растан (фр. Edmond Eugène Alexis Rostand, памёр 2 снежня 1918), французскі паэт і драматург неарамантычнага кірунку. Найбольш вядомыя яго п’есы — “Прынцэса Мара” (La Princesse lointaine) і “Сірано дэ Бержэрак” (Cyrano de Bergerac). Памёр ад гішпанкі (пандэміі грыпа).
Нарадзіўся Эдгар Ўолес (анг. Richard Horatio Edgar Wallace, памёр 10 лютага 1932), ангельскі пісьменнік, драматург, кінасцэнарыст, журналіст. Аўтар 175 раманаў, 24 п’есаў і вялізнай колькасці артыкулаў у перыядычных выданнях. Заснавальнік літаратурнага жанру трылеру. Паводле ягоных твораў знята больш за 160 фільмаў. Памёр у Галівудзе падчас працы над сцэнаром фільма “Кінг-Конг”.
Нарадзіўся Сяргей Пясэцкі (польск. Sergiusz Piasecki, памёр 12 верасня 1964), польскі пісьменнік беларускага паходжання. Польскую мову вывучыў у сталым узросце. Падчас савецка-польскай вайны 1919—1921 гг. удзельнічаў у антыбальшавісцкім руху “Зялёны дуб”, потым быў агентам польскай выведкі, адначасова займаючыся кантрабандай на савецка-польскай мяжы. Пасля звальнення з выведкі ўчыніў некалькі злачынстваў і быў прысуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пісаць пачаў у турме, даведаўшыся пра літаратурны конкурс. Найбольш вядомыя яго кнігі — аўтабіяграфічная аповесць з жыцця шпегаў і кантрабандыстаў “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” (Kochanek Wielkiej Niedzwiedzicy) і антысавецкая сатыра “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” (Zapiski oficera Armii Czerwonej), перакладзеныя на беларускую мову адпаведна Язэпам Янушкевічам і Алесем Астраўцовым.
Нарадзіўся Мілан Кундэра (чэшск. Milan Kundera), чэшскі празаік, які з 1975 году жыве ў Францыі. Піша па-чэшску і па-французску. Аўтар раманаў “Жарт” (Žert, 1965), “Вальс на развітанне” (Valčík na rozloučenou, 1970 — 1971), “Невыносная лёгкасць быцця” (Nesnesitelná lehkost bytí, 1984), “Несмяротнасць” (Nesmrtelnost, 1990) і інш. У 1978 годзе, пасля выдання рамана “Кніга смеху й забыцця” (Kniha smíchu a zapomnění), чэшскі ўрад пазбавіў пісьменніка чэшскага грамадзянства. Раман “Несмяротнасць” — апошні з яго раманаў, напісаных па-чэшску. З 1990-х гадоў Кундэра піша па-французску. На беларускую мову апавяданне Мілана Кундэры “Эдуард і Бог” пераклаў Аляксей Знаткевіч.
Памёр Язэп Лёсік (псеўд. Павал Ксяневіч, Язэп Ксяневіч, Язэп Ліхадзіеўскі, М. Кепскі, J. L. (Apalczenniec) і інш., нар. 18 листапада 1883), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог. Чалец Інбелкульта (1921—1930), акадэмік АН БССР (1928). Аўтар шматлікіх дапаможнікаў і навуковых працаў па беларускай мове: “Практычная граматыка беларускае мовы” (1921), “Беларуская мова. Пачатковая граматыка” і “Беларуская мова. Правапіс” (1924) і інш. Пісаў вершы, апавяданні, у 1921 падрыхтаваў зборнік мастацкай прозы “Родныя вобразы”, але ён быў забаронены і не выйшаў. Лёсік даводзіўся дзядзькам Якубу Коласу. Арыштаваны і высланы ў Саратаўскую вобласць у 1930 па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме.
Нарадзіўся Алесь Жук, беларускі пісьменнік, перакладчык, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Літаратурнай прэміі Беларусі імя І. Мележа (1982) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1992).
Памерла Агнія Барто (руск. Агния Барто, нар. 17 лютага 1906), руская савецкая пісьменніца, кінасцэнарыст, аўтар вершаў для дзяцей. Большасць яе вершаў — для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Яе стыль вельмі лёгкі, вершы проста чытаць і завучваць на памяць.